Вы тут

Вытокі коласаўскай драматургічнай плыні


Працэс станаўлення нацыянальнага тэатра на пачатку ХХ ст. неад’емны ад творчага генія Коласа. Першыя пакаленні прафесійных беларускіх артыстаў і рэжысёраў выхаваны непасрэдна на коласаўскай літаратуры.


Смольня — філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Паспрабуем прасачыць працэс станаўлення Коласа-драматурга ад самага пачатку, з дзіцячых і юнацкіх гадоў, абагульніць факты, якія сведчаць пра шляхі пісьменніка да сцэнічнага мастацтва.

Кастусь Міцкевіч запомніў сябе ў дзяцінстве з побыту сям’і на трэцім месцы службы бацькі Міхала Казіміравіча, у Ластку (або Сухошчыне), аддаленым хутары на Стаўбцоўшчыне. У хаце Міцкевічаў начавалі розныя людзі: сваякі-сяляне, леснікі, аб’ездчыкі, сярод якіх трапляліся цудоўныя апавядальнікі, жартаўнікі, сатырыкі. Малы Кастусь слухаў іх і адкрываў новае, нязведанае пра жыццё за межамі хутара.

У 1890 г. Міхал Казіміравіч атрымаў перавод па службе ў леснічоўку Альбуць. Тут сям’я пражыла 12 гадоў. Росквіту таленту хлопчыка спрыяла дзіўная нёманская прырода, цікаўнасць да яе праяў, назіранне за зменамі пораў года. Гэта пазнанне сусвету было арганічна звязана з пасільнай сялянскай працай: работай у двары, на лузе, у полі, зборам ягад і грыбоў, лоўляй рыбы ў Нёмане, выпасам хатняй жывёлы. У леснічоўку Альбуць, што знаходзілася непадалёку ад бойкага Кацярынінскага тракту, заходзіла шмат людзей. Пазней Якуб Колас пісаў у аўтабіяграфіі ў 1926 г.: «Многа рознага люду паперабывала ў нашай хаце. Нямоўчныя, цікавыя гутаркі новых людзей пашыралі мой запас ведаў аб людзях і жыцці і далі мне багаты матэрыял для назірання».

У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі пачаў праяўляцца не толькі паэтычны талент Кастуся, а і талент дэкламатара, апавядальніка. Кастусь ведаў шмат апавяданняў, анекдотаў з сялянскага жыцця (пачутае, увабранае на хутарах у дзяцінстве) і на працягу чатырох семінарскіх гадоў забаўляў сваіх сяброў у вольныя хвіліны. Паэтычнае і артыстычнае ішло поруч. Дазволю не пагадзіцца з ацэнкамі некаторых даследчыкаў жыцця і творчасці песняра наконт таго, што ў маладыя гады Якуб Колас не меў магчымасці пазнаёміцца з тэатральным мастацтвам. У семінарыях ставіліся спектаклі, ладзіліся літаратурныя вечарыны.

Соф’я Сяргееўна Шамардзіна (1894 — 1980), ураджэнка Нясвіжа, бацькі якой сябравалі з сям’ёй Льва Кляменцьевіча Лычкоўскага, выкладчыка матэматыкі і фізікі, класнага кіраўніка будучага пісьменніка, пісала ва ўспамінах, што ў Нясвіжскай семінарыі «глядзела першы ў сваім жыцці спектакль “Недоросль”. Можа, у пастаноўцы яго прымаў удзел і будучы Якуб Колас — мужчынскія і жаночыя ролі выконвалі хлопчыкі». Цікавасць уяўляе яшчэ адзін эпізод з яе ўспамінаў. Соф’я Шамардзіна ў дзяцінстве летавала ў вёсцы Паласня ў старым ксяндзоўскім доме. Вёска знаходзіцца паблізу ад Мікалаеўшчыны, на левым беразе ракі Нёман. Аднойчы, падчас канікул, Соф’я, яе брат, сястра і двое дзяцей Л. К. Лычкоўскага паставілі «Жаніцьбу» М. Гогаля. Паглядзець пастаноўку прыйшоў і семінарыст Кастусь Міцкевіч. Ён быў упэўнены, «што ўбачыць сур’ёзную спробу асветніцкай работы ў вёсцы», але быў расчараваны, таму што гэта была аматарская дзіцячая забава.

Не раз Кастусь Міцкевіч выступаў на семінарскіх вечарах у якасці акцёра і дэкламатара. На мерапрыемствы запрашаліся прадстаўнікі гарадскога кіраўніцтва, пошты, выкладчыкі вучылішчаў і самой семінарыі, афіцэры мясцовай артылерыйскай брыгады з сем’ямі. Аднойчы на такой вечарыне Кастусь Міцкевіч быў адзеты селянінам з-пад Глуска. Другі раз ён чытаў сваю паэму «Страх» па-беларуску; іншым разам дэкламаваў вершы, апавяданні, жарты. У аўтабіяграфіі 1926 г. Якуб Колас паведаміў, што на гэтых вечарынах «меў надзвычайны поспех і сярод таварышаў, і настаўнікаў, і гарадской публікі, дзе было многа афіцэраў».

