Вы тут

Спадчына Міхася Мялешкі: архіўная, сямейная, духоўная


Сляды рэпрэсаванага беларускага гісторыка, краязнаўца, этнографа, архівіста Міхася Мялешкі і яго сям’і на доўгія дзесяцігоддзі згубіліся ў Самары, куды ён быў высланы пасля арышту па так званай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і куды за ім паехала неўзабаве жонка Валянціна з пяцігадовай дачкой Люсяй. Толькі ў 1997 годзе — праз год пасля пераезду сям’і ў Пецярбург (запыты ў розныя ўстановы Самары сталіся безвыніковымі) — беларускі гісторык-архівіст Віталь Скалабан адшукаў па адраснай кнізе дачку М. Мялешкі Людмілу Сакалову. У выніку плённага супрацоўніцтва ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва пачала фарміравацца калекцыя дакументаў Міхася Мялешкі, а сувязь падтрымлівала дырэктар архіва Ганна Запартыка. Сувязь раптоўна абарвалася ў 2008 годзе, калі Людміла Сакалова памерла. Аднак праз два гады яе дачка Наталля Спічко, разбіраючы архіў маці, знайшла канверты з мінскім адрасам, і стасункі аднавіліся.


Іван Спічко, Ганна Запартыка, Наталля Спічко, Віктар Скорабагатаў, Васіль Спічко.

Сёлета нашчадкі беларускага архівіста — унучка Наталля з мужам і сынам — упершыню наведалі беларускую сталіцу, каб узяць удзел у ХVІІ Узвышаўскіх чытаннях, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння Міхася Мялешкі, урачыстае адкрыццё якіх адбылося ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Нам удалося пагутарыць з захавальніцай сямейнага архіва ўнучкай Наталляй — светлым, разважлівым і адораным чалавекам. Наталля ніколі не бачыла свайго дзеда, бо нарадзілася праз шмат гадоў пасля яго смерці. Аднак падчас размовы з ёй у гэта немагчыма паверыць: Наталля паўтарае дзедавы жыццёвыя запаветы так, нібыта чула іх з яго вуснаў, распавядае дэталі арышту так, нібыта сама была сведкай…

Дзед

— Як і многія іншыя, Міхась Мялешка быў цвёрда перакананы, што гэтае непаразуменне — несправядлівы арышт — неўзабаве вырашыцца, і ўся сям’я, як і раней, будзе жыць у мінскай кватэры. Аднак бабуля Валянціна Віктараўна (у дзявоцтве — Тамкавід) прадчувала бяду, калі перад высылкай мужа ў Самару прыводзіла пад турэмныя паўпадвальныя вокны маленькую дачку — развітацца. Ім дазволілі такое «развітанне»: некалькі разоў прайсціся ля турэмных вокнаў, адкуль дзед мог іх бачыць. Без слоў, без жэстаў і лішніх рухаў. Ці трэба казаць, што крокі іх былі няспешнымі?

Мой дзед быў чалавекам з моцнай воляй і добрым сэрцам. Ужо будучы смяротна хворым (сухоты і рак), ён падтрымліваў, падбадзёрваў бабулю, як толькі мог. Напраўду толькі тое, што каханая жонка і дачушка былі побач, надавала яму сілы жыць.

Дзеда сапраўды вызвалілі ў 1935 годзе, і да паўторнага арышту ў 1938-м сям’я атрымала магчымасць жыць разам — наталяцца драбнюсенькімі крышачкамі шчасця… Былы палітвязень Міхась Мялешка не мог уладкавацца на працу — паўсюль адмаўлялі. Таму бабуля, якая працавала выхавацелькай у дзіцячым доме, заставалася адзіным кармільцам.

Аднак дзядуля не аддаваўся бяздзейснаму адчаю, нават у такой сітуацыі працягваў этнаграфічныя экспедыцыі ў самарскія ваколіцы. Вядома, ён разумеў, што не атрымае ні ўзнагароджання, ні прызнання, і ўвогуле не мог быць упэўнены ў тым, што запісы захаваюцца. «Чалавек павінен быць добрым прафесіяналам, служыць свайму Божаму дару, свайму прыроджанаму таленту і пастаянна развіваць, удасканальваць яго», — так часта паўтараў. Ён не быў азлоблены. Спакутаваны, абяссілены, але не азлоблены. Зноў жа з яго запаветаў: «Чалавецтва дзеліцца на людзей і нелюдзяў. Трэба да ўсіх найперш ставіцца як да людзей і не замыкацца ў злобе і роспачы, а ісці ў свет, шукаць духоўнае святло. Тады абавязкова знойдзеш водгук».

