Вы тут

Да старту зімовай Алімпіяды застаецца менш за 100 дзён


Як рыхтуюцца нашы спартсмены і арганізатары да гэтай падзеі.

У Гульнях-2018 у карэйскім Пхёнчхане прымуць удзел каля 2,5 тысячы спартсменаў, гэта прадстаўнікі 90 краін. У 15 відах спорту з 9 па 25 лютага яны разыграюць 102 камплекты алімпійскіх узнагарод.


Беларускія спартсмены зараз уступаюць у заключную фазу падрыхтоўкі, у якой завершыцца адбор на Гульні і канчаткова сфарміруецца склад дэлегацыі. Намеснік міністра спорту і турызму краіны, шэф місіі беларускай каманды на XXІІІ зімовых Алімпійскіх гульнях Аляксандр Бараўля запэўнівае, што падрыхтоўка спартсменаў праходзіць без зрываў і па вызначаным плане.

— Адборачныя спаборніцтвы завершацца 22 студзеня, тады мы дакладна будзем разумець, якая колькасць нашых спартсменаў прыме ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Зараз падрыхтоўку да гэтага турніру вядуць 45 кандыдатаў па такіх відах спорту, як біятлон, фрыстайл, канькабежны спорт, шорт-трэк, гарналыжны спорт і лыжныя гонкі, — расказвае Аляксандр Іванавіч.

З упэўненасцю можна казаць пра тое, што ў Беларусі сёння ёсць 10 алімпійскіх ліцэнзій у біятлоне (5 жаночых і 5 мужчынскіх), па рэйтынгу на Гульні праходзяць 5 фрыстайлістаў, плануецца, што 1—2 алімпійскія пропускі заваююць беларусы ў шорт-трэку, 2 у гарналыжным спорце, 4—6 у лыжных гонках і 2—4 ліцэнзіі ў канькабежным спорце. На жаль, мы не ўбачым сваіх прадстаўнікоў у фігурным катанні, снаўбордзе і хакеі.

— Тая планка, якую паставілі нашы спартсмены ў Сочы, вельмі высокая, але сёння мы зыходзім з тых магчымасцяў спартсменаў і праведзенай імі работы, што маем на дадзены момант. Кожны будзе старацца паказаць свой найлепшы вынік. Безумоўна, калі гаварыць пра медалі, мы спадзяёмся на каманду па біятлоне і фрыстайле. Назіраем станоўчую дынаміку вынікаў у канькабежным спорце, маем шэраг вопытных спартсменаў у лыжных гонках, можа быць, сёння не гаворым пра ўзнагароды, але тое, што яны пакажуць свае максімальныя вынікі, упэўненыя, — адзначае Аляксандр Бараўля.

— Арганізатары са свайго боку робяць усё магчымае, каб Алімпійскія гульні прайшлі паспяхова. Аб'екты ўжо гатовыя да правядзення спаборніцтваў, заканчваецца будаўніцтва чыгуначнай веткі, якая звяжа аэрапорт Сеула з Пхёнчханам, — расказвае начальнік аддзела міжнародных адносін Нацыянальнага алімпійскага камітэта, намеснік шэфа місіі беларускай каманды Васіль Юрчык. — Вялікая ўвага арганізатарамі ўдзяляецца пытанням бяспекі, усе ведаюць, што становішча на Карэйскім паўвостраве няпростае. Нядаўна адбыўся брыфінг на гэтую тэму, у мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх нацыянальных алімпійскіх камітэтаў.

Плануецца, што першая беларуская група адправіцца ў Пхёнчхан 27 студзеня, алімпійская вёска адкрыецца 1 лютага, у гэты ж дзень спартсмены і трэнеры змогуць пачаць засяленне. Гэта значыць, што апошні этап падрыхтоўкі атлеты змогуць правесці непасрэдна на саміх алімпійскіх аб'ектах.

— Для таго каб спартсмен заваяваў алімпійскі медаль, павінны сысціся ўсе зоркі. Поспех складаецца з мноства дробязяў — арганізацыя праезду, харчаванне, адпачынак. Мы пастараемся зрабіць усё, каб спартсмен быў настроены толькі на сваё выступленне і змог паказаць найлепшы вынік, — адзначае Васіль Юрчык.

Адно пытанне застаецца адкрытым: ці шмат беларускіх аматараў спорту змогуць дабрацца да Пхёнчхана? Гэта не населены пункт, а рэгіён, гарналыжны курорт, дзе не так шмат гатэляў, а вакол яго няма вялікіх гарадоў, таму ўзнікае вялікая праблема з месцамі пражывання для турыстаў падчас гульняў.

У тэму

Урачыстая цырымонія перадачы агню зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года адбылася ў Афінах на стадыёне «Панацінаікас». На ёй прысутнічалі кіраўнік аргкамітэта Гульняў Лі Хі Бом, прэзідэнт Грэцыі Пракопіс Паўлопулас і кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Грэцыі Спірас Капралас.

«Алімпійскія гульні ўпершыню прайшлі ў 776 годзе да нашай эры, але і ў 2017 годзе яны працягваюць заставацца наймацнейшым выражэннем дружбы, высакароднасці і справядлівасці для людзей ва ўсім свеце, — сказаў Спірас Капралас. — Алімпійскі агонь — гэта сімвал традыцый і каштоўнасцяў алімпійскага руху, сімвал міру ва ўсім свеце. Мы спадзяёмся, што эстафета алімпійскага агню пакажа, што спорт можа несці мір і рабіць свет лепшым».

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».