Вы тут

Краіна песняра


Сёння Беларусь адзначае 135-годдзе з дня нараджэння народнага паэта


На плошчы Якуба Коласа ў Мінску

У творах, якія пакінуў нашчадкам Пясняр, — гісторыя нашага краю, нацыянальны каларыт, душа беларускага народа. Памяць пра народнага паэта Беларусі жыве, ідзе далей з пакалення ў пакаленне, прыхавалася ў навуковых артыкулах, глядзіць на нас са старонак кніг, чакае гледачоў у будынках тэатраў. Але час ніколі не прыпыняе сваю хаду і нікога не шкадуе. Мы ўсё далей і далей ад эпохі Коласа, і, здаецца, з кожным годам усё цяжэй уявіць жыццё такім, якім яно засталося ў прозе і паэзіі Песняра. Што змянілася? Ці здзейсніліся ўсе яго мары? Цяпер, падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Якуба Коласа, у нас ёсць магчымасць звязаць сучаснасць і мінуўшчыну. Звязаць на ўсіх узроўнях і для ўсіх людзей: творчая спадчына літаратара настолькі шматгранная, што засяродзіць увагу толькі на адным з яе аспектаў было б недапушчальна.

Усебаковы агляд літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа прапанавала ХХХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Каласавіны-2017». Асоба Песняра дасюль надзвычай цікавая для даследаванняў і абмеркаванняў не толькі сярод беларускіх навукоўцаў, але і літаратуразнаўцаў з Расіі, Украіны і Літвы. Сёлета «Каласавіны» адзначаныя запамінальнай імпрэзай: перад пачаткам канферэнцыі ў святочнай атмасферы пагасілі паштовую марку, выпуск якой быў прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта.

Народнасць яго — у памкненнях, тэмах, скіраванасці ў будучыню. Менавіта таму мастком, што злучыў пакаленні, стала імпрэза для дзяцей у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Разам з сучаснымі беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі на ранішніку «Казкі жыцця» школьнікі чыталі на памяць вершы Песняра, а таксама гулялі ў беларускія народныя гульні.

У мемарыяльнай сядзібе Якуба Коласа «Альбуць».

Сёння ў Малой зале Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі святочны канцэрт «Спяшайцеся з паэтам стрэцца…» правядзе актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Юлія Шпілеўская. У канцэрце возьмуць удзел лепшыя мастацкія калектывы і выканаўцы краіны, віншаванні прамовяць адмыслова запрошаныя ганаровыя госці. Акцэнтам імпрэзы стане выступ Дзяржаўнага камернага хору, які выканае ўрыўкі з новага музычнага спектакля Ларысы Сімаковіч «Плошча Якуба Коласа». Па сакрэце кажуць, што мерапрыемства не абыдзецца без Песняра: артысты ўвасобяць на сцэне ўспаміны з дзённікаў Якуба Коласа. Адразу пасля канцэрта запрашаюць на ўскладанне кветак да помніка на плошчы Якуба Коласа, дзе неабыякавых да славутага беларуса сустрэне ганаровая варта і духавы аркестр.

Пасля цырымоніі аматары творчасці Песняра выправяцца ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, дзе пачнецца Міжнародны круглы стол з перакладчыкамі твораў народнага паэта Беларусі на мовы свету. Сярод пачэсных гасцей — прадстаўнікі Францыі, а таксама пісьменнікі з Санкт-Пецярбурга, якія ўпершыню цалкам пераклалі на рускую мову паэму «Сымон-музыка». У суботу можна будзе традыцыйна прайсціся шляхамі Коласа па яго малой радзіме: у Стаўбцоўскім раёне (філіял «Мікалаеўшчына») зладзяць рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «То — водгулле душы паэта…» з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі краіны. У праграме — вандроўка па мемарыяльных аб’ектах: Акінчыцы, Альбуць, Смольня. На месцах гасцей сустрэнуць выступы мастацкіх калектываў Стаўбцоўшчыны, кірмашы з народнымі вырабамі, а таксама экскурсіі па музейных месцах. Завершыцца свята ў Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры, дзе перад гасцямі выступяць вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры» ды артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа горада Віцебска. Хочацца верыць, што ўдзел у святкаванні возьмуць не толькі літаратары, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, артысты ды мастакі, але і звычайныя беларусы — тыя, дзеля каго жыў і працаваў Пясняр.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.