Вы тут

Творы нямецкіх мастакоў Эрнста Барлаха і Кетэ Кольвіц у Мінску


Яркай мастацкай падзеяй восені стаў міжнародны праект «Эрнст Барлах — Кетэ Кольвіц. Пераадольваючы існаванне» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Творы двух знакамітых нямецкіх творцаў першай паловы дваццатага стагоддзя Эрнста Барлаха і Кетэ Кольвіц прадстаўлены ў Мінску ўпершыню. Экспазіцыя складаецца з 200 твораў скульптуры і графікі (малюнкі, гравюры) з калекцыі Інстытута міжнародных адносін Штутгарта, музеяў Эрнста Барлаха ў Ратцэбургу і Ведэлі, а таксама з прыватных збораў Германіі. Экспанаты выстаўкі знаёмяць з асноўнымі этапамі творчага шляху мастакоў у перыяд з 1890 па 1945 год.


 Праект падзелены на тры часткі. Пры ўваходзе ў галерэйную прастору глядач сутыкаецца з ранняй скульптурай мастакоў і інфармацыяй, што дазваляе глыбей пазнаёміцца з асобамі творцаў і зразумець мастацкую сувязь Кольвіц і Барлаха. Далей глядач трапляе ў прастору, дзе прадстаўлена вялікая скульптура жабрака, якая характарызуе ўсю творчасць Эрнста Барлаха. У апошняй зале творы мастакоў размеркаваныя па перыядах.

— І творчы, і чалавечы лёс абодвух мастакоў быў вельмі складаны. У 1933 годзе, пасля прыходу фашызму, творчасць аўтараў падпала пад катэгорыю дэгератыўнага, або, як казалі тады, антыкласічнага мастацтва, — расказвае куратар выстаўкі з боку Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Святлана Пракоф’ева. — Барлаха і Кольвіц змушалі спыніць творчасць. Першапачаткова ціск на мастакоў быў тактоўным, але пасля ім забаранілі весці любую творчую дзейнасць увогуле, што для мастака азначае смерць асобы. У той час абодва аўтары былі немаладыя, але ўжо асобы ў мастацтве, таму адчувальна ставіліся да таго, што адбываецца навокал. Творы Барлаха і Кольвіц канфіскоўвалі з карцінных галерэй і часткова ліквідавалі. Кетэ Кольвіц заўсёды казала, што, калі да яе ў дом прыйдзе гестапа, у яе заўсёды ёсць ампула з атрутай. Гэта пазіцыя паказвае, на якія ахвяры маглі ісці людзі, толькі каб спыніць жах, які адбываўся навокал.

Барлах

Прастора экспазіцыі твораў Эрнста Барлаха арганізавана такім чынам, што, гуляючы па выстаўцы, глядач увесь час натыкаецца на скульптурныя дамінанты: руская серыя, кампазіцыі дваццатых гадоў альбо кампазіцыі, якія суправаджаюць пэўныя графічныя серыі. Гэта дае магчымасць атрымаць ўражанні пра выстаўку з пункту гледжання розных часовых перыядаў творчасці аўтара. Арганізатары пастараліся найбольш поўна прадставіць рускую серыю Эрнста Барлаха.

Руская серыя — гэта работы, створаныя ў 1906-м і пасля. У гэты перыяд Барлах па запрашэнні брата прыехаў у Расію і звярнуў увагу на вельмі простыя чалавечыя вобразы. Яны ўразілі яго настолькі, што ён рабіў замалёўкі людзей, сюжэтаў (яны таксама прадстаўлены ў экспазіцыі). Пасля некаторыя замалёўкі былі ўвасоблены ў скульптуры. Адны з самых частых персанажаў, якія сустракаюцца ў рускай серыі, — жабракі. Барлах стараўся паказаць унутраны напор, сацыяльную канстанту, у якой апынуліся гэтыя людзі. З аднаго боку, глядач у яго скульптурах бачыць дынаміку: выгнутыя рухі персанажаў сведчаць пра эмацыянальны стан, і калі глядзіш на іх, складана паверыць, што фігуры застануцца нязменнымі праз пару імгненняў. З іншага боку, мастак паказвае статычнасць жыцця абяздоленых. На думку Барлаха, менавіта гэтыя два станы выяўляюць найважнейшыя якасці чалавечага духу.

Кетэ Кольвіц «Рабочая», 1906 г

Эрнст Барлах у скульптуры эксперыментаваў з рознымі матэрыяламі. Ён вельмі любіў дрэва, але разам з тым пераводзіў скульптуры ў так званы вечны матэрыял — бронзу, рабіў гіпсавыя адлівы. Менавіта гіпсавыя адлівы захаваліся, гэта дало магчымасць ужо пасля вайны, калі вярнулася слава мастакоў, стварыць новыя адлівы знакамітых скульптур майстра.

Кольвіц

На працягу творчага шляху Кетэ Кольвіц вывучала ў творчасці саму сябе. На выстаўцы прадстаўлена серыя аўтапартрэтаў мастачкі. Кольвіц за жыццё стварыла больш за 90 аўтапартрэтаў у розных тэхніках жывапісу: літаграфіі, афорты і ксілаграфіі. На выстаўцы прадстаўлена толькі каля 20 партрэтаў.

— Ствараючы экспазіцыю, мы хацелі максімальна шырока прадставіць мастакоў, паказаць розныя бакі іх жыцця, паказаць іх глыбокае стаўленне не толькі да людзей, але і да сябе, — падкрэсліла Святлана Пракоф’ева. — У самым эпіцэнтры экспазіцыі прадстаўлены скульптурны аўтапартрэт Кетэ Кольвіц, выкананы ёю самой у бронзе, а праз яго адкрываецца прамая лінія да яшчэ аднаго партрэта Кольвіц, які выпадкова стварыў Эрнст Барлах. Гэта знакамітая скульптура, якая стала візітоўкай праекта. Яна самая вядомая ў творчасці мастака. Ён займаўся стварэннем помніка, прысвечанага памяці загінулым у Першай сусветнай вайне, стварыў анёла і абсалютна выпадкова надаў скульптуры партрэтныя рысы Кетэ Кольвіц.

Адна з самых важных серый работ Кольвіц — ранні цыкл твораў «Паўстанне ткачоў», у якім ідзе зварот да тэхнік літаграфіі і афорта. Менавіта ў гэтай серыі яна заяўляе пра сябе як пра мастачку-рэвалюцыянерку. Пачынае знаходзіць вобразы, да якіх пасля будзе звяртацца цягам жыцця. На выстаўцы работы гэтай серыі прадстаўлены ў храналагічнай паслядоўнасці, яны дэманструюць, як тонка аўтар адчувала псіхалагізм простага чалавека.

— Кольвіц была жонкай лекара, які абслугоўваў рабочы клас, таму часта мела зносіны з простымі людзьмі, — расказвае Святлана Пракоф’ева. — Будучы чалавекам чуллівым і ўважлівым, яна брала актыўны ўдзел у жыцці гэтых людзей, спрабавала іх падтрымаць не толькі маральна, але і матэрыяльна, ведала, якую патрэбу яны адчуваюць. Гэтыя веды ў далейшым адбіліся ў творчасці. Яна старалася звярнуць увагу гледача на велізарны пласт чалавечага грамадства, які фарміруецца па-за прынцыпамі вышэйшага грамадства. Кольвіц часта мела зносіны з жанчынамі, вобразы якіх ляглі ў аснову партрэтаў. Усе падзеі, якія перажывала аўтар, усе гістарычныя сюжэты, праз якія яна праходзіла, перадавала праз вобраз жанчыны. На яе партрэтах няма прыгажунь: мастачка лічыла, што прыгажосць не візуальны, а ўнутраны фактар.

Серыя «Сялянская вайна» Кетэ Кольвіц — адна з самых знакамітых у творчасці мастачкі. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што нават калі б захавалася толькі гэтая серыя, Кольвіц толькі дзякуючы ёй была б прызнаная вялікай мастачкай. Над ёй яна працавала досыць доўга. Творы пісаліся ў розныя перыяды часу. Першы ліст серыі называецца «Араты». Менавіта дзякуючы яму глядач бачыць, як мянялася мастачка і яе погляды. Таксама ў аснове серыі ёсць графічны ліст «Згвалтаваная». Гэта тэма не была новая для мастацтва пачатку дваццатага стагоддзя, але Кольвіц вырашыла яе па-свойму: яна адлюстравала жанчыну, якая, нягледзячы на жорсткасць сітуацыі, апынаецца ў атачэнні квітнеючага саду. Мастачка заўсёды пазбягала лішніх дэталяў, а ў гэтым выпадку, наадварот, падкрэслівае іх, ствараючы драматычны кантраст паміж эмацыянальным складнікам і безуважнасцю навакольнага свету.

Эрнст Барлах «Жабрак», 1930 г.

У гісторыі Сялянскай вайны знакамітай асобай з’яўляецца Ганна Чорная — жанчына, якая выклікала паўстанне. Кетэ Кольвіц ілюструе магутны вобраз гераіні, але ў адным успаміне яна напісала, што ў постаць гэтай жанчыны яна ўклала яшчэ і свой вобраз. Таму невыпадкова глядач бачыць фігуру толькі са спіны. Мастачка не дае магчымасці ўбачыць твар, каб не было прамых асацыяцый.

