Вы тут

Нясвіжскі сябар Якуба Коласа


3 лістапада адзначаецца 135 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Мінуў 61 год, як не стала народнага паэта Беларусі. Здаецца, знайсці нешта новае, дагэтуль невядомае даследчыкам коласавай спадчыны амаль немагчыма. Аднак час ад часу трапляюцца вельмі цікавыя знаходкі, якія адкрываюць новыя старонкі жыцця і творчасці Якуба Коласа...


Марыя Міцкевіч і Лідзія Шацірышвілі ў музеі Якуба Коласа

Так здарылася, што ў Мінску, дзякуючы Згуртаванню беларусаў свету «Бацькаўшчына», сустрэліся дзве ўнучкі таленавітых сыноў Беларусі — Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа, і Лідзія Шацірышвілі (у дзявоцтве Лярская), унучка заслужанага настаўніка БССР Яўгена Васільевіча Астроўскага. Ужо доўгі час Лідзія жыве ў Грузіі, прыязджае ў Беларусь даволі рэдка, каб наведаць сваіх родных. Сустрэча адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, дзе на адным з мерапрыемстваў Лідзія Шацірышвілі паказала кнігу Якуба Коласа «На прасторах жыцця» з дарчым надпісам паэта яе дзеду: «Дарагому Аўгэну Васільевічу Астроўскаму на памяць аб Нясвіжскай семінарыі ад Якуба Коласа. 9. І. 1929 г.». У 2017 годзе Лідзія Шацірышвілі, параіўшыся са сваякамі, вырашыла перадаць кнігу ў фонды музея Якуба Коласа. Яна папоўніла калекцыю «Кнігі з дарчымі надпісамі паэта». У фондах музея захоўваецца толькі 16 кніг з дарчымі аўтографамі паэта, якія былі падараваны Якубам Коласам у 1920-я гг. Знайсці адну з такіх кніг сёння, праз 90 год, якая добра захавалася і не згінула ў часы Вялікай Айчыннай вайны, і сапраўды падарунак лёсу.

Што ж звязвала Якуба Коласа і Яўгена Астроўскага? Пазнаёміліся яны падчас навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, вучыліся на адным курсе. Аб’ядноўваў іх аднолькавы сацыяльны статус — абодва былі са шматдзетных сем’яў беззямельных сялян, абодва імкнуліся да ведаў, хацелі атрымаць адукацыю, абодва скончылі семінарыю, сталі настаўнікамі. Адзначым, што Яўген Астроўскі скончыў яшчэ і Віленскі ўніверсітэт і пачаў выкладаць матэматыку і фізіку. Працаваў у Відзах, затым разам з сям’ёй перабраўся ў Журавічы за 35 км ад Рагачова. Па ўспамінах дачкі Астроўскага, Ларысы Яўгенаўны, пра яе бацьку як настаўніка хадзілі добрыя чуткі, яна памятае, як нейкія людзі, што перапытвалі дарогу, дазнаўшыся, што яны ў Журавічах, сказалі: «А, ведаем, гэта там, дзе Астроўскі настаўнікам». Таленавітым педагогам быў і Якуб Колас, пра што сведчаць шматлікія ўспаміны яго ўдзячных вучняў. Так, Хведар Жураўлёў, які вучыўся ў Якуба Коласа ў прыватнай беларускай школе ў вёсцы Сані, успамінаў: «…проста сорамна было быць дрэннымі вучнямі ў такога добрага настаўніка, якім з’яўляўся Канстанцін Міхайлавіч… Больш за ўсё мы любілі нашага настаўніка за тое, што ён ніколі не сварыўся на нас, быў справядлівы, патрабавальны і вельмі ласкавы...».

Яўген Васільевіч Астроўскі — студэнт Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.

Сустракаліся Якуб Колас і Яўген Астроўскі і пасля заканчэння семінарыі. Кніга з дарчым надпісам нагадвае пра адну з такіх сустрэч. Па ўспамінах дачкі Астроўскага Ларысы Яўгенаўны, яе бацьку яшчэ да вайны прысвоілі званне заслужанага настаўніка БССР, ён атрымаў ганаровую грамату і пасведчанне пад нумарам 1. Пасля атрымання звання Астроўскі на радасцях купіў 3 кілаграмы селядца. Але жонка сказала, што ён купіў замнога, і не ведае, што з ім рабіць. Тады Астроўскі ўзяў некалькі селядцоў і пайшоў да Коласа, добра пасядзелі, пагутарылі, успомнілі былыя часы за чаркай гарэлкі з добрай закуссю. Цікава, што жонка Яўгена Астроўскага Лідзія Феафілаўна, як і жонка Якуба Коласа Марыя Дзмітрыеўна, былі настаўніцамі пачатковых класаў.

У даваенны час Колас і Астроўскі любілі хадзіць адзін да аднаго ў госці, падоўгу размаўлялі, дзяліліся планамі. Дачка Астроўскага Ларыса ганарылася, што бацька сябруе з чалавекам, чыю творчасць яны вывучаюць у школе.

Падчас вайны абодва настаўнікі страцілі членаў сваіх сем’яў. На трэці дзень руска-фінскай вайны загінуў сын Астроўскага Анатоль, таленавіты матэматык. Яўген Васільевіч так перажываў, што пайшоў з дому ў лес, узяўшы толькі стрэльбу, яго не было цэлы тыдзень. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ад сям’і Астроўскага з васьмі чалавек засталася толькі палова: выжылі ён сам, жонка і дзве дачкі — Ларыса і Тамара. А Якуб Колас страціў свайго сярэдняга сына Юрыя, а ў хуткім часе пасля перамогі з жыцця пайшла жонка Якуба Коласа Марыя Дзмірыеўна, яго лепшы сябар і дарадца.

Дачка Астроўскага Ларыса Яўгенаўна выйшла замуж за Пятра Аляксеевіча Лярскага, вядомага географа, навукоўца, заснавальніка беларускага прыродазнаўства. Па яго падручніках па геаграфіі, краязнаўстве і прыродазнаўстве вучыліся школьнікі і студэнты СССР і БССР. Якуба Коласа ён бачыў на адной з літаратурных сустрэч, вельмі любіў яго творчасць і часта падчас лекцый цытаваў. Пасля смерці Яўгена Васільевіча Астроўскага (памёр 15 красавіка 1965 года ў Журавічах) кніга з аўтографам Якуба Коласа беражліва захоўвалася ў сям’і Лярскіх.

Васіліна МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?