21 лютага 1902 г. у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ўрачыста адзначылі 50-годдзе з дня смерці Мікалая Гогаля. З выкананых вучнямі нумароў дэкламавання, спеваў і музыкі прысутным асабліва спадабаўся ў тым ліку і прысвечаны М. Гогалю верш семінарыста Кастуся Міцкевіча. Пра гэта сведчаць архіўная крыніца (З жыццяпісу Якуба Коласа : дакументы і матэрыялы / укл. Г. В. Кісялёў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1982. — С. 68) і ўспаміны Міхаіла Пальчэўскага (Пальчэўскі, М. Гэта не забываецца / М. Пальчэўскі // У сэрцы народным (жыццё і творчасць Якуба Коласа) : зборнік; рэд. С. Х. Александровіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — С. 178). Праграма ўрачыстасці была зацверджана 8 лютага, у той дзень памёр бацька Кастуся — Міхал Казіміравіч Міцкевіч. Пасля пахавання бацькі і смутку на сэрцы выступаць перад вялікай аўдыторыяй, відаць, далося Кастусю няпроста, але, як сапраўдны артыст, ён справіўся з хваляваннем.

Семінарскі перыяд жыцця Якуба Коласа адзначаны не толькі спробамі і пачаткам вершаскладання (у тым ліку і па-беларуску), але і цікавасцю ў зародкавым стане да тэатральнага дзейства, акцёрскага майстэрства і мастацкай дэкламацыі, што сведчыць пра паэтычную і артыстычную натуру падлетка.

Пасля таго, як Якубу Коласу ўдалося атрымаць афіцыйны дазвол паліцыі на знаходжанне ў Вільні, ён вярнуўся ў рэдакцыю «Нашай нівы». Прыгадаем фотапаштоўку віленскага перыяду, на якой 24-гадовы Канстанцін Міцкевіч жартаўліва танцуе з адным з сяброў-знаёмых (гл. «Маладосць», 2015, № 11, с. 3 — 6). Малады, абаяльны, вясёлы, з іскрынкамі гумару ў вачах чалавек з разуменнем ставіўся да свайго становішча «агарка» — выкінутага з жыцця чалавека, — шукаў шляхі для пераадолення няўзгод. Вільня, культурная сталіца Паўночна-Заходняга краю, жывіла маладога паэта, адукоўвала, падаравала яму новых знаёмых і сяброў. Яшчэ ўлетку ў рэдакцыі «Нашай нівы» з Якубам Коласам пазнаёмілася маладая настаўніца Аляксандра Георгіеўна Рамановіч (1885 — 1964, у дзявоцтве Зотава). Маладыя людзі пасябравалі, на працягу 10 гадоў перапісваліся, зрэдку сустракаліся. А. Г. Рамановіч (Зотава) пакінула невялікія па колькасці старонак, але вельмі цікавыя ўспаміны, дзе найбольшае месца адведзена сумеснай з Коласам паездцы ў снежні 1907 г. на Каляды ў Санкт-Пецярбург. Спадарожніца паэта паклапацілася наконт памяшкання ў Санкт-Пецярбургу, дзе змог прыпыніцца Якуб Колас на 4 дні, паколькі рэгістрацыя ў гатэлі пагражала яму непрыемнасцямі, па загадзе паліцыі ён не мог пакідаць Вільню.

Няшмат вядома пра першую паездку Якуба Коласа ў паўночную сталіцу, але тое, што пакінула ва ўспамінах Аляксандра Георгіеўна, стварае агульную карціну пецярбургскага падарожжа. У ім выразна праглядаецца культурна-асветніцкая мэта. Маладыя людзі хадзілі ў музеі, напрыклад, заалагічны, аглядалі архітэктурныя шэдэўры горада. Не абыходзілася без жартаў і прыгод, да таго ж было вельмі халоднае надвор’е. Кожны дзень, як успамінала А. Г. Рамановіч (Зотава), яны бывалі ў Народным доме.

Што ж з сябе ўяўляў Народны дом? Агульнадаступная культурна-асветніцкая ўстанова. Самы вялікі ў царскай Расіі Народны дом імператара Мікалая ІІ адкрыўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1900 г. у Аляксандраўскім парку. У ім былі вялікія тэатральныя залы, бібліятэка-чытальня, класы для заняткаў спевамі і ігрой на народных інструментах, абсерваторыя, гімнастычная зала, сталовыя. Спектаклі ішлі кожны дзень, на працягу ўсяго года ў тэатры працавалі дзве трупы — драматычная і оперная, выступалі вядомыя артысты.

