Вы тут

Сербскі «Вянок» Максіма Багдановіча


Пра тое, што ў Сербіі выдадзены пераклад «Вянка» Максіма Багдановіча, я ведаў у дзень з’яўлення кніжкі, нават глядзеў на яе новачасным кіберзрокам. Тым не меней, калі ўбачыў, як гаворыцца, на свае вочы ды пагартаў сваімі рукамі, то разварушаным аказаўся рой успамінаў. Таму, просячы прабачэння, што перацягваю ўвагу на сваю маленькасць, хачу ўсё-такі падзяліцца тымі згадкамі, якія маюць непасрэднае дачыненне да галоўнай тэмы нашай гаворкі.


Не дзеля таго, каб паскардзіцца на лёс, а як cтаноўчы факт агульнафонавай інфармацыі, перш за ўсё хочацца прыгадаць, што пасля дзесяці разоў безвыніковага афармлення дакументаў на паездкі за мяжу, а канкрэтна — у даўно ўпадабаную Югаславію, выезд мне нарэшце быў усё ж такі дазволены. І пад самы канец жніўня 1982 года, пасля таго, як ужо добры дзясятак гадоў займаўся літаратурамі і культурамі народаў гэтай краіны і перакладамі з іхніх моў, я апынуўся ў Бялградзе. Прабыў у Сербіі, наведваючы многія гарады і вёскі, амаль месяц; а з часам стаў ездзіць у СФРЮ больш-менш рэгулярна.

Шчыра магу сказаць, што над усімі пачуццямі ўва мне дамінавала патрэба як мага актыўней уключыцца ў рэальны працэс міжнацыянальных сувязяў і «прапагандаваць» літаратуру свайго народа. Шчыра, зноў жа, сведчу, што ў Бялградзе, галоўным горадзе Сербіі і Югаславіі, умовы для гэтага былі надзвычай спрыяльныя. Калегі, з якімі мне пашчасціла зблізіцца, аказаліся не толькі сур’ёзнымі прафесіяналамі, але і добразычлівымі, сардэчнымі сябрамі. Гэта нязменна праяўлялася ў стаўленні і да мяне асабіста, і да мастацтва слова маёй радзімы. Так што на схіле гадоў мне застаецца толькі дзякаваць за ўсё Богу і персанальна ім, многім пісьменнікам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам, выдаўцам, журналістам Сербіі: Мілараду Блэчычу, Любішу Джыдзічу, Момчылу Джэркавічу, Зорану Косцічу, Радаміру Андрычу, Міядрагу Сібінавічу, Ёвану Янічыевічу, Слабадану Ракіцічу, Душану Чолавічу, Любіцы Мілеціч, Драгаміру Папнавакаву, Драгану Лакічавічу, Моміру Лазічу… Усіх і не пералічыць. Якім бокам ні павярні мінулыя падзеі, а мне дасталася шчасце зведаць на сабе дыяпазон дзеяння шчырага сяброўства і сапраўднага братэрства.

Між тым імпэт маіх папулярызатарскіх намераў ад гэтага не змяншаўся, хутчэй наадварот, паколькі беларуская літаратура асаблівай увагай там не карысталася нават у філалагічным і пісьменніцкім асяроддзі. Прычым гэтак азначаць стан рэчаў дапушчальна толькі ў тым выпадку, калі стараешся выказвацца як мага далікатней… Калі ж канкрэтна і без пратакольнай далікатнасці, то ў сувязі з тэмаю нашай гаворкі мушу канстатаваць сумнае: творчая спадчына Максіма Багдановіча на той час ва ўсёй Югаславіі была прадстаўлена толькі адным вершам, дый тое ў тэматычнай анталогіі. (Праўда, каб гэтая канстатацыя не правакавала абвінавачвання сербскіх літаратараў у недастатковай культурнасці, сваім суайчыннікам, схільным да катэгарычных ацэнак, прапаноўваю зрабіць параўнальнае даследаванне, колькі ж сербскіх / югаслаўскіх класікаў мы, беларусы, тады пераклалі на сваю мову.)

Вядома, была патрэба шукаць і асэнсоўваць прычыны такога стану — каб неяк яго выпраўляць, а не апраўдвацца, абодвум бакам. І сябры сербы гатовы былі рабіць гэта. З удзячнасцю сведчу, што сярод іх знайшліся тыя, хто дзейсна падтрымаў мяне ў намеры выдаць анталогію беларускай паэзіі на сербскай (тады — сербскахарвацкай) мове. А галоўнае, па даўно ўкаранёнай сярод славянскіх інтэлігентаў завядзёнцы, — мы штодзённа, за кубкам кавы ці ракіі, безупынна дыскутавалі пра лёсы нашых братніх культур і перспектывы іх узаемадзеяння. У прыватнасці, і пра тое, што далёка не заўсёды нацыянальная шкала эстэтычных вартасцяў супадае з так званай універсальнай (ці актуалізавана-ўніверсалізаванай). Я, не крывячы душою, адстойваў пункт гледжання, што ў кожнага народа ёсць свае культурныя традыцыі і выпрацаваная на іх падставе ўласная аксіялогія, якую абумоўліваюць спецыфіка геаграфічнага становішча, гістарычнага развіцця і г.д. Адпаведна, са сваімі асаблівасцямі светаадлюстравання. А ўсё гэта, паводле маіх перакананняў, як тагачасных, так і цяперашніх, значыць, што вывераныя многастагоддзевым вопытам народа каштоўнасці, як і крытэрыі вызначэння іх, не павінны трапляць у залежнасць ад часовых палітычных тэндэнцый, ад мінучай моды...