У 1938 годзе Міхася Мялешку арыштавалі паўторна, у 1941 годзе ён сканаў. Быў рэабілітаваны: у 1957 годзе ў Беларусі па першым прысудзе, у 1962 годзе ў Самары — па другім. Магіла Міхася Мялешкі не захавалася. Жонка і дачка ніколі не былі на яго магіле, нават не ведалі, дзе ён пахаваны.

— Гэта быў наказ дзеда: не хадзіце да магілы, не рызыкуйце сваім жыццём і свабодай. Выпадкі, калі сваякі памерлага або расстралянага вязня прыходзілі на магілу і знікалі без вестак, сапраўды былі. Ён сказаў перад сконам бабулі: «Мая душа — на радзіме, у Беларусі, а цела — проста абалонка, не так важна, дзе яго закапаюць».

Міхась Мялешка.

Бабуля

— Мая бабуля Валянціна Віктараўна паходзіць з даўняга шляхецкага роду Кладніцкіх. Яе маці Аляксандра Антонаўна скончыла Варшаўскую кансерваторыю і перадала свой талент дачцэ, сама вучыла яе іграць на фартэпіяна. Гэтая традыцыя стала перадавалася ў нашай сям’і па жаночай лініі.

У мінскай кватэры на вуліцы Беларускай, дзе жыла сям’я Мялешкаў, вечарамі часта збіраліся госці: Луцэвічы, Міцкевічы, Жылуновічы… Абменьваліся думкамі, навінамі ў сферы навукі, культуры, літаратуры. На такіх вечарах заўсёды гучала музыка ў выкананні Валянціны Мялешкі — і творы сусветнай музычнай класікі, і беларускія народныя мелодыі.

Пасля арышту і высылкі многія знаёмыя раілі бабулі вырачыся рэпрэсаванага мужа, узяць развод і пастарацца ўладкаваць сваё жыццё — выйсці другі раз замуж, змяніць прозвішча. Але яна гэтага не зрабіла. Калі давялося вызваляць кватэру, Валянціна Віктараўна ўзяла сабе дзве рэчы: наша хатняе фартэпіяна, каб мець магчымасць навучаць дачку, і партрэт дзеда работы мінскага мастака Я. Кругера (ён і цяпер захоўваецца ў сям’і — у нашай піцерскай кватэры). Вельмі шкадавала бабуля страчаную бібліятэку, бо ў дзеда быў найбагацейшы кнігазбор, у тым ліку і рэдкія старажытныя фаліянты. Цешыць думка, што бібліятэка не была знішчана, што хаця б часткамі захавалася недзе ў свеце і служыць людзям.

Так сталася, што мяне амаль з калыскі выхоўвала бабуля. А яна размаўляла са мной на беларускай і польскай мовах, я ведала шмат польскіх і беларускіх вершаў, прыпевак, песенек, прымавак. Гэта не было праблемай, пакуль я не пайшла ў першы клас. У школе мяне сустрэлі больш нават з неразуменнем, чым з недаверам. У першы ж дзень настаўніца пайшла са мной дадому і доўга размаўляла з бабуляй. Пра што канкрэтна, я не ведаю, бабуля ніколі не расказвала. Аднак пасля гэтага папрасіла больш размаўляць па-руску.

Бабуля Валянціна была зламаная горам і перажытам страхам (за лёс сям’і і мужа, якога маглі расстраляць), была моцна напужаная. Ды так, што нават забылася дзень свайго нараджэння, толькі памятала пра сакавік 1902 года. Але, як ні дзіўна, мяне яна выхоўвала моцнай, смелай, актыўнай. Заўсёды паўтарала: не бойся жыцця, рухайся наперад, адстойвай сваю правату! Гэта дапамагло мне дасягнуць у жыцці ўсяго, што маю.

У падлеткавым узросце я сама пачала цікавіцца лёсам дзядулі. Многае мне расказвалі, многае даведалася з турэмных лістоў і паштовак. «Прымаю смерць як збавенне ад кашмарнага жыцця» — так пісаў дзед з турмы незадоўга да скону. Мяне вельмі балюча ўразілі гэтыя радкі: якія пакуты мусіў перажываць чалавек!..

Мама

— Сваё імя мама атрымала ад Янкі Купалы. Больш за тыдзень пасля нараджэння яна не мела імені: перабіралі розныя варыянты. Нехта прапаноўваў назваць дзяўчынку Кларай у гонар Клары Цэткін, нехта — Акцябрынай, бо нарадзілася ў кастрычніку… Потым з камандзіроўкі вярнуўся Купала, разам з Уладзіславай Францаўнай завітаў у адведкі. Ён зазірнуў у калыску, убачыў адкрыты светлы твар і выгукнуў: «Што тут думаць, гэта ж Людміла — людзям мілая!»