З успамінаў А. Г. Рамановіч (Зотавай): «Раніцамі мы спатыкаліся на дамоўленым месцы, у якім-небудзь музеі, які аглядалі; пасля абедалі ў Народным доме. Пасля абеду аглядалі горад; два разы былі ў оперы Народнага дома. Раз бясплатна, на балконе, як людзі, каторыя наведваюць Народны дом. У густым натоўпе цяжка было што-небудзь бачыць і чуць. Таму другі раз ужо з платнымі білетамі ў партэры слухалі оперу “Русалка”» [6, с. 170]. Першы паход у тэатр, як відаць з цытаты, не задаволіў паэта і яго спадарожніцу. Колас цікавіўся ўсім тэатральным дзействам: пастаноўкай, выкананнем роляў прафесійнымі артыстамі, дэкарацыямі. Нягледзячы на тое, што ў партэр білеты каштавалі не танна, другі раз за чатыры дні знаходжання ў паўночнай сталіцы маладыя настаўнікі слухалі оперу. Безумоўна, і ў гэтым эпізодзе праглядаецца вялікая зацікаўленасць тэатрам будучага песняра.

Для даведкі: будынак Народнага дома згарэў у 1932 г., цяпер на яго месцы знаходзіцца тэатр «Балтыйскі дом» і побач Санкт-Пецярбургскі Мюзік-хол (Петраградскі бок, Аляксандраўскі парк, 4).

Пасля незабыўнай першай паездкі ў СанктПецярбург цікавасць Якуба Коласа да тэатра ўзнавілася толькі праз чатыры гады. Следства, суд, турма, першыя месяцы пошукаў сябе і свайго месца ў паслятурэмным жыцці, паглыбленне ў творчы працэс, які стаўся паратункам ад безвыходнасці, вызначалі колы жыцця самога паэта.

Зімою 1912 г. па запрашэнні рэдакцыі газеты «Наша ніва» Якуб Колас прыехаў у Вільню. 2 лютага Канстанцін Міхайлавіч глядзеў у тэатры п’есужарт украінскага пісьменніка і драматурга Марка Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні». Гэта была пастаноўка Беларускага музычна-драматычнага гуртка (Вільня, 1911 — 1916), дырыжыраваў Людамір Міхал Рагоўскі. Цяпер на сцэне Коласу «давялося ўгледзець беларуса першы раз».

Спачатку Коласу-гледачу хацелася забыцца, што ён у тэатры, абстрагавацца, заняць нейкую адлегласць, такі астравок, дзе можна было ўявіць усё ўбачанае на сцэне, як у жыцці, каб зразумець, ці здольны беларус да тэатра. З першых жа слоў артыстаў страх і сумненне паэта развеяліся. Ён з вялікай асалодай глядзеў і ўспрымаў спектакль. У нашаніўскай карэспандэнцыі «Беларускі вечар у Вільні 2 лютага», што была надрукавана праз два тыдні пасля прагляду спектакля, Якуб Колас пісаў: «Тэатр страшэнна зацікавіў мяне, і ў ім я пачуў вялікую сілу падняцця народнага духу і яго гонару, і нішто, як ён, не можа зрабіць столькі для адраджэння Беларусі». Асэнсоўваючы ўбачанае, шкадаванне паэта выклікала толькі адсутнасць менавіта беларускіх п’ес, жартаў, сцэнак у рэпертуары.

Для Коласа-пісьменніка адкрылася нераспрацаваная дзялянка, нават поле дзейнасці — драматургія. З таго часу ён не пакідаў думкі паспрабаваць свае літаратурныя сілы на тэатральнай ніве. Праз год пісьменнік паведамляў у адным з лістоў у рэдакцыю «Нашай нівы», да В. Ю. Ластоўскага: «Калі буду мець час, пастараюся напісаць якую-небудзь камедыю».

Тэатр захапіў Якуба Коласа, але бурлівае жыццё ўносіла свае карэктывы: войны, адарванасць ад Беларусі. Якуб Колас як стваральнік неўміручых паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», аўтабіяграфічнай трылогіі «На ростанях» і іншых твораў, думаецца, мацнейшы за Коласа-драматурга. Але так склалася.

Многім сцэнічным задумам песняра не суджана было збыцца, хаця першыя п’есы «Антось Лата» і «На дарозе жыцця» ў 1917 — 1920 гг. ставіліся як прафесійнымі трупамі, так і аматарскімі калектывамі. Не знайшла свайго сцэнічнага ўвасаблення п’еса Якуба Коласа «Забастоўшчыкі» пра нелегальны настаўніцкі з’езд, удзельнікам якога быў яе аўтар. Якуб Колас не паспеў ажыццявіць яшчэ даваенную мару напісаць п’есу пра Крычаўскае сялянскае паўстанне 1740-х гадоў.

Якуб Колас напісаў пяць п’ес («Антось Лата», «На дарозе жыцця», «Забастоўшчыкі», «Вайна вайне», «У пушчах Палесся»), але спектаклямі сталі многія паэтычныя і празаічныя творы песняра. Гэта драматычныя і оперныя пастаноўкі, радыё-, тэле-, відэакампазіцыі, а таксама пастаноўкі самадзейных народных калектываў па творах Якуба Коласа. Рэжысёры і акцёры бачаць у творах песняра невычэрпнае драматургічнае багацце, моўную крыніцу, глыбокі нацыянальны каларыт.

Вера МІЦКЕВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.