Дарэчы, па сёння ў маёй памяці захавалася тое, як я стараўся знайсці пераканаўчыя аргументы, каб аспрэчыць высокааўтарытэтнага сербскага крытыка Міларада Блэчыча... А ён, дарагі мой сябар, даўно ўжо нябожчык, разважаў пра тое, што сучасных (цяпер ужо тагачасных) сербскіх аматараў паэзіі, як і наогул чытачоў-замежнікаў, няпроста зацікавіць прачытанымі ў рукапісе маёй анталогіі вершамі Максіма Багдановіча. Бо яны, маўляў, простыя, (я лічыў, што толькі недастаткова мудрагелістыя і штукарскія), могуць нават успрымацца як трывіяльныя… Таму вельмі ўзрадаваўся добрай нагодзе, калі атрымаў прапанову супрацоўнічаць з органам Саюза перакладчыкаў Югаславіі — часопісам «Мостови / Масты», галоўным рэдактарам якога тады быў тэарэтык і практык перакладу, культуролаг і этнограф Ёван Янічыевіч. Моцны для мяне стымул звязваўся з тым, што ў названым часопісе існавала рубрыка «Неперакладзеная кніга», гэта значыць, ад аўтара публікацыі якраз патрабавалася прадставіць кнігу, якую ён лічыць самай вартай і найбольш цікавай для сербскамоўных чытачоў.

Думаю, пасля выкладзеных мною ўспамінаў чытачы «ЛіМа» здагадаліся, што я пісаў менавіта пра «Вянок» Максіма Багдановіча... Некаторыя багдановічаўскія вершы сам пераклаў адразу тады і прапанаваў у часопіс Моміра Лазіча «Збиља / Рэальнасць», у аўтарскі актыў і склад рэдкалегіі якога я быў прыняты з моманту заснавання. Штосьці перакладаў і друкаваў пазней.

Мінула трыццаць з гакам гадоў. І вось па электроннай пошце да мяне прыйшло пісьмо ад незнаёмай выпускніцы філфака Бялградскага ўніверсітэта, якая даслала свае пераклады беларускіх вершаў (П. Броўкі, М. Танка, А. Бачылы, У. Караткевіча) з просьбай рэкамендаваць вынікі гэтай творчай працы ў друк. Прагледзеўшы зробленае, я пераканаўся, што праца выканана сапраўды творча і даволі прафесійна. Таму рэкамендацыю даў не раздумваючы. А калі прыйшло чарговае пісьмо, у якім, акрамя падзякі, выказвалася жаданне займацца перакладам з беларускай мовы далей, то, зразумела, шчыра ўзрадаваўся.

У свой час літаратурным сувязніком з сербскага боку ў нас быў адзін Момчыла Джэркавіч; потым гэтую функцыю пераняў шаноўны прафесар-славіст Міядраг Сібінавіч, які два дзясяткі гадоў таксама заставаўся адзіным беларусістам гэтай краіны. І вось, нарэшце, з’явілася маладая змена, гэта значыць, што ў Сербіі будзе і другі (!) перакладчык-беларусіст! А што найбольш істотна — у згаданым пісьме змяшчалася яшчэ пытанне, каго з беларускіх паэтаў варта было б перакладаць у першую чаргу. Як вынікае з усяго папярэдне сказанага, я не мог не згадаць пра Максіма Багдановіча і, павагаўшыся, прапанаваў узяцца за яго «Вянок». Вагаўся таму, што разумеў, наколькі няпростая гэта задача.

Наваяўленая перакладчыца ўзялася за справу так, што я ледзь паспяваў чытаць рабочыя варыянты яе перакладаў і адказваць на аператыўна-(вы)творчыя пытанні. У той жа час яна хутка і вынікова рэагавала на ўсе прапановы, якія спарадычна з’яўляліся: перакладала вершы А. Грачанікава, М. Мятліцкага, айца Нікалая Германскага, інфармацыйны тэкст (для выстаўкі ў Бялградзе) музея Я. Купалы, адгукалася на прапанову ад «Маладосці»...

