Вы тут

Куды рушыць Кітай?


У Пекіне днямі пад гукі «Інтэрнацыянала» завяршыўся ХІХ з'езд Камуністычнай партыі Кітая. Гэта падзея, важнасць якой, адзначаюць аналітыкі, для ўсяго свету без перабольшвання можна параўнаць з прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША. Пасля ў кітайскай сталіцы адбыўся першы пленум 19-га склікання ЦК Камуністычнай партыі Кітая. Падчас яго старшыню Кітая Сі Цзіньпіна пераабралі на пасаду генеральнага сакратара ЦК КПК. Таксама кіраўніка краіны абралі старшынёй Ваеннага савета, які кіруе Народна-вызваленчай арміяй Кітая. Значныя змены зведала Палітбюро ЦК КПК: са старога складу, акрамя самога Сі Цзіньпіна, там застаўся прэм'ер Дзяржсавета Лі Кэцян. Цяперашні старшыня Кітая праводзіць глабальныя рэформы, якія многія параўноўваюць з пераўтварэннямі часоў Дэн Сяапіна. Куды ж у выніку «выруліць» Паднябесная?


Сацыялізм у новую эпоху

Ключавы даклад старшыні КНР Сі Цзіньпіна на ХІХ з'ездзе КПК пазначыў прыярытэты развіцця Кітая не толькі на пяцігадовы перыяд да наступнага з'езда, але і на больш доўгі тэрмін. Даклад меў яскравую назву «Дамагчыся вырашальнай перамогі ў пабудове грамадства сярэдняга дастатку, атрымаць вялікую перамогу сацыялізму з кітайскай спецыфікай у новую эпоху». Генеральны сакратар падвёў вынікі работы ЦК КПК за мінулыя пяць гадоў, зрабіўшы акцэнт на поспехах эканамічнага будаўніцтва і прагрэсе ў паглыбленні рэформаў. Немалую частку свайго даклада ён прысвяціў ідэалагічнаму складніку. Акрамя таго, важнае месца занялі такія пытанні, як эканамічныя рэформы, мадэрнізацыя арміі, партыйная дысцыпліна, барацьба з карупцыяй, выкараненне беднасці, рашэнне сацыяльных праблем, а таксама знешняя палітыка і барацьба з міжнароднымі пагрозамі і выклікамі.

Такім чынам, кіраўнік Кітая сарыентаваў на развіццё «сацыялізму з кітайскай спецыфікай у новую эпоху». Назва паказвае на маштаб пераўтварэнняў. Сі, пры ўсіх шматлікіх спасылках на мінулае і падкрэсленні пераемнасці, прэтэндуе на абвяшчэнне новага этапу ў гісторыі КНР. Да гэтага часу «сацыялізм з кітайскай спецыфікай», без згадак «новай эпохі», быў сфармуляваны ў пачатку перыяду рэформаў Дэн Сяапінам, лічыўся асновай ідэалогіі кітайскай Камуністычнай партыі. З пункту гледжання ідэалогіі КПК, «сацыялізм з кітайскай спецыфікай» уключаў у сябе ўвесь перыяд развіцця партыйнай дагматыкі пасля Маа Цзэдуна. Такім чынам, «сацыялізм з кітайскай спецыфікай у новую эпоху» можна лічыць завяршэннем перыяду кітайскай гісторыі, звязанага з эпохай рэформаў і пачаткам чагосьці новага, выхадам за рамкі старога вучэння. Супрацоўнік Цэнтра развіцця Дзяржсавета КНР Цзян Юй называе яго трэцім: першы этап, паводле яго слоў, пачаўся пасля заснавання КНР у 1949 годзе, для яго характэрна дасягненне палітычнай і эканамічнай незалежнасці Кітая. На другім этапе з абвяшчэннем рэформаў і адкрытасці назіраўся небывалы эканамічны рост і развіццё рынкавай эканомікі пры захаванні агульнага сацыялістычнага пачатку. Трэці этап, пачаўся пяць гадоў таму, мяркуе эксперт.

