Scripta manent


Супрацоўніцтва Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і выдавецтва «Беларуская навука» заўсёды вельмі плённае. Вынікам яго з’яўляюцца цікавыя шырокаму колу навукоўцаў і даследчыкаў выданні, выкананыя на высокім паліграфічным узроўні. Прапануем вашай увазе новыя кнігі 2017 года.


 «Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына» — зборнік артыкулаў, прысвечаных ураджэнцу Полацка, доктару медыцыны, першадрукару Вялікага Княства Літоўскага, перакладчыку і выдаўцу Бібліі, пісьменніку Францыску Скарыну.

Аўтары артыкулаў прадстаўляюць не толькі розныя краіны, але і розныя галіны гуманітарных ведаў, нацыянальныя і навуковыя школы, розныя падыходы ў даследаваннях. Закранаюцца такія пытанні, як перадумовы дзейнасці Скарыны, мова яго перакладаў кніг Бібліі, значэнне асобных сімвалічных выяў, выкарыстаных друкаром, месцазнаходжанне скарынаўскай друкарні ў Празе, развіццё кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім пасля Францыска Скарыны. Асобныя артыкулы суправаджаюцца каляровымі ілюстрацыямі.

Напрыканцы выдання змешчаны дакументы Цэнтральнага навуковага архіва НАН і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, звязаныя з падрыхтоўкай юбілеяў беларускага кнігадрукавання ў 1925 і ў 1976 гг. Гэта пратаколы пасяджэнняў, справаздачы, лісты ды іншыя дакументы, якія асвятляюць працэс фарміравання культурных практык, звязаных з ушанаваннем асобы Скарыны ў Беларусі.

Чарговы каталог серыі «Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации» адлюстроўвае склад найбагацейшай кніжнай калекцыі князёў Радзівілаў, частка якой захоўваецца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі.

Укладальнікі Аляксандр Сцефановіч і Марына Ліс падрыхтавалі першую з трох запланаваных кніг каталога, прысвечанага заходнееўрапейскім выданням 1831 — 1865 гг. Як і раней, бібліяграфічныя запісы выданняў размешчаны ў алфавітным парадку аўтараў і загалоўкаў. Першая кніга ахоплівае літары «A» — «K» і ўтрымлівае апісанні 270 кніг, сярод якіх аднатомнікі, канвалюты і шматтомныя выданні.

Багаты навукова-даведачны апарат робіць работу з каталогам больш зручнай, а шматлікія каляровыя ілюстрацыі даюць магчымасць пазнаёміцца з мастацтвам паліграфіі сярэдзіны XIX ст.

Каталог зацікавіць супрацоўнікаў бібліятэк і музеяў, кнігазнаўцаў, гісторыкаў, філолагаў і ўсіх, хто неабыякавы да кніжнай культуры і духоўнай спадчыны мінулага.

Каталог «Кириллические издания XVI века» распачаў серыю каталогаў, прысвечаных кніжнай калекцыі кірылічных выданняў з фондаў ЦНБ НАН Беларусі, і ўтрымлівае навуковае апісанне 25 экзэмпляраў 20 выданняў, якія выйшлі з друкарняў Вільні, Заблудава, Масквы і Астрога ў XVI ст. Укладальнік — Алена Цітавец.

Традыцыйна старадрукаваная кніга разглядаецца, з аднаго боку, на узроўні выдання, усім асобнікам якога ўласцівыя агульныя прыкметы; з другога — на ўзроўні асобнага экзэмпляра з яго ўнікальнымі асаблівасцямі, якія даюць багаты матэрыял для даследаванняў.

Навуковае апісанне выданняў утрымлівае наступныя аспекты: выходныя звесткі, фаліяцыя, сігнатуры, арнаментыка, ступень захаванасці асобніка, вадзяныя знакі, выяўленыя на паперы, запісы, чытацкія паметы, пячаткі і штампы (калі яны прысутнічаюць у выданні), мастацкія асаблівасці пераплётаў і інш.

Каталог утрымлівае багаты ілюстрацыйны матэрыял: выявы пераплётаў, фрагментаў тэксту, гравюр, заставак, канцовак, ініцыялаў, узораў уладальніцкіх ды іншых запісаў. У выданне ўключаны таксама слоўнік тэрмінаў, разнастайныя паказальнікі, спісы і альбом арнаментыкі.

Кніга Алены Цітавец «Евангелле 1575 года — помнік славянскага кнігадруку XVI стагоддзя: з электронным дадаткам» прысвечана аднаму з самых прыгожых выданняў славутага беларускага друкара Пятра Цімафеева Мсціслаўца — Евангеллю напрастольнаму, надрукаванаму ў Вільні ў доме Мамонічаў у 1575 г. Мэта даследавання — увесці ў навуковы зварот асобнікі Евангелля з кнігазбору ЦНБ НАН Беларусі. Менавіта на іх засяроджваецца ўвага выдання.

У прадмове распавядаецца пра месца і ролю Евангелля напрастольнага ў жыцці і светапогляд верніка другой паловы XVI ст., адзначаецца каштоўнасць усебаковага даследавання асобнікаў выдання, якія захаваліся.

Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў, якія ўмоўна можна падзяліць на два блокі. Першы з іх прысвечаны постаці друкара Пятра Мсціслаўца, разглядаюцца такія аспекты яго дзейнасці, як пачатак кнігадрукарскай справы, супрацоўніцтва з Іванам Фёдаравым, мастацкія асаблівасці яго выданняў, а таксама напісаныя ім тэксты пасляслоўяў.

У другім блоку прадстаўлена інфармацыя па гістарыяграфіі Евангелля напрастольнага 1575 г., згадваюцца асобнікі выдання, якія выяўлены на сёння ў розных краінах свету, указваецца месца захоўвання асобнікаў у межах Беларусі, пасля чаго ўвазе чытачоў прапануецца поўнае навуковае апісанне двух асобнікаў Евангелля з акадэмічнай бібліятэкі Беларусі.

У дадатку, які змешчаны на кампактдыску, можна азнаёміцца з лічбавымі копіямі гэтых асобнікаў.

Вольга ГУБАНАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.