23 Май, серада

Вы тут

Знайсці працу ў вёсцы лягчэй прадпрымальным


У Быхаве прайшоў выніковы кірмаш рэгіянальных ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця.

Апошнія гады ў сельскай мясцовасці мацнее рух па выхаванні ў насельніцтва прадпрымальніцкай жылкі. Гэтым займаюцца ўсе — мясцовыя ўлады, дэпутаты, грамадскія арганізацыі, міжнародныя фонды. І поспехі ёсць. Усё болей чалавек знаходзіць сабе прымяненне і працу менавіта дзякуючы лакальным ініцыятывам. І гэта асабліва бачна на такіх вось мерапрыемствах. У Быхаў прыехалі аўтары як ужо «раскручаных» праектаў, так і пачаткоўцы, дэпутаты, эксперты, спонсары, усе, каму цікава займацца чымсьці новым і перспектыўным.


Ра­ман Мель­ні­каў: «Бу­ду­чае — за крэ­а­тыў­най эка­но­мі­кай».

Некалькі гадоў таму «МС» пісала пра поспехі краснапольскіх жыхароў у асваенні праекта «Зялёная эканоміка саду для адраджэння вёскі (дрэвы супраць беднасці і дэградацыі зямлі)». У праекце прыняло ўдзел 40 краснапольскіх сем'яў і Пачапоўская школа. Было прыемна ўбачыць прадстаўнікоў гэтага раёна ў Быхаве на кірмашы ініцыятыў, куды яны прыехалі са сваімі саджанцамі. На базе школы закладзены гадавальнік з 5 тысяч саджанцаў пладова-ягадных культур, нядаўна «асартымент» папоўніўся дэкаратыўнымі кустамі, а ў будучым тут плануюць вырошчваць яшчэ і кветкі.

— Сёлета на продажы саджанцаў мы атрымалі першыя грошы, якія можам патраціць на патрэбы школы і развіццё ініцыятывы, — радуецца дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу ў аграгарадку Пачапы Краснапольскага раёна Валянціна Шапавалава. — Наша ініцыятыва распаўсюдзілася на ўстановы адукацыі ў Клімавічах і Чэрыкаве. Плюс дапамагаем закладваць сад школе ў Казеллі нашага раёна.

Ініцыятыва аказалася карыснай і для насельніцтва. Праект стаў для некаторых сем'яў сродкам для існавання — яны заклалі сады і маюць магчымасць зарабляць грошы на сваёй працы.

Са Слаўгарада на кірмаш прыехала аж некалькі прадстаўнікоў, чые праекты паспяхова рэалізаваліся і развіваюцца далей.

— Цяпер мы не ўпускаем магчымасці паўдзельнічаць у праектах, ведаем, як сябе падаць, і іншых вучым, — кажа дырэктар Слаўгарадскай школы №1 Ігар Кавалёў. — З 2014 года працуе наш цэнтр па энергазберажэнні, дзе адукоўваем дзяцей і, наогул, усё насельніцтва. А яшчэ вучым дарослых камп'ютарнай пісьменнасці, напісанню бізнес-праектаў, ініцыятыў. Цяпер яны таксама ўдзельнічаюць у такіх вось кірмашах.

Разам з дырэктарам школы на кірмаш у якасці валанцёраў прыехалі і вучні — Максім Бандарэнка і Мікіта Гарэлікаў. Прызнаюцца, што з задавальненнем займаюцца папулярызацыяй «школьных» ініцыятыў, не выключна, што калісьці абавязкова паспрабуюць і свае сілы. Галоўнае, што яны ўжо ведаюць, як гэта рабіць.

Не хавалі сваіх поспехаў і слаўгарадскія сыравары. Тамара Цвярдоўская з Рудні, напрыклад, нядаўна рэалізавала праект «Сырная даліна» — побач з яе домам зроблены асобны павільён, дзе яна дэманструе аднавяскоўцам і ўсім ахвотным майстар-класы па прыгатаванні сыроў. Там і конкурсы, і дэгустацыі, і ўрачыстыя прыёмы.

Га­лі­на Та­ран знай­шла сваё пры­зван­не ў сыр­най спра­ве.

