Вы тут

Чалавек з драпінамі на сэрцы


Памяць, што жыве ўнутры чалавека, — унікальны скарб, раскрыўшы які можна даведацца пра важныя рэчы. Не кожны з нас жадае капацца ў сваёй памяці, але ж калі даводзіцца, то і сябе мы пазнаём з іншага боку. Мастак Уладзімір Табушаў праз сваю памяць раскрыў шмат важных і кранальных падзей. Упершыню ў Мінску ў галерэі «Арцель» адкрылася персанальная выстаўка яго работ «Цяпло душы».


«Дзяўчына з бантам». Канец 1960-х гадоў.

Унікальнасць экспазіцыі вызначае асоба самога аўтара, бясспрэчная рознабаковасць яго таленту, віртуознае валоданне тэхнікамі старой школы. На персанальнай (на жаль, не прыжыццёвай) выстаўцы работы прадстаўлены шырокаму колу ўпершыню.

Уладзімір Табушаў з пакалення дзяцей вайны. Нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Бабруйску. Калі ў дзесяць гадоў ён знаходзіўся ў піянерскім лагеры далёка ад дома, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька ў першыя ж дні рушыў на фронт і прайшоў усю вайну да Берліна. Сям'я не паспела эвакуіравацца і апынулася ў акупаваным горадзе. У 1942 годзе фашысты адправілі маці разам з маленькім Валодзем эшалонам у Германію. Там, у так званых працоўных лагерах Уладзімір Пятровіч з маці прабылі да канца вайны. Дзень Перамогі стаў для іх галоўным святам на ўсё астатняе жыццё.

Таму ў кожным слове пра вайну ў ім адраджалася бездань жывых вобразаў, што знайшлі адлюстраванне ў творчасці. На выстаўцы дакладна бачна, што аўтар хацеў расказаць: вайна — гэта не толькі працэс, