Вы тут

Дарогі Мінска зменяцца да Еўрагульняў


Аўтааматары суседніх краін, якія праязджаюць па Беларусі, часта выказваюць шмат добрых слоў наконт нашых дарог. Быць можа, некаторыя прыдзірлівыя кіроўцы могуць з гэтым паспрачацца, але ў цэлым, як ні круці, дарожнай інфраструктуры ў нас удзяляюць шмат увагі. За ўдасканаленнем дарожнай сеткі стаіць вялікая каманда навукоўцаў і дарожных работнікаў. Яны распрацоўваюць новыя тэхналогіі для паляпшэння і рамонту дарожнага палатна. Усё лепшае выпрабоўваюць адразу ў сталіцы. Акрамя таго, давядзенне да дасканаласці дарожнай сістэмы ў Мінску важнае яшчэ і таму, што ў 2019 годзе горад прыме гасцей Еўрагульняў. Пра гэта расказала першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Таццяна Сусекава.


Рамонт на сотні тысяч «квадратаў»

Як адзначыла Таццяна Сусекава, з пачатку гэтага года на прадпрыемстве асвоілі каля 15 млн рублёў на бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі Мінска. Сума немаленькая. Але і вынік адпаведны: са студзеня да гэтага часу выкананы работы па бягучым рамонце агульнай плошчай 487 тыс. кв. м, рамонт тратуара — 51 тыс. кв. м, рамонт бартавога каменя — каля 17 км. Падземныя пешаходныя пераходы таксама не застаюцца без увагі. Пастаянна вядзецца маніторынг эксплуатацыйнага стану, ліквідуюць дробныя дэфекты. І вялікая ўвага ўдзяляецца МКАД — выкананы рамонт агульнай плошчай 162 тыс. кв. м. У лістападзе завершацца работы па ўстаноўцы ўтрымліваючых агароджаў на МКАД другой групы на працягу 10 км. Але на наступны год планы работы яшчэ больш грандыёзныя. «Завяршаецца восеньскі агляд вуліц, па яго выніках вызначым тыя з іх, дзе заменім пакрыццё. У залежнасці ад наяўнасці сродкаў будуць вызначаныя першачарговыя аб'екты. Разлічваем мінімум на 40 млн рублёў на гэтыя мэты», — паведаміла спецыяліст.

Навукоўцы не стаяць убаку

Таксама «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» цесна супрацоўнічае з навукоўцамі. Напрыклад з распрацоўшчыкамі з БНТУ разам прадумалі тэхнічныя ўмовы па асфальтабетонных сумесях павышанай дэфармацыйнай устойлівасці для канструкцыйных слаёў дарожнага «адзення». Гучыць складана, але з ужываннем гэтых сумесяў выконваецца поўная замена асфальтабетонных пакрыццяў на гарадскіх вуліцах без папярэдняй распрацоўкі дакументацыі, падчас бягучага рамонту, на працягу 3—4 дзён. Акрамя таго, наладжаны выпуск сумесяў, якія выкарыстоўваюцца пры ямачным рамонце нават у халодны час года. Для іх мінус 15 градусаў ужо не праблема. Ёсць і іншыя навінкі накшталт тонкіх ахоўных слаёў з сінхронным размеркаваннем валакна. Тэхналогія з'явілася ў мінскіх дарожнікаў толькі летась, але пасля некаторых паправак ужо змагла зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку. Сёлета з яе дапамогай аднаўляюць эксплуатацыйныя характарыстыкі і падаўжаюць жыццё дарог да 6 гадоў. Па гэтай тэхналогіі сёлета ўжо праведзены работы на сталічных вуліцах Радыяльнай, Акадэмічнай, Арлоўскай, Заслаўскай і Ротмістрава. Акрамя таго, прадпрыемствы Гаррамаўтадара не адстаюць і з тэхнічнага боку: у іх распараджэнні ёсць уся неабходная тэхніка для ўкладкі розных сучасных відаў дарожных пакрыццяў.

Па адзіным стандарце

Цяпер на прадпрыемстве працуюць над дакументам, які дасць магчымасць упарадкаваць усю вулічна-дарожную сетку. «Разглядаем мэтазгоднасць укаранення адзіных падыходаў у рамках бягучага рамонту і ўтрымання дарог, збіраем прапановы для фарміравання такога тэхрэгламенту па выкарыстанні адзіных тыпавых рашэнняў і канструкцый для праектаў добраўпарадкавання асноўных элементаў вулічна-дарожнай сеткі. Гэты дакумент будзе змяшчаць дэталі па ўладкаванні веладарожак, тратуараў, агароджаў, малых архітэктурных формаў. Каб быў адзіны падыход да знешняга выгляду сталіцы», — расказала Таццяна Сусекава.

У адзіным тэхрэгламенце будзе прапісана, для якіх вуліц патрэбныя астраўкі бяспекі і штучныя няроўнасці, а для якіх не. Ён пашырыць пералік работ, якія ўключаны ў бягучы рамонт. Гэта сёння вельмі важна, бо прадпрыемства на наступны год мае вялікія планы, уключаючы поўную замену пакрыцця не толькі на цэнтральных вуліцах, але і ў раёнах. Трэба будзе таксама замяніць і пакрыццё тратуараў, выдзеліць месцы для веладарожак. «Бягучы рамонт не дазваляе нам будаваць і ўзводзіць. Архітэктурная і горадабудаўнічая дзейнасць патрабуе распрацоўкі дакументацыі. Гэта доўгатэрміновы працэс. Мы ж уносім нейкія змены, плануем рабіць астраўкі бяспекі на праезнай частцы. Для гэтага сёння распрацоўваем неабходную тэхналагічную карту і расцэнкі, каб можна было выконваць работы згодна з дзеючым заканадаўствам», — растлумачыла спецыяліст.

Дарэчы, што датычыцца веладарожак, па словах Таццяны Сусекавай, ужо ёсць пілотны праект па стварэнні такой дарожкі па вуліцы В. Харужай. «Мяркуецца ў рамках існуючай сеткі ўладкаваць адасобленую паласу для веласіпедыстаў. Пралічваюць усе нюансы спецыялісты з ДАІ. У наступным годзе плануецца рэалізацыя», — падкрэсліла Таццяна Сусекава. Плануецца, што веладарожка пройдзе ўздоўж Камароўкі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Усё будзе гладка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?