Праграма малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду падтрымала адкрыццё ў Слаўгарадскім раёне двух цэнтраў дамашняга сыраварства — у Гіжэнцы і Лясной, дзе будзе створана два міні-цэхі, што дазволіць у некалькі разоў павялічыць выпуск сыроў. У Лясную пераедзе і сырная лаўка са Слаўгарада. «А яшчэ мы закупляем «Купаву» з халадзільным абсталяваннем. Куды нас запросяць, туды і паедзем», — падзялілася радаснай навіной сыравар Галіна Таран. У ініцыятыве прымае ўдзел 14 чалавек, але суполка адкрытая для ўсіх. Трэба толькі мець санкніжку і карову або казу, каб была свая сыравіна. Астатняму навучаць. Галіна Таран, дарэчы, сумяшчае сваю дзейнасць з работай ветурача. Сырамі занялася пасля таго, як пакаштавала дамашні выраб у сяброўкі. Захацелася зрабіць самой. З той пары ўсё больш захапляецца. У гаспадарцы ўжо дзевяць коз. Старэйшы сын, дарэчы, пайшоў па слядах маці — вучыцца на ветэрынара. Зараз непасрэдны памочнік Галіны і, як яна спадзяецца, спадчыннік справы — прыёмны сын Анатоль, якому 12 гадоў.

Слаўгарад наогул першы ў вобласці рэалізаваўся ў сферы прасоўвання ініцыятыў, а цяпер паказвае прыклад іншым. За апошнія некалькі гадоў да «ініцыятыўнага» руху прымкнулі Краснапольскі, Клічаўскі, Чэрыкаўскі і Быхаўскі раёны. На апошнім кірмашы сваё жаданне больш актыўна ўдзельнічаць у прасоўванні ідэй выказалі Крычаўскі і Хоцімскі раёны.

Па­ча­поў­ская шко­ла ўжо за­раб­ляе гро­шы на сва­ім пра­ек­це.

— Апошнія тры гады праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі пачалі актыўна працаваць на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, і гэта толькі радуе, — кажа начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Вольга Яшына. — Дастаткова прыгадаць Хоцімскі раён, дзе за кошт еўрапейскіх грантаў атрымалася рэалізаваць карысную ідэю па ўдасканаленні работы з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Аўтар ініцыятывы Жылкамгас атрымаў 600 тысяч еўра, на якія былі закуплены два аўтамабілі па вывазе смецця, пагрузчык, прэс і кантэйнеры еўрапейскага ўзроўню. Плюс створаны два працоўныя месцы.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці гэты кірмаш рэгіянальных ініцыятыў ужо шосты. Асабліва прадукцыйнымі з іх сталі апошнія тры, лічыць дырэктар Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый Сяргей Тарасюк. Удзел пачалі прымаць не асобныя людзі або арганізацыі, а так званыя мікрарэгіёны (сельсаветы, пасёлкі, вуліцы...) Сёлета ў рамках праекта «Майстэрня мясцовых экалагічных ініцыятыў для развіцця мікрарэгіёнаў» паступіла болей за 40 заявак, з якіх трэцяя частка падтрымана Праграмай малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду — сумамі ў памеры ад 2 да 2,5 тысячы долараў. «Гэта, вядома, невялікія сумы, але дастатковыя для таго, каб людзі пачалі варушыцца, зрабілі першы крок, — кажа Сяргей Тарасюк. — Галоўнае, каб у іх з'явілася жаданне дзейнічаць. А мы дапаможам скаардынаваць ім сваю дзейнасць і стаць на ногі. Нездарма наш кірмаш праводзіцца ў краіне ў рамках тыдняў устойлівага развіцця».

Сярод пастаянных суарганізатараў кірмашоў — старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук.

