Вы тут

Зіновій Прыгодзіч пра майстэрства публіцыстыкі


Цікавы пісьменнік, выдатны журналіст, галоўны рэдактар часопіса «Гаспадыня». Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Што яшчэ можна дадаць? На сёння толькі адно: лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Гэтую прэстыжную дзяржаўную адзнаку Зіновію Прыгодзічу прынесла публіцыстыка, выдадзеная асобнай кнігай пад назвай «Постаці: з цэлым народам гутарку весці…». А «ЛіМ» прапануе сваім чытачам гутарку з аўтарам, знаёмства з не менш адмысловай асобай, чым самі героі зборніка.


— Зіновій Кірылавіч, вельмі разумею і прыхільнасць, і рашэнне экспертнага савета па «Постацях»… На мой погляд (погляд журналіста з працяглым досведам працы ў тэматыцы дзяржаўнай палітыкі), гэта дакладна вельмі моцны палітычны ход — паказаць чалавека як асобу і… неасобу, яго каштоўнасць у сусвеце і сусвет яго маленькага атачэння, яго моц і адначасова слабасць, яго і толькі яго разынку… Дык такое ўменне — гэта талент ці праца?

— Вы правільна вызначылі мэту і сэнс маёй працы. Кніга «Постаці» сапраўды задумвалася і стваралася як спроба паказаць нашых знакамітых Творцаў, Падзвіжнікаў нацыянальнай культуры рознабакова і з магчымай паўнатой, раскрыць кожнага з іх як Асобу, як выбітную Постаць. Наколькі ўдалося рэалізаваць гэту задуму — меркаваць не мне.

Пытаецеся, што для гэтага трэба — уменне, талент, праца? Можа, і нясціпла ў адносінах да самога сябе так гаварыць, але адкажу: і першае, і другое, і трэцяе. Асабліва важна апошняе. Здаецца, Гётэ аднойчы сказаў, што поспех літаратара на 90 працэнтаў складаецца з працы.

Перш чым ісці да чалавека, з якім мелася быць размова, я старанна, карпатліва вывучаў усё, што пісалася, гаварылася пра яго раней. Падымаў даўнія і нядаўнія падшыўкі газет, часопісаў, прачытваў кнігі, манаграфіі і іншыя матэрыялы. Усё гэта часам займала не адзін месяц.

Пасля наступаў другі этап падрыхтоўкі — вывучэнне праблематыкі той галіны культуры, у якой працаваў мой будучы герой. Трэба было больш-менш прыстойна ведаць учарашні і сённяшні стан гэтай галіны, каб суразмоўца адчуў, што я магу весці размову калі не на роўных, то ва ўсякім разе ў нечым разбіраюся. А гэта вельмі важна, перш за ўсё для таго, каб устанавіць з героем адпаведны кантакт, выклікаць у яго давер.

Некалі наш знакаміты артыст Мікалай Яроменка-старэйшы расказаў мне такую гісторыю. Яму, як дырэктару Купалаўскага тэатра, звоніць маладая журналістка з адной рэспубліканскай газеты і просіць дазволу на сустрэчу, на інтэрв’ю. «Калі ласка, — адказвае Мікалай Мікалаевіч. — Прыходзьце…» І тут журналістка нечакана пытаецца: «Скажыце, а дзе знаходзіцца ваш тэатр?» Яроменка моўчкі паклаў трубку. Ну, якая можа быць размова з чалавекам, які нават не ведае адрас праслаўленага тэатра!

Павучальная гісторыя. Вось чаму, каб не трапіць у такую непрыемную гісторыю, я заўсёды адказна рыхтаваўся да сустрэчы з кожным сваім суразмоўцам. Прадумваў кірунак, канцэпцыю будучай размовы, кожнае пытанне, стараўся, каб чалавеку было цікава адказваць, думаць, разважаць.

 — Часам назіраю зняважлівае ці, можа, проста павярхоўнае стаўленне да інтэрв’ю як жанру. Набор пытанняў агульным сэнсам «што чуваць?» Вынікам — даволі сумніўнае апраўданне «ён так і гаварыў». А ці так ты пытаўся?.. Над гэтым задумваюцца радзей. Як вы, Зіновій Кірылавіч, ацэньваеце сучасную публіцыстыку? Імёны, творы? Якасць?

— Спачатку два словы пра інтэрв’ю. Вы, напэўна, заўважылі, што ў сённяшніх сродках масавай інфармацыі галоўны жанр — інтэрв’ю. Відаць, маладыя журналісты палічылі, што гэта самы лёгкі, самы даступны жанр. Глыбокая памылка! Інтэрв’ю — жанр вельмі няпросты, а часам і каварны. І я цалкам з вамі згодны, што іншым разам бывае і смешна, і няёмка, калі журналіст апраўдваецца: «А ён так гаварыў…»

Што тычыцца сучаснай публіцыстыкі, то мяне гэты працэс і радуе, і засмучае. Радуе, бо беларуская публіцыстыка за апошнія дзесяцігоддзі зрабіла ў сваім развіцці пэўны крок наперад. Відавочным з’яўляецца больш шырокая тэматыка журналісцкіх твораў. Адсутнасць цэнзуры дала магчымасць пісаць практычна пра ўсё, пачынаючы ад вытворчай тэмы і заканчваючы самай інтымнай.