— Кольвіц заўсёды змагалася за справядлівасць тымі сродкамі, якія былі ёй даступныя. Яна хутка рэагавала на падзеі, якія адбываліся з ёй, — адзначае Святлана Пракоф’ева. — Калі пачаўся голад у Вене, яна стварыла плакат у падтрымку дзяцей Вены, у 1921 годзе пачаўся голад у Расіі, і ў гэтым пытанні яна таксама не засталася безуважлівай. Выйшаў закон аб абортах — Кольвіц у момант зрэагавала, падрыхтаваўшы плакат. Яе плакатная дзейнасць і тыражная графіка ўплывалі на вырашэнне глабальных праблем. Наклад плакатаў прадаваўся, а атрыманыя грошы ішлі на канкрэтныя гуманітарныя мэты.

У 1914 годзе старэйшы сын Кольвіц сышоў добраахвотна на вайну, хоць і не падлягаў мабілізацыі. Сама мастачка ўзяла ўдзел у тым, каб сын адправіўся ваяваць, яна верыла, што гэта вызваленчая барацьба, і хацела дапамагчы. Праз месяц пасля сыходу яе сын загінуў. Праз некаторы час трагізм маці, якая страціла дзіця, узмацніўся трагізмам чалавека, які разумее, наколькі міфічныя былі надзеі, звязаныя з вайной. Толькі ў 1920 годзе Кетэ Кольвіц апублікавала серыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне, выкананую ў тэхніцы ксілаграфіі. У яе аўтар уклала толькі адзін пасыл — жаданне мірнага існавання. У аснове сюжэтаў глядач бачыць маці, якая трымае на руках цела мёртвага сына, галодных і знясіленых вязняў. Працуючы над надмагільным помнікам сыну, які пасля стаў помнікам для ўсіх загінулых салдат у Першай сусветнай вайне, мастачка распрацавала кампазіцыю, перадаўшы смутак ад страты бацькі і маці.

Тэма смерці вельмі шчыльна ўпісалася ў творчасць мастачкі. На выстаўцы прадстаўлена серыя работ, у якіх смерць — галоўная гераіня, абрастае рознымі абставінамі і сэнсамі. Глядач можа бачыць смерць, якая забірае дзяцей, забірае жанчыну, смерць вясковую і смерць, якая падыходзіць да самой мастачкі. Гэта было яе ўласнае прадчуванне…

Сувязь

Хоць творчасць Барлаха і Кольвіц была вельмі падобная, творцы ніколі не былі сябрамі. Яны былі паплечнікамі. Кольвіц паважала Барлаха за мастацкую моц, якую ён выказваў у творах. Паколькі Барлах быў драматургам і яго творы ставілі на сцэнах нямецкіх тэатраў, Кольвіц прысутнічала на многіх пастаноўках, а потым вярталася дадому і пісала ў дзённіку: «Як шкада, што Барлах — не я». Яна захаплялася яго талентам. Мастачка наведала дом Барлаха толькі аднойчы — у 1937 годзе, калі мастак памёр. Кольвіц прыехала на яго пахаванне. Пасля развітання яна задумала кампазіцыю, прысвечаную майстру, якую стварала на працягу некалькіх гадоў. Менавіта рэльеф мастачкі, прысвечаны Эрнсту Барлаху, завяршае выстаўку.

Сама Кетэ Кольвіц памерла ў красавіку 1945 года, крыху не дажыўшы да перамогі. У чэрвені яна павінна была адзначыць юбілей. У газетах і часопісах з’яўляліся артыкулы, дзе адзначаўся талент мастачкі, і толькі праз два тыдні быў надрукаваны некралог.

Пасля перамогі імёны мастакоў былі рэабілітаваныя і іх выстаўкі з вялікім поспехам праходзілі не толькі ў Германіі, але і па ўсёй Еўропе, у 1970 годзе адбылася маштабная выстаўка Барлаха ў СССР.

— Гэтыя мастакі былі запатрабаваныя не толькі раней, але і цяпер, таму што ў іх творчасці адгукаюцца падзеі сённяшняга дня, — падкрэслівае Святлана Пракоф’ева. — Згадайце хаця б пра падзеі ва Украіне, на Блізкім Усходзе альбо тэракты ў Еўропе. Тэма выклікае боль, як тады, так і цяпер. Мы не можам казаць пра тое, што мастакі прадчувалі падзеі, але дакладна папярэджвалі, што трэба ісці іншым шляхам.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?