Вы тут

З 4 лістапада можна паляваць на вавёрку, куніцу і андатру


З 4 лістапада (першай суботы месяца) пашыраецца пералік дазволеных спосабаў і прылад палявання на зайцоў (паляванне на зайца-русака і зайца-беляка з дыпламаванымі гончымі сабакамі стартавала ў Беларусі з 7 кастрычніка), а пералік дазволеных да здабычы пушных паляўнічых жывёл дапаўняецца вавёркай, лясной і каменнай куніцай, амерыканскай норкай, андатрай і лясным тхаром.


Паляванне на зайца-русака і зайца-беляка дазваляецца ў светлы час сутак як зброевым, так і бяззброевым спосабам. Зброевая здабыча дазволена з засады, з падыходу, загонам. Дапускаецца выкарыстанне гладкаствольнай паляўнічай зброі з патронамі з дробам, а таксама паляўнічых сабак усіх парод, пры бяззброевым паляванні — хартоў і лоўчых птушак.

Зброевае паляванне на вавёрку, лясную і каменную куніцу, амерыканскую норку, андатру, ляснога тхара дазволена ў светлы час сутак з падыходу, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі. Дазволенымі прыладамі зброевага палявання з'яўляюцца гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы з патронамі з дробам, наразная паляўнічая зброя калібру 5,6 міліметра, паляўнічая пнеўматычная зброя з дульнай энергіяй звыш 7,5 джоўля, але не больш за 25 джоўляў, а таксама паляўнічыя сабакі — усе пароды, акрамя ганчакоў і хартоў. Пры бяззброевым паляванні дазваляецца выкарыстоўваць капканы №0—3, пасткі (апроч петляў).

Паляванне на зайца-русака, зайца-беляка, вавёрку, лясную і каменную куніцу і ляснога тхара, а таксама зброевае паляванне на амерыканскую норку і андатру працягнецца да 28 студзеня 2018 года (апошняя нядзеля месяца). Бяззброевае паляванне на амерыканскую норку і андатру будзе дазволена па 31 сакавіка наступнага года.

Як заўважылі ў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, найбольш папулярнымі аб'ектамі зброевага палявання з'яўляюцца заяц-русак і ліса, бяззброевага — лясная куніца.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: У лістападзе — паляванне на пушніну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?