Вы тут

Добродошли у Србију!


«Калі вам пашанцавала прачнуцца ў Бялградзе, то патрабаваць ад лёсу большага — нахабнасць», — пісаў вядомы сербскі аўтар Душан Радовіч. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла ўдвая. Ужо неаднойчы мне давялося засынаць і прачынацца ў старажытным і велічным Бялградзе. Прычым не ў сэнсе прыватнай вандроўкі, а гасцяваць там як удзельніцы вядомага ва ўсім свеце Міжнароднага бялградскага літаратурнага фестывалю.


Па-першае, варта адзначыць, што Міжнародныя бялградскія сустрэчы пісьменнікаў даўно і трывала замацавалі за сабой статус адных з самых важных і найбольш устойлівых літаратурных падзей на Балканах. Бялград — культурная сталіца і горад мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў, якія праз творчасць прэзентуюць гэты горад лідарам на культурнай мапе свету. Мерапрыемства, што з часоў былой Югаславіі збірае самых выбітных аўтараў свету, — адно з найстарэйшых у Еўропе і за 50-гадовую гісторыю прымала такіх вядомых творцаў, як Іосіф Бродскі і Бэла Ахмадуліна, Булат Акуджава і Андрэй Вазнясенскі, і многіх іншых. Таму, безумоўна, удзел у такім высокім міжнародным форуме кожны пісьменнік лічыць за асабісты гонар.

Па-другое, форум, які ўжо больш за паўстагоддзя збірае на Балканах лепшых прадстаўнікоў мастацкага слова, не толькі наладжвае больш цеснае супрацоўніцтва, але і праз перакладчыцкую дзейнасць спрыяе знаёмству з творчымі набыткамі аўтараў іншых краін свету.

Акунуцца ў атмасферу мерапрыемстваў, што адлюстроўваюць літаратурныя варункі свету, аўтару гэтых радкоў давялося двойчы. У 2014 годзе, калі ў рамках гэтага ж форуму адбылося першае знаёмства з дзівоснай Сербіяй, і зусім нядаўна, падчас 54-х Міжнародных бялградскіх літаратурных сустрэч. І ў папярэдні раз, і сёлета Сербія сустракала аднолькава ветліва і гасцінна.

І першае, што трапляе ў поле зроку, калі выходзіш з бялградскага аэрапорта, названага ў гонар вядомага фізіка Ніколы Тэслы, гэта надпіс на рэкламным білбордзе: «Добродошли до Београду». Што азначае: «Сардэчна запрашаем у Бялград!». У шчырасці напісаных слоў упэўніваешся амаль адразу, углядаючыся ў твары братоў-сербаў, і яшчэ паўней, калі сэрцам адчуеш усю чысціню і дабрыню іх душ пры больш цесных зносінах.

Атмасфера асаблівай цеплыні панавала і ў будынку Асацыяцыі пісьменнікаў Сербіі, што ў самым цэнтры горада, на вуліцы Француска, 7. Сюды, у галоўны офіс пісьменніцкай арганізацыі, і з’ехаліся напачатку форуму прадстаўнікі прыгожага пісьменства свету. 33 літаратары з 22 краін гэтым разам узялі ўдзел у аўтарытэтным літаратурным форуме. Прадстаўляць беларускую паэзію на шырокай міжнароднай пляцоўцы ўжо другі раз пашчасціла аўтару гэтых радкоў.

Знаёмства, а затым і душэўная размова з удзельнікамі літаратурнага форуму вялася цягам цэлага дня. Пытанні літаратурных тэндэнцый, праблемы кнігавыдання і ўвогуле запатрабаванасці паэзіі абмяркоўваліся ў пісьменніцкім коле першага дня фестывалю. У атмасферы сяброўства і добразычлівасці ліліся песні і, вядома, гучалі вершы. Яны, дарэчы, былі спадарожнікамі цягам усёй чатырохдзённай сустрэчы: на розных пляцоўках, на розных мовах свету, з рознай энергетыкай, класічныя і белыя, лірычныя і ўзнёслыя, трывожныя і экспрэсіўныя… Прыемна было адчуваць, што побач з вершамі іншых краін свету беларускія вершы нядрэнна разумеліся сербамі, а таму ўспрымаліся з асаблівай цікавасцю і цеплынёй.

