Вы тут

Як зрабіць сад устойлівым да хвароб?


Чаму ў адных растуць буйныя яблыкі, а ў вас на такім жа сорце — драбяза? Кусты чорных парэчак не даюць ягад? Суніцы буйна цвітуць, а ўраджаю няма? Сярод лета ў зялёным садзе груша стаіць з чырвонай лістотай, гіне? Усё гэта можа сведчыць пра хваробы раслін. Але такіх праблем можна пазбегнуць, калі набываць пасадачны матэрыял, аздароўлены ад вірусных і бактэрыяльных патагенаў. Атрымаць падобныя саджанцы можна ў культуры іn vіtro.


— Сёння некаторыя спажыўцы культуру іn vіtro звязваюць з геннамадэфікаваным матэрыялам. Маўляў, калі расліна з прабіркі, нешта тут нячыста. Насамрэч тут няма нічога агульнага, — расказвае загадчык аддзела біятэхналогіі Інстытута пладаводства Наталля Кухарчык. — Мы нічога не мяняем, проста вырошчваем расліны такімі, якія яны ёсць. Так, можна пасадзіць чаранок у полі, і з пупышкі, что знаходзіцца ў пазусе ліста, пойдзе парастак. А мы працуем з той жа самай вегетатыўнай пупышкай. У ёй пад мікраскопам выдзяляем раставы конус — мерыстэму (яна вельмі маленькая — некалькі міліметраў) і садзім у прабірку. Як будзе развівацца расліна, залежыць ад таго, якія хімічныя рэчывы нальём у пажыўнае асяроддзе. Яна можа расці ўверх, даваць карані, атожылкі ці нават зацвісці ў прабірцы. Гэта лабараторная праца, стэрыльная, асяроддзі цалкам штучныя, і таму матэрыял атрымліваецца дастаткова дарагі. У прабірках мы вырошчваем суніцы, парэчкі чорныя, чырвоныя і белыя, маліну летнюю і рэмантантную, ажыны, буякі, брусніцы, журавіны, бружмель, вінаград, а таксама прышчэпы пладовых культур. Наша асноўная мэта — дыягностыка на вірусы, знаходжанне здаровых ці лячэнне хворых раслін і атрыманне пасадачнага матэрыялу, які не змяшчае вірусаў. У культуры іn vіtro ёсць яшчэ адзін цудоўны плюс — каэфіцыент размнажэння. Калі з адной расліны суніц можна атрымаць 10—20 вусоў за сезон (з некаторых сартоў 30), тут некалькі дзясяткаў тысяч (тэарэтычна, хоць мільён), і ўсе будуць добрыя, жыццяздольныя і абсалютна ідэнтычныя адзін аднаму. У адной прабірцы можа быць адначасова 30 і болей раслін.

— Парасткі раслін, атрыманых з прабіркі, таксама захоўваюць усе асаблівасці сорта?

— Культура іn vіtro дазваляе ўсё вырошчваць на сваіх каранях без прышчэплівання. Зараз мы так размнажаем вішні і слівы. Раней у бабуль у вёсках раслі коранеўласныя вішні, праўда, ягады на іх былі кіслыя. Зараз мы добрыя сарты, у тым ліку найноўшай селекцыі, размнажаем на сваіх каранях, без прышчэпы, любыя парасткі будуць тым жа сортам.

— Якія перавагі ў саджанцаў з прабіркі?

— Гэта здаровы матэрыял. Праблема ў тым, што расліны размнажаюцца вегетатыўным шляхам, мы іх рэжам, прышчэпліваем, чаранкуем, бяром вусы. Так перадаюцца ўсе хваробы (бактэрыяльныя, вірусныя, фітаплазменныя), якія назапасіліся ў раслін. Напрыклад, на ўчастку ў нас растуць парэчкі, куст дрэнна пладаносіць, затое ён прыгожы, вялікі, зялёны, і мы бяром з яго чаранкі. Але так мы толькі размнажаем хворыя расліны. У парэчак ёсць хвароба, якая прыводзіць да бясплоддзя. Расліна можа цудоўна расці, а ягад не дае. Часам падобныя кусты людзі пакідаюць як жывую агароджу, а гэта крыніца інфекцый для суседніх садоў. Напрыклад, пупышкавы клешч можа пераносіць вірусы з парэчак — і на раслінах мяняюцца форма ліста і нават пах.

На рынку часта бачу: прадаюць прыгожую, шыкоўную расаду. На наступны год яе прывозяць да нас: кветаносы стаяць шапачкай, і толькі ягад пасля з іх не бывае. Магутная, вялікая расада, як правіла, тая, што не пладаносіць.

— Лета і восень былі даждлівыя. Ці адбілася гэта на раслінах?

— Гэта лета садзейнічала развіццю вірусных захворванняў таму, што было не столькі вільготным, колькі халодным. Пры высокіх тэмпературах вірусы не развіваюцца. І ў гэтым годзе вылезлі ўсе хваробы. Але ёсць адзін станоўчы момант: калі актыўна развіваюцца вірусы, як правіла, відаць іх сімптомы. А яны вельмі характэрныя: жоўтыя плямы, некратычныя, каравыя лісты, няправільнай формы ліставая пласцінка, могуць быць змены памеру ліста. Звярніце ўвагу на клубніку, калі на ёй пара вялікіх лістоў і вельмі многа дробных. На парэчках у гэтым годзе вельмі добра відаць рэверсію і іншыя хваробы.