Сі Цзіньпін заявіў, што з ХVІІІ з'езда партыі змены ва ўнутранай і знешняй абстаноўцы паставілі КПК перад неабходнасцю адказаць на пытанне аб тым, які менавіта сацыялізм з кітайскай спецыфікай трэба адстойваць і развіваць і як гэта варта рабіць. «Рэалізацыя і развіццё сацыялізму з кітайскай спецыфікай у новую эпоху мае на ўвазе сацыялістычную мадэрнізацыю і вялікае адраджэнне кітайскай нацыі. А ў далейшым у два этапы — да 2050 года — ператварыць Кітай у багатую, магутную, дэмакратычную, гарманічную, цывілізаваную, мадэрнізаваную сацыялістычную дзяржаву. На першай стадыі — з 2020 года па 2035 год — мы будзем нарошчваць аснову грамадства сярэдняга дастатку і, дзякуючы яшчэ 15 гадам упартай працы, у цэлым дасягнем мадэрнізацыі», — заўважыў генеральны сакратар ЦК КПК. Другі этап, да канца якога мяркуецца пабудаваць мадэрнізаваную сацыялістычную дзяржаву, будзе доўжыцца з 2035 года да сярэдзіны ХХІ стагоддзя, растлумачыў Сі Цзіньпін.

Дзякуючы дзесяцігоддзям «нястомнай барацьбы» Паднябесная, паводле слоў старшыні КНР, цяпер цвёрда займае «высокае» месца на Усходзе. Цяпер, лічыць кітайскі лідар, прыйшоў час ператварыць Кітай у «магутную сілу», якая павядзе свет да вырашэння палітычных, эканамічных, ваенных і іншых пытанняў і праблем. «Мы на новым скрыжаванні ў развіцці Кітая, — сказаў Сі Цзіньпін.— Кітайскі народ стаў у поўны рост. Ён разбагацеў і добра сябе адчуваў і цяпер знаходзіцца ў працэсе амаладжэння. Надыходзіць эра, у якой Кітай будзе набліжацца да ўвахода на цэнтральную сцэну і ўносіць яшчэ большы ўклад у развіццё чалавецтва». Дасягненне мэт, якія Сі Цзіньпін назваў «кітайскай марай», не будзе лёгкім «шпацырам у парку». «Кітайскі народ — вялікі народ, — падкрэсліў генеральны сакратар ЦК КПК. — Ён прайшоў праз мноства нягод, але застаўся неўтаймаваны. Кітайцы — вялікія людзі. Яны энергічныя, працавітыя, смелыя. Нішто не ў стане спыніць іх на шляху да прагрэсу».

Эканоміка №1

Асаблівую ўвагу мяркуецца ўдзяліць выраўноўванню перакосаў паміж горадам і вёскай, а таксама паскоранаму развіццю бедных і перыферыйных раёнаў. Плануецца паскорыць стварэнне агульнанацыянальных сістэм пенсійнага і медыцынскага забеспячэння, разгарнуць барацьбу з пастаўкамі няякасных лекаў, пашырыць доступ насельніцтва да адукацыйных паслуг, разгарнуць праграму па барацьбе з беднасцю. Такім чынам, найважнейшая задача цяпер — зніжэнне градуса сацыяльнага напружання, якое спараджаецца беднасцю і няроўнасцю.

Сі Цзіньпін прама заявіў, што хоча зрабіць кітайскія дзяржаўныя карпарацыі «мацнейшымі і буйнейшымі», у той жа час палепшыўшы якасць кіравання імі. З дзяржаўных карпарацый мяркуецца вырошчваць нацыянальных чэмпіёнаў. Пры гэтым эканоміка будзе заставацца змяшанай, асноўная ўвага будзе ўдзяляцца ліквідацыі адміністрацыйных бар'ераў развіцця бізнесу і адміністрацыйных манаполій, падтрымцы канкурэнцыі. Дзяржава будзе сыходзіць ад адміністрацыйнага рэгулявання цэн там, дзе яно яшчэ захоўваецца. Будзе ўзмоцнены нагляд і рэгуляванне фінансавага сектара — адлюстраванне нарастаючай праблемы запазычанасцяў карпаратыўнага сектара і мясцовых урадаў. Ва ўнутранай палітыцы чакаць паслабленняў таксама не прыходзіцца.