Падчас арышту і вобшуку ў кватэры пляжылася ўсё, што магло пакінуць памяць пра чалавека. Садралі са сцяны нават дыплом з Парыжскай этнагарафічнай выстаўкі, які дзед атрымаў за рэканструкцыю беларускай сялянскай хаты, з дакладным увасабленнем начыння: ад мэблі і драўлянага посуду да вышыванак і жаночых упрыгожанняў. Што не знішчылі, канфіскавалі. Аднак фотаздымкі захаваліся!

Гісторыя неверагодная. Маленькая Люся любіла разглядаць татавы здымкі, таму многія апынуліся ў скрынках з цацкамі. Некаторыя — у дзіцячым ложачку, пад матрасам, куды іх прыхоўвала дзяўчынка. Вось так ацалелі здымкі, якія складаюць каштоўную частку дзедавага архіва.

Аднойчы мама сказала мне: «Не думай, што дзядуля згінуў праз палітычнае абвінавачванне, рэпрэсіі. Справа ў людзях, дакладней, у тых, каго ён называў нелюдзямі. Пачуццё зайздрасці такое, што праз нейкую драбязу яны могуць загубіць чалавека». Міхасю Мялешку — паспяховаму навукоўцу, разумнаму ды адукаванаму чалавеку, у якога была цудоўная сям’я ды яшчэ і пяціпакаёвая кватэра, — пазайздросцілі! Дастаткова было аднаго даносу.

Добрая кватэра, як бы дзіка гэта ні гучала, сапраўды была адной з прычын арыштаў, высылак і расстрэлаў. Даводзілася чуць, колькі трагічных гісторый было ў Ленінградзе менавіта праз вялікую кватэру, дзе на сценах віселі арыгіналы шэдэўраў жывапісу. Бацькоў — на расстрэл, дзяцей — у дзіцячы дом, прычым калі дзяцей было некалькі, іх абавязкова раздзялялі, давалі іншыя імёны і прозвішчы. Трагедыя нашай сям’і — не адзінкавы выпадак, а тое, што адбывалася з тысячамі сем’яў…

Сустрэча ў творчасці

— Мы з дзядулем сустрэліся ў творчасці. Калі разбіралі з мамай яго архіў, знайшлі фальклорныя запісы, сабраныя ў самарскіх ваколіцах. Ён запісваў пачутыя ў народзе прымаўкі, песні, вершы. Але запісваў у празаічнай форме, проста перадаваў сюжэт. Я надала гісторыям вершаваную форму і стварыла вакальны цыкл «Самарский туесок» («туесок» — скарбоначка, куфэрак). Наўдачу, не маючы знаёмых, якія б маглі падтрымаць, адправіла ў Маскву — знакамітаму дырыжору, народнаму артысту СССР Мікалаю Някрасаву. І ён зацікавіўся. Урэшце 29 верасня 1989 года «Самарский туесок» прагучаў на першым канале ўсесаюзнага радыё ў выкананні народнага артыста СССР Артура Эйзена.

***

Наталля Спічко даўно пакутуе ад сезоннай алергіі, аднак са здзіўленнем адзначыла, што ў Мінску алергія не праявіла сябе ні разу. «Мабыць, гэта паветра далёкай радзімы так дабратворна паўплывала», — жартуе яна.

Наталля, Васіль і Іван Спічко — цікавая сям’я. Вельмі цёплыя, прыязныя стасункі, любоў і павага адно да аднаго — у кожным слове і жэсце. Акрамя сямейных, іх злучаюць і вельмі моцныя творчыя повязі. Наталля — канцэртмайстар, кампазітар, аўтар музычных рэдакцый чатырох балетаў: «Лаўрэнсія» Аляксандра Крэйна; «Полымя Парыжа» Барыса Асаф’ева; легендарны «Карсар», «Папялушка» Сяргея Пракоф’ева. Заслужаны артыст Расіі Васіль Спічко і яго сын Іван — салісты Міхайлаўскага тэатра. Разам яны ладзяць канцэртныя вытупы ў Доме вучоных на Дварцовай набярэжнай.

Галоўныя запаветы Міхася Мялешкі — быць прафесіяналам, служыць таленту, які даў табе Бог, і напаўняць стасункі з людзьмі духоўным святлом — напоўніцу адлюстроўваюць асабістае і прафесійнае жыццё сям’і Спічко. Так у спадчыну перадаецца самы каштоўны скарб.

Падрыхтавала Жана КАПУСТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».