— Ці існуюць сарты, устойлівыя да хвароб?

— Сартоў, устойлівых да yсіх вірусных хвароб, у прынцыпе не існуе. Вірус — гэта не грыбны патаген, які жыве звонку, не бактэрыя, якая сасуды баразніць так, што расліна гіне. Мы маем справу з пэўнай колькасцю хвароб, якія жывуць унутры клетак, ніякімі хімічнымі апрацоўкамі ці іншымі захадамі ў садзе вылечыць расліны нельга. Можна толькі дыягнаставаць, якія з раслін здаровыя, і размнажаць іх. Гэта асноўны метад, які выкарыстоўваецца ва ўсім свеце.

— Калі ў садзе ёсць хваробы, ці ёсць сэнс там садзіць здаровыя саджанцы?

— Тут важная жорсткая абарона саду. Вірусы бегаць не ўмеюць. Такія хваробы пераносяцца насякомымі (тля, клешч, цыкадкі, мядзяніцы і іншыя) і чалавекам (калі з секатарам прайсціся пасля хворых раслін па здаровых). Напрыклад, вірусы і фітаплазмы пераносяцца сокам раслін. Некаторыя вірусы пераносяцца пылком і насеннем, асабліва на маліне. Так, калі вы пасадзіце здаровую маліну ў заражаны маліннік, любы апыляльнік (пчала, муха) перанясе вірусы.

— Атрымліваецца, каб мець здаровы сад, неабходна змагацца са шкоднікамі?

— Калі расліны добра абараняеш, яны растуць дзясяткамі гадоў і не заражаюцца. З іншага боку, калі вірус і «прыляцеў», напрыклад, на вашы клубніцы, ён не размнажаецца імгненна, вы можаце паспець некалькі разоў сабраць ураджай, а пасля раскарчаваць матачнік, памяняць на добры матэрыял.

Наша лабараторыя працуе на вытворчасць здаровага матэрыялу з 1998 года. Упершыню ў Беларусі мы пачалі праводзіць тэсціраванне пладовых і ягадных культур на наяўнасць вірусаў. З тых часоў не толькі вырошчваем усе віды пладовых і ягадных культур, а памянялі нават стандарты на пасадачны матэрыял. Калі раней ён быў толькі візуальна здаровы, то цяпер у нас ужо ёсць тэсціраваны на вірус. Практычна па ўсіх культурах ужо вызначана, якія хваробы самыя шкодныя, і атрыманы расліны свабодныя ад іх.

— Саджанцы, атрыманыя з прабіркі, даволі дарагія, але наколькі яны акупаюцца?

— Гэта тэхналогія акупаецца за кошт ураджаяў і не толькі. У Германіі мы наведвалі цэнтр, дзе сады высаджваюцца на адным і тым жа месцы многа гадоў. І фермер нават не шукае новыя землі, бо ўраджайнасць стабільная на працягу ўсяго плоданашэння, таму што сад перашапачаткова здаровы і ён добра абараняецца. У нас сады пастаянна пераносяцца на новыя ўчасткі; адна з прычын таго, што зямля становіцца непрыдатнай — назапашванне хвароб. Думаю, што ў будучыні з абмежаваннем плошчаў прыйдзецца думаць аб гэтым.

— Калі сад быў заражаны, на колькі гадоў «выбывае» зямля?

— Вірус не пераносіцца зямлёй. Але расліны, якія захварэлі на вірус, спажываюць значна больш элементаў харчавання з глебы, таму што ім трэба карміць і сябе, і сваю хваробу. Мы праводзілі даследаванне: пасадзілі ў адным і тым жа месцы здаровую і хворую расліны. Хворая на 50—70 працэнтаў болей спажывала азоту, фосфару, калію.

— А людзі думаюць, што, калі расліну добра падкарміць, яна будзе больш устойлівая да хвароб...

— Я кажу не пра грыбныя захворванні ці шкоднікаў (там зусім іншая сістэма), а пра вірусныя і фітаплазменныя хваробы, якія не лечацца. Тут мы кормім не расліну, а яе ўнутраныя хваробы. Чалавеку, калі ён хварэе, не хочацца есці, арганізм сам падказвае. Тое ж і ў раслін.

— Ці стала павялічвацца колькасць захворванняў? Усё ж сёння многія аматары пачалі заказваць саджанцы праз інтэрнэт.

— Сапраўды павялічыўся абмен пасадачным матэрыялам, людзі шмат падарожнічаюць і імкнуцца нешта прывезці ў кішэнях. Але ж у такім выпадку ігнаруюцца ўсе каранцінныя мерапрыемствы, і гэта можа павялічваць колькасць хвароб. Не спяшайцеся заказваць і незнаёмыя кветкі ў сад. Вельмі многа агульных хвароб у кветкавых, агародных культур з пладовымі. Набывайце саджанцы ў праверанага вытворцы, прасіце дакументы. Напрыклад, ёсць людзі, якія прыязджаюць да нас за саджанцамі клубніц ужо на працягу 20 гадоў, бо бачаць, якая можа быць розніца, наколькі лепшы ўраджай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сад з прабіркі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».