На нашых вачах адбылася (і працягвае яшчэ адбывацца) эвалюцыя газетных жанраў. Сёння рэдка можна сустрэць у чыстым выглядзе, скажам, артыкул альбо нарыс. Жанры, узаемадзейнічаючы між сабою, набываюць не ўласцівыя ім раней якасці і тым самым узбагачаюцца.

Сённяшняя публіцыстыка вызначаецца ўзрослай інтэлектуальнасцю, большым літаратурным майстэрствам. Непараўнальна пашырыўся спектр выяўленча-стылістычных сродкаў. Мова ў лепшых узорах радуе нязмушанасцю, раскаванасцю, эмацыянальнасцю.

А засмучае вось што. Хаця тэматыка публіцыстычных публікацый у цэлым пашырылася, можна канстатаваць, што журналісты амаль не заўважаюць вельмі важныя аспекты грамадскага жыцця. Напрыклад, станаўленне і развіццё нацыянальнай ідэі, выхаванне патрыятызму, некаторыя нацыянальна-культурныя праблемы. Мала, невыразна пішацца пра такія страшныя беды, як п’янства і наркаманія.

Сучасная публіцыстыка, як ні дзіўна, пачынае губляць свой аналітычны, даследчы пачатак. Усё больш сустракаецца публікацый апісальных, павярхоўных, зробленых па пранцыпе «што бачу, пра тое і пяю».

Звузілася кола яркіх, таленавітых публіцыстаў. Мне не хацелася б называць тут канкрэтныя імёны, каб каго незнарок не пакрыўдзіць. Дый справа не ў імёнах, а ў тэндэнцыі, пра якую я ўжо сказаў.

— Публіцыстыка — журналістыка ці літаратура? Упэўнена, нашаму чытачу будзе цікавы пункт гледжання чалавека з такім імем, як ваша. Дык дзе тая мяжа?

— Што такое публіцыстыка? Некалі выдатны савецкі журналіст Анатоль Аграноўскі на гэты конт выказаўся так: публіцыстыка пачынаецца там, дзе ёсць думка. У прынцыпе гэта правільна, але занадта агульна. Таму вядомы беларускі журналіст, пісьменннік, навуковец Барыс Стральцоў да гэтага дадаў: там, дзе ёсць не толькі думка, але і пачуцці, эмоцыі.

Публіцыстыка — не жанр, як часам некаторыя думаюць, а стан пэўнага тэксту, спосаб даследавання рэчаіснасці. А жанры гэтых тэкстаў могуць быць самыя розныя: і артыкул, і нарыс, і эсэ, І… гутарка.

Так-так, і гутарка! Спашлюся на думку аднаго з самых аўтарытэтных сучасных даследчыкаў — Алеся Карлюкевіча. Вось што ён сказаў пра «Постаці»: «Аўтар змог знайсці такое выкладанне сваім пытанням, такім чынам іх структураваў, што складваецца ўражанне пра жанравую рэалізацыю сінтэтычнага характару… Інтэрв’ю выйшла за межы традыцыйнага інфармацыйнага жанру. Уключыўшы ў тэксты фрагменты рэпартажнага, эсэістычнага, замалёвачнага характару, аўтар выбудаваў гутарку-нарыс. Перад намі кніга высокавартаснай мастацкай публіцыстыкі…»

Прыводжу гэту цытату зусім не для таго, каб пахваліць сябе вуснамі паважанага, аўтарытэтнага чалавека, а толькі дзеля таго, каб паказаць, што публіцыстыка можа быць відам творчай дзейнасці як журналістыкі, так і літаратуры. Усё залежыць ад узроўню аналітычнасці і эмацыяльна-вобразных сродкаў твора.

— Майстэрства слова, майстэрства літары, коскі й кропкі… Падчас працы ў «ЛіМе» на пачатку 2000-х, дзе загадвала аддзелам публіцыстыкі, пашчасціла працаваць побач з выбітнымі творцамі, калегамі па холдынгу, накшталт Таісы Бондар, Міколы Мятліцкага, Раісы Баравіковай, Анатоля Казлова… Шмат творчага плёну прынесла гэтая прыступка… Вось і моцную школу савецкай, самай рознай па тэматыцы, публіцыстыкі многія лічаць дрэннай апрыёры, хаця, бывае, не ведаюць яе зусім!.. Смешна, калі ў публіцысты часам запісваюць чалавека, які здатны без вялікіх памылак напісаць некалькі абзацаў пра імпрэзу… Я — пра пераемнасць пакаленняў у жанры публіцыстыкі. А можа, і не толькі…

— Канешне ж, наша публіцыстыка не можа развівацца ў вакууме. Яна грунтуецца на трывалым падмурку лепшых традыцый, творчага досведу, закладзеным папярэднімі пакаленнямі журналістаў, пісьменнікаў. Пераемнасць — абавязковая ўмова поспеху ў творчасці. Важна, аднак, каб гэтая пераемнасць дапаўнялася пошукам новых выяўленчых сродкаў, якіх патрабуе сённяшняя рэчаіснасць.

Маё суб’ектыўнае ўражанне — сучасная публіцыстыка перажывае перыяд пэўнага зацішша, нейкага ўнутранага асэнсавання. Але хочацца верыць, што ўжо ў найбліжэйшы час з’явяцца новыя яркія творы, у якіх усхваляванае слова аўтара будзе актыўна ўздзейнічаць на розум і пачуцці чытача, натхняць яго, клікаць да дзеяння. А менавіта ў гэтым сэнс і галоўнае прызначэнне сапраўднай публіцыстыкі.

Размову вяла Інеса ПЕТРУСЕВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».