— Кірмаш — гэта заўсёды завяршэнне нейкага пэўнага этапу, — кажа яна. — Да гэтага вядзецца работа з ініцыятыўнымі групамі, насельніцтвам, вывучаецца патэнцыял мясцовасці, вызначаецца, што на ёй можна рэалізаваць. Потым праводзяцца трэнінгі, вучоба людзей. На кірмашы заўсёды запрашаюцца эксперты, міжнародныя і замежныя арганізацыі, якія падтрымліваюць ініцыятыўных. Летась у Быхаве праводзіўся кірмаш па прадпрымальніцтве, і мы запрашалі супрацоўнікаў банкаў, якія падрабязна кансультавалі, як весці справу, як лепей выкарыстоўваць ініцыятывы. Некаторыя раёны ўсё яшчэ скептычна ставяцца да гэтай дзейнасці. Маўляў, тысяча-дзве долараў — гэта дробязі. Але справа не ў гэтым, а ў тым, што трэба мяняць мысленне людзей, нешта рабіць, да нечага імкнуцца, інакш колькі грошай ні дай, усё можа сысці ў нікуды. А гэта адукацыя, новыя тэхналогіі — без іх развіцця не будзе. Чым больш мы людзей раскруцім, тым хутчэй наша эканоміка стане моцнай.

Менавіта такія мерапрыемствы прымушаюць людзей рухацца і не сядзець на месцы, лічыць старшыня Быхаўскага райсавета дэпутатаў Нэла Шунькіна. А яшчэ змагацца і канкурыраваць, бо нецікавы праект ніколі не будзе мець шанцаў на поспех.

З 21 ра­ё­на Ма­гі­лёў­скай воб­лас­ці ўжо пяць  ак­тыў­на раз­ві­ва­юць пра­ект­ную дзей­насць.

Гэтым разам у Быхаве наогул закранулі не зусім тыповую тэму, звязаную з крэатыўнай эканомікай самазанятасці моладзі.

— Зараз шалі вагаў зрушваюцца ў бок не індустрыяльнага развіцця, а інтэлектуальнага, — кажа дырэктар мясцовага фонду развіцця тэрыторый Быхаўскага раёна Раман Мельнікаў. — Крэатыўную эканоміку можна разглядаць як філасофію, гэта прадпрымальніцтва, заснаванае на творчасці. Творчая моладзь пакуль з'язджае з сельскай мясцовасці, бо тут адсутнічаюць умовы для развіцця іх здольнасцяў, нельга зарабіць на іх. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што крэатыўных людзей хапае ў раёне, але грошы на гэтым робяць адзінкі. Патрэбны спецыялісты, якія дапамогуць моладзі знайсці сябе, новыя праекты, на прыкладзе якіх будзем адукоўваць маладых. Нам неабходна школа трэнерства, дзе будзем вучыць людзей, як развіваць патэнцыял у сферы бізнесу, цэнтр дзіцячай анімацыі, дзе з маленства будзе выпрацоўвацца жаданне тварыць, арт-студыя дамашняга дызайну, якая дапаможа жыхарам займацца рамонтамі, студыя тэатральнай анімацыі, дзе навучаць акцёрскаму майстэрству і гастрольнай дзейнасці, школа ІT-праграмавання, каб моладзь магла самастойна распрацоўваць сайты, ствараць інтэрнэт-старонкі, прасоўваць сябе і сваю справу.

— Вельмі важна зацікавіць людзей развівацца ў гэтым кірунку, — салідарны з ім Сяргей Тарсюк. — З тых пяці раёнаў Магілёўскай вобласці, якія шчыльна з намі працуюць, знойдзецца чалавек 150, якія маглі б рэалізавацца ў гэтай сферы. З іх асноўны даход ад гэтай дзейнасці пакуль маюць 15—20 чалавек. На 80 тысяч насельніцтва гэтых раёнаў вельмі малая лічба. Таму наша задача — неяк падштурхнуць людзей, прымусіць іх пачаць дзейнічаць. Каб у выніку яны змаглі атрымліваць годны заробак. Толькі пасля гэтага мы смела зможам размаўляць пра сіліконавыя даліны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Як вы думаеце, ці шмат страў можна прыгатаваць з буракоў?

Грамадства

Лагеры наводзяць апошні лоск

Лагеры наводзяць апошні лоск

Сярэдні кошт пуцёўкі сёлета — 430 рублёў.

Грамадства

Як на тры гадзіны стаць велабёрдарам

Як на тры гадзіны стаць велабёрдарам

Зусім нядаўна ў Мінску з'явілася ўнікальнае для Беларусі месца — «Горад птушак».

Грамадства

Наколькі Мінск гатовы прымаць усе катэгорыі турыстаў?

Наколькі Мінск гатовы прымаць усе катэгорыі турыстаў?

«Мы нават і не думалі, што існуюць такія праблемы...».