Як усім творчым людзям вядома, справа не толькі ў тым, каб кнігу напісаць або перакласці. У дадзеным выпадку таксама ўзнікла непазбежнае і цяжкавырашальнае пытанне: хто ж перакладзеную кнігу возьмецца выдаць? З гонарам за нашу дыпламатыю магу паведаміць, што рэальную дапамогу аказаў тагачасны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія Уладзімір Чушаў. Ён і да гэтага актыўна спрыяў культурным узаемасувязям нашых краін. У прыватнасці, знайшоў спонсараў для перавыдання «Анталогіі беларускай паэзіі» да 130-гадовага юбілею класікаў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аналагічнае ўчыніў і гэтым разам. Дарэчы, выданне «Вянка» спачатку таксама прымяркоўвалася да 120-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча. А выйшла — ёсць у гэтым, бадай, нешта містычнае — акурат да 100-годдзя з дня яго спачыну.

Дзяўчына, пра якую я пачаў расказваць, — Даяна Лазаравіч. І незнаёмай я назваў яе не зусім дакладна. Бо выходзіць, што раней мы ўжо сустракаліся, прычым у Мінску. Некалькі гадоў таму на філфак БДУ прыязджала група сербскіх студэнтаў-філолагаў, якія праявілі пэўную цікавасць да беларусістыкі. І Даяна была сярод іх. А потым яшчэ ў «ЛіМе», што мяне моцна здзівіла, друкаваліся вершы нейкай юнай сербкі, напісаныя па-беларуску («Літаратура і мастацтва», 21.06.2013).

Даяна Лазаравіч нарадзілася ў 1993 годзе ў прыгожым і адметным сваёй атмасферай сербскім горадзе Шабац. Там скончыла гімназію, пасля якой паступіла ў сталічны ўніверсітэт на аддзяленне бібліятэчнай справы і інфармацыі філалагічнага факультэта, дзе прайшла асноўны курс, а потым скончыла і магістратуру, абараніўшы кваліфікацыйную майстарработу «Бібліяграфія перакладаў з сербскай мовы на беларускую і з беларускай на сербскую» — дарэчы, першую на прасторах былой Югаславіі дысертацыю па беларусістыцы. Да таго ж распачала работу над сербска-беларускім і беларуска-сербскім слоўнікам. Адначасова з вучобай Даяна з немалым плёнам займалася творчасцю: выдала тры паэтычныя зборнікі — «Скрозь прастору і час» (2011), «Сцежкі ў зорным бязмежжы» (2012), «Чужынец» (2014), а таксама раман «Замглёны шлях талентаў» (2015) і жыццяпісную кнігу «Айцец Арсеній: успаміны пра духоўнага айца» (2016). Мяркуючы па ўсім, гэта асоба, шчодра адораная філалагічнымі і літаратурнымі здольнасцямі. Сам за сябе гаворыць той факт, што свае вершы яна перакладала на некалькі моў, і гэтыя пераклады ахвотна друкавалі часопісы. Дарэчы, на беларускую перакладала і ў друк прапаноўвала найбольш.

Аналізаваць непасрэдна і канкрэтна выкананыя Даянай Лазаравіч пераклады вершаў Максіма Багдановіча — гэта, відаць, задача на будучыню. А для пачатку хіба што варта звярнуць увагу на галоўныя прыкметы спецыфікі паэтычнага перакладу з беларускай мовы на сербскую, якія абумоўлены асаблівасцямі і ўласна сербскай мовы, і сербскай паэзіі, а яшчэ і нацыянальнымі традыцыямі перакладу.

Паколькі сам неаднойчы на практыцы сутыкаўся з пэўнымі цяжкасцямі, дазволю сабе прыгадаць асноўныя з іх. Па-першае, ніяк немагчыма абысці такую нязвыклую для нас асаблівасць сербскай мовы, як меладычны націск і, адпаведна, вельмі падатлівая інтанацыя. Практычна гэта значыць, што ўласцівыя беларускай мове прынцыпы «звязвання» верша (традыцыйныя для нашага вершаскладання рытм, памер і рыфма) у сербскім перастварэнні адэкватна дзейнічаюць не могуць. Дакладней, яны проста не маюць такога значэння, як у нас, і не могуць мець. Затое на сербскі верш і ў перакладах нязменна ўздзейнічае народная традыцыя эпічнай версіфікацыі, пад уплывам якой сам па сабе можа ўзнікаць і хораша гучаць, скажам, нерыфмаваны звыклы дзесяціскладовік (дэсэтэрац). На рыфму сербы, у адрозненне ад нас, традыцыйна звяртаюць менш увагі. І яшчэ адно: у сербаў заўжды паслядоўна разводзяцца паняцці «пераклад» і «прэпэв/пераспеў» — пераклад паэтычны. Напэўна, ужо гэтых трох прыкмет хапае, каб улічваць, наколькі спецыфічная практыка пераспеву з беларускай мовы на сербскую.

Ёсць сэнс ужо падагуліць: сербскі вянок пашаны Максіму атрымаўся годны яго самога; а мы, нашчадкі Максімавы, павінны выказаць шчырую ўдзячнасць маладой сербскай перакладчыцы за тое, што так гэты вянок спляла.

Іван ЧАРОТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».