Сёлета Беларусь і Эстонія адзначаюць дваццаць пяць год з пачатку ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Дата стала нагодай для правядзення разнастайных мерапрыемстваў у абедзвюх краінах. Толькі ў кастрычніку ў Мінску адкрыліся два сумесныя беларуска-эстонскія выставачныя праекты. Напрыканцы мінулага тыдня адзін з іх стаў афіцыйнай часткай святкавання. Выстаўка ў Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага атрымала назву «Увесь свет — тэатр».
Выстаўка была арганізавана SED ARTE Gallery (Талін, Эстонія) пры падтрымцы Пасольства Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Эстонскай Рэспубліцы. У экспазіцыі прадстаўлены творы дваццаці трох эстонскіх і трынаццаці беларускіх творцаў. Сярод эстонскіх мастакоў глядач можа ўбачыць работы такіх аўтараў, як Эдуард Зенчык, Дзмітрый і Ніна Дабравольскія, Вера Станішэўская, Уладзімір Аншон і іншыя. Беларускі бок прадстаўляюць майстры Марта Шматава, Валянціна Шоба, Сяргей Грыневіч, Уладзімір Панцялееў, Ілона Касабука…
— Адносіны Эстоніі і Беларусі развіваюцца паспяхова і дынамічна, — падкрэсліла на адкрыцці праекта Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мэрыке Кокаеў. — Мы павінны падтрымліваць адзін аднаго ва ўсіх пачынаннях. Гэтым культурным праектам мы дэманструем не толькі паразуменне і павагу, але і глыбокае сяброўства паміж нашымі краінамі, якое павінна ўмацоўвацца. 25 гадоў — нагода для далейшага развіцця сувязяў не толькі палітычных, але і культурных.
Работы (зразумела з назвы праекта) аб’яднаны тэмай агульнай гульні ў межах вялікага працэсу жыцця. Для аўтараў не абавязковыя адсылкі да тэатра і сцэны, ім цікавыя людзі, якія прымудраюцца трансфармаваць рэальнасць у своеасаблівую шоу-праграму. Выстаўка «Увесь свет — тэатр» — працяг маштабнага праекта «Прысвячэнне тэатру» ў Таліне, дзе адзінаццаць мінскіх мастакоў прадставілі сваю творчасць у тэатральных інтэр’ерах сталіцы Эстоніі. Аўтары прысвяцілі праект супрацоўніцтву двух тэатраў — Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай оперы «Эстонія».
Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.