Асноўная задача ў эканоміцы — стымуляванне ўнутранага попыту. Пра тое, як улады будуць гэта рабіць, дэталёва і не раз дакладваў прэм'ер Дзяржсавета КНР Лі Кэцян. Плануецца нарошчваць маштабы такіх новых відаў спажывання, як «сеткавая інфарматыка, інтэлектуальныя прадметы хатняга ўжытку, індывідуальная мода». Улады будуць заахвочваць узаемадзеянне анлайнавых і афлайнавых паслуг, садзейнічаць абнаўленню рэальнага гандлю. Акрамя таго, прапануецца стымуляваць развіццё паслуг экспрэс-дастаўкі, ажыўляць рынак патрыманых аўтамабіляў, паскорыць будаўніцтва ў гарадах аўтастаянак і зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. Дзяржава будзе заахвочваць распрацоўку банкамі новых відаў спажывецкага крэдытавання. Увазныя пошліны на частку спажывецкіх тавараў будуць зніжаны, будзе павялічвацца колькасць бяспошлінных крамаў. Плануецца павялічыць інвеставанне ў інфраструктуру ўнутранага турызму і транспарту. «Мы павінны быць гатовыя сустрэць надыходзячую эпоху масавага турызму», — заклікаў прэм'ер.

Кітай працягне цвёрда праводзіць палітыку рэформаў і адкрытасці, а таксама структурную рэформу сферы прапановы, заявіў старшыня КНР. Ён назваў развіццё мадэрнізаванай эканомікі стратэгічнай мэтай развіцця, якая дапаможа плаўнаму пераходу ад экстэнсіўных тэмпаў росту да больш якаснага, інтэнсіўнага развіцця. «Мы павінны зрабіць прыярытэтам якасць эканомікі», — сказаў Сі Цзіньпін. Гаворачы аб структурнай рэформе сферы прапановы, генеральны сакратар ЦК КПК заявіў, што ўхіл неабходна зрабіць на рэальным сектары эканомікі. «Неабходна ўзяць за галоўны арыенцір павышэнне якасці сістэмы прапановы», — падкрэсліў ён. Старшыня КНР таксама адзначыў, што ўлады павінны забяспечыць сінхроннасць росту даходаў насельніцтва і эканамічнага развіцця. «Неабходна заахвочваць людзей у іх імкненні зарабляць стараннай працай і законным шляхам, павялічваць колькасць насельніцтва з сярэднім узроўнем даходаў, павышаць даходы нізкааплатных катэгорый грамадзян, рэгуляваць залішнія выдаткі і канфіскоўваць незаконныя даходы», — сказаў ён, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць інавацыйнага развіцця эканомікі.

Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца дзяржаўнай падтрымцы інавацый. Гаворка ў тым ліку ідзе пра ўкараненне інавацый у дзяржкіраванне, падтрымку інавацыйных тэхналогій, стымуляванне інавацыйных кампаній. Будзе ўзмацняцца дзяржаўная падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў у інавацыйнай сферы, праведзена рэформа сістэмы кіравання высокатэхналагічнымі галінамі, узмоцнена ўвага да абмену тэхналогіямі паміж ваенна-прамысловым комплексам і грамадзянскай эканомікай. Апошнім часам Сі стварыў шэраг арганізацыйных структур па кіраванні буйнымі інавацыйнымі праектамі, адну з якіх — Цэнтральны савет па інтэграваным ваенным і грамадзянскім развіцці — узначаліў асабіста. Відавочна, кітайскае кіраўніцтва бачыць у інавацыях асноўную крыніцу эканамічнага росту на будучыню і, адначасова, гарантыю бяспекі краіны ў ваеннай сферы.

Новы дзесяцігадовы план эканамічнага росту Кітая мае на ўвазе ўздым цэнтральных і заходніх правінцый. Развітым усходнім правінцыям неабходна «здзейсніць прарыў у інстытуцыйных інавацыях, адзіным планаванні эканамічнага развіцця на сушы і на моры». Кітай да 2035 года мае ўсе шанцы пацясніць ЗША і стаць эканомікай №1 у свеце. «Кітайская эканоміка захоўвае сярэдневысокіх тэмпы росту, утрымліваючы адну з лідзіруючых пазіцый сярод вядучых краін свету. Па паказчыку ВУП, які вырас да 80 трлн. юаняў, Кітай трывала заняў другое месца ў свеце», — адзначыў кітайскі лідар, дадаўшы, што «ўклад КНР у рост сусветнай эканомікі перавысіў 30%». Сёлета эканоміка Кітая, як чакаецца, вырасце амаль на 7%. Пры тым, што сярэднесусветны ўзровень росту прыкладна ўдвая ніжэйшы. Як лічыць дырэктар Інстытута Далёкага Усходу РАН Сяргей Лузянін, Кітай уступіў у вельмі складаную і важную эпоху пераходу на новую эканамічную мадэль развіцця — інтэнсіўную мадэль, арыентаваную на ўнутраныя рэсурсы, мадэль з выкарыстаннем інавацый, тэхналогій. Сі Цзіньпін сабраў вельмі таленавітую каманду рэфарматараў і кіраўнікоў, якая паспяхова ўвасабляе ў жыццё пераўтварэнні, заўважыў эксперт.