Шэраг адметных дат адзначаецца ў Сербіі сёлета: гэта і 150-годдзе з дня смерці Чарльза Баўдэлера, вядомага паэта, творчасць якога зрабіла знакавы ўплыў на развіццё сучаснай літаратуры краіны; гэта і юбілей пісьменніка Мілуціна Божыча; гадавіна вялікага сербскага драматурга Марына Држыча; 125-годдзе з дня нараджэння лаўрэата Нобелеўскай прэміі Іва Андрыча і інш. З ускладання кветак да помніка апошняга і распачаліся асноўныя мерапрыемствы ў рамках 54-х Міжнародных сустрэч у Бялградзе. Далей гасцей з замежжа, прадстаўнікоў Міністэрства культуры Сербіі і дыпламатаў пасольстваў розных краін урачыста віталі ў Народнай скупшчыне Бялграда.

Менавіта тут у атмасферы асаблівай узнёсласці і адбыліся галоўныя ўрачыстасці чатырохдзённых мерапрыемстваў Міжнародных паэтычных сустрэч, падчас якіх старшыня Асацыяцыі пісьменнікаў Сербіі Радамір Андрыч цёпла павітаў усіх гасцей, а затым прадставіў гасцей з іншазем’я.

Імёны найбольш выбітных творцаў былі аб’яўлены падчас урачыстага адкрыцця. Так, высокую ўзнагароду «Povelja Morave» атрымалі паэт з Румыніі Джордж Валтурэску і вядомы балгарскі літаратар Любіша Джыдзіч. Да ўзнагароды «Pečat kneza Lazara» прадстаўлены сербска-канадскі паэт Ранка Радавіч і Уласцімір Станіслаўлевіч Шаркаменц з Францыі.

Адметнасцю адкрыцця была і асабістая прысутнасць на мерапрыемстве саветніка Пасольства Рэспублікі Беларусь у Сербіі Міхаіла Кажуры. У рамках мерапрыемства адбыліся кароткія гутаркі дыпламата са старшынёй Саюза пісьменнікаў Сербіі Р. Андрычам, намеснікам мэра Бялграда А. Младзенавічам, спецыяльным саветнікам міністра культуры і інфармацыі Сербіі Д. Хамовічам. Абмеркаваны пытанні далейшага развіцця двухбаковых адносін у сферы культуры і літаратуры.

Праграма сустрэч была інтэнсіўная і ў іншыя дні, але адметным яе складнікам, вядома, была вялікая водная вандроўка па Дунаі. Дзякуючы намаганням старшыні СП Сербіі Радаміра Андрыча, сакратара СП Сербіі Браніслава Вельковіча і іншых арганізатараў форуму ўпершыню ў фармаце сустрэч распачаў сваю рэалізацыю праект «Вялікі Спадар Дунай». Там, на воднай плыні, дзе «Сава цалуецца з Дунаем», і стартаваў літаратурны водны марафон сусветнай паэзіі. На вялікім рачным судне паэты з усяго свету дэкламавалі свае творы ў арыгінальным маўленні і ў перакладзе на мову, на якой стваралі многія вядомыя еўрапейскія літаратурныя дзеячы. Атмасферу асаблівай узнёсласці дадавалі маляўнічыя краявіды.

Больш як дзясятак гарадоў за чатыры дні было ахоплена вялікім сербскім літаратурным марафонам. Новы Сад, Чачак, Мрчэвіц, Пожэг, Пажаравац… Так, у рамках фестывалю ў горадзе Ракавіца адбыўся традыцыйны сёмы парламент духоўнай паэзіі, а ў горадзе Інджыа быў дадзены старт правядзенню І Міжнароднага фестывалю «ПРО ПОЕТ». Уручэнне ўзнагароды Гран-пры адбылося ў межах мерапрыемстваў форуму, а заслужаныя дыпломы вядомаму акадэміку і паэту Маціа Бечкавічу былі ўручаны з рук старшыні гарадской улады г. Інджыа Уладзіміра Гака, а таксама арганізатара маніфестацыі Міядрага Якшыча.

Аднак за пералікам асноўных пунктаў праграмы 54-х Міжнародных бялградскіх сустрэч міжволі выпала з поля зроку найбольш важная акалічнасць, якую адчуваеш у Сербіі: самае галоўнае тут — гэта людзі. Простыя і добразычлівыя, шчырыя і светлыя… Людзі, якія заўсёды табе рады… Мабыць, таму, акрамя вялікай колькасці кніжных набыткаў, сувеніраў і яркіх уражанняў, якія кожны ўдзельнік аўтарытэтнага форуму вёз з сабой дамоў, кожны вяртаўся з неўтаймоўным жаданнем: каб хоць аднойчы ў сваім жыцці яму давялося прачнуцца ў Бялградзе. У горадзе, дзе не толькі на білбордах і рэкламных шчытах, але і ва ўсмешлівых вачах яго жыхароў чытаецца шчырае: «Добродошли у Србију!».

Марыя КОБЕЦ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.