Вы тут

Вяртанне "Спартака"


Легендарны балет аднаўляецца ў Вялікім тэатры Беларусі дзякуючы Валянціну Елізар’еву


Прыйшоў майстар — і закруцілася. Рэпетыцыі — гадзінамі. Адпрацоўка рухаў — да дасканаласці. Адчуванне характару — на максімальным паглыбленні…

Народны артыст Беларусі і СССР Валянцін Елізар’еў рыхтуецца адзначыць свой юбілей у тэатры, у які прыйшоў зусім юным па размеркаванні. Гэта цяпер мы ведаем, што сваю славу балетнай краіны Беларусь здабыла дзякуючы яму. «Мяне нават у сусветных энцыклапедыях называюць беларускім харэографам», — кажа Елізар’еў, пры гэтым адзначае, што нарадзіўся ў Баку, адукацыю атрымліваў у Ленінградскім акадэмічным харэаграфічным вучылішчы імя А. Ваганавай і ў Ленінградскай кансерваторыі імя М. Рымскага-Корсакава.

Але Мінск стаў лёсам, а на лёс Елізар’еў не скардзіцца: спрыяў у розныя перыяды жыцця. Перыяд яго актыўнай працы ў тэатры можна занесці ў падручнікі па беларускім мастацтве: спектаклі з вельмі асаблівай пластычнай мовай, праз якую ствараліся кранальныя гісторыі людзей і нават маштабныя палотны, дзе адлюстроўвалася гісторыя народаў ці зрухі эпох. Была эмацыянальная «Кармэнсюіта» (муз. Ж. Бізэ ў апрацоўцы Р. Шчадрына) і эпічны «Ціль Уленшпігель» (Я. Глебаў), «Стварэнне сусвету» (А. Пятроў), якое ледзь не знялі за «боскасць» тэмы, а нябёсы ўсё расставілі па месцах, і паспяховы балет ніхто не асмеліўся крануць, моцнымі і вельмі экспрэсіўнымі атрымаліся балеты «Карміна Бурана» (К. Орф) і «Балеро» (М. Равэль), ды і ў класіцы Валянцін Елізар’еў не ішоў па зададзеным шляху, а знайшоў сваю выразную мову, напрыклад, у балеце «Шчаўкунок» (П. Чайкоўскі). І ён мог узяцца за тэму нацыянальнай гісторыі ў балеце «Страсці» (А. Мдзівані), адзначаным прэстыжнай прэміяй «Бенуа дэ ля Данс».

Адной з адметных пастановак Елізар’ева быў балет «Cпартак», створаны на музыку Арама Хачатурана. Дарэчы, кампазітар сам пагадзіўся зрабіць апошнюю ў сваім жыцці рэдакцыю гэтага балета. Магчыма, пачуў ад балетмайстра такое разуменне гэтага твора, што не змог адмовіць… Балет, які з’явіўся ў 1980 годзе, меў трыумф. І не толькі ў Беларусі.

Менавіта таму Валянцін Елізар’еў, рыхтуючыся да юбілею, вырашыў аднавіць гэтую — знакавую і для яго асабіста, і для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі — пастаноўку: яе пабачылі ў шмат якіх краінах свету. І пасля доўгага перапынку ў працы балетмайстар зноў у тэатры, які лічыў (па праве) сваім домам.

— Трупа прыняла мяне вельмі добра, сардэчна, усе артысты працуюць з захапленнем. У мяне ніякіх заўваг. Як атрымаецца, паглядзім у выніку, — патлумачыў працэс рэпетыцый Валянцін Мікалаевіч і адзначыў:

— Мне здаецца, трэба ствараць свае спектаклі больш якасна, менавіта пастаноўкі, што нараджаюцца на гэтай зямлі, а не знекуль прывозяць для эксплуатацыі. Мне, напрыклад, вельмі падабаюцца ў тэатры галандскія спектаклі, але яны ўзятыя напракат. А ёсць нешта, што тут нараджалася, тут жыло і развівалася, — гэта істотная розніца. Лепш няхай нашы спектаклі потым некуды запрашаюць. Напрыклад, балет «Спартак» я паставіў у 4 краінах, акрамя Беларусі…

Пару тыдняў рэпетыцый — перапынку ў актыўнай працы ў тэатры як і не было. І ўжо 31 кастрычніка той самы загадкавы вынік гэтай працы пабачаць гледачы. У гонар 70-годдзя чалавека, які, па сутнасці, стварыў беларускі балет, у тэатры 2 лістапада адбудзецца юбілейная вечарына з удзелам айчынных артыстаў і зорак сусветнай сцэны. І яшчэ інтрыга: ці будзе працяг…

Удакладніў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, які асабіста прысутнічаў на перадпрэм’ерным паказе дакументальнага фільма А. Лукашэвіча «Валянцін Елізар’еў. Балет — мастацтва думкі»:

— Валянцін Елізар’еў — гэта прыклад таго, як малады чалавек з інавацыйным мысленнем можа стаць класікам сусветнага балета. Няшмат мы сёння ведаем людзей з такім аўтарытэтам, як у Валянціна Мікалаевіча. Міністэрства культуры на пэўным этапе ўключылася ў падрыхтоўку яго юбілейных мерапрыемстваў. У рамках святкавання з’явіцца абноўлены варыянт балета «Спартак», дзе выкарыстоўваецца новы стыль, новая сцэнаграфія. Мяркую, будзе карысна прадоўжыць паказ «Спартака» на сцэне, тым больш што балет мае поспех у гледачоў: квіткі ўсе прададзены. Сёння ў нашым тэатры ідуць 7 спектакляў Елізар’ева. І, спадзяюся, мы надалей знойдзем форму супрацоўніцтва, зручную і для Валянціна Мікалаевіча, і для трупы тэатра.

Валянцін Елізар’еў стаў галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі ў 1973 годзе, доўгія гады з’яўляўся мастацкім кіраўніком беларускага балета, быў дырэктарам — мастацкім кіраўніком Тэатра балета да 2009 года. Што стаіць за гэтымі гадамі — у фільме «Валянцін Елізар’еў. Балет — мастацтва думкі», які можна паглядзець 29 кастрычніка а 22.10 на тэлеканале «Беларусь-1».

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.