Высокія чаканні

Значная частка выступлення Сі Цзіньпіна была прысвечана ўдасканаленню работы партыйнага апарату з мэтай захавання і ўмацавання кіруючай ролі КПК у жыцці краіны. Важнае значэнне мяркуецца надаць ідэалагічнай рабоце. Барацьба з карупцыяй працягнецца. Мяркуецца правесці рэформу партыйнага і дзяржаўнага кантрольных механізмаў з мэтай павышэння іх эфектыўнасці.

Будзе праводзіцца актыўная знешняя палітыка і працягвацца паскораная мадэрнізацыя ўзброеных сіл. «Кітай будзе і надалей адыгрываць ролю адказнай вялікай дзяржавы, якая актыўна ўдзельнічае ў рэформе грамадзянскага кіравання, прыкладаючы да гэтага сваю сілу і мудрасць», — адзначыў Сі Цзіньпін на з'ездзе. Паводле яго слоў, Кітай будзе «праводзіць палітыку вялікай дзяржавы з кітайскімі характарыстыкамі». Узброеныя сілы павінны да 2020 года дамагчыся поспехаў у механізацыі, інфарматызацыі і павышэнні стратэгічных магчымасцяў, да 2035 года завяршыць мадэрнізацыю (тэхнічна ўстаць нараўне з вядучымі войскамі свету), да 2050 года — выйсці на перадавыя пазіцыі ў свеце.

Як і чакалася, першы пленум ЦК КПК пераабраў Сі Цзіньпіна генеральным сакратаром ЦК і старшынёй яго Ваеннага савета. У цэлым кадравая канфігурацыя ў вышэйшых партыйных органах — Палітбюро і яго Пастаянным камітэце — прыкметна абнавілася, адзначае ТАСС. У ПК ПБ адбылася замена пяці з сямі членаў. Нароўні са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і прэм'ерам Дзяржсавета Лі Кэцянам, у іх лік увайшлі: кіраўнік парткама Шанхая Хань Чжэн, кіраўнік Канцылярыі ЦК (аналаг адміністрацыі кіраўніка дзяржавы) Лі Чжаньшу, віцэ-прэм'ер Дзяржсавета Ван Ян, а таксама вядучы тэарэтык і ідэолаг партыі, кіраўнік цэнтра палітычных даследаванняў ЦК Ван Хунін. Кіраўнік Арганізацыйнага аддзела ЦК Чжаа Лэцзы пераходзіць на пост сакратара Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны — свайго роду партыйнай спецслужбы. Важныя прызначэнні ў гэтай вярхоўнай сямёрцы будуць праведзены ў сакавіку будучага года, у ходзе «дзвюх сесій» — Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў і Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая.

Як паведамляе «Жэньміньван», напярэдадні ХІХ з'езда КПК амерыканскі канал Dіsсоvеrу выпусціў дакументальны фільм «Кітай: час Сі». Гаворачы аб ідэі гэтай карціны, стваральнік Вікрам Чана адзначыў, што гістарычная перспектыва прымусіла творчую каманду ўсвядоміць тое, што «ў дыялогу аб новым бачанні свету пазіцыя Кітая важная, як ніколі, у сувязі з яго ўнікальным шляхам, трансфармацыяй і ўплывам на працягу апошніх 40 гадоў». Уступленне сацыялізму з кітайскай спецыфікай у новую эпоху — гэта час набліжэння КНР да цэнтральнага месца на сусветнай арэне. Па меркаванні «Жэміньван», у свету ёсць усе падставы прытрымлівацца высокіх чаканняў ад такой эпохі. Як кажуць, пажывём — пабачым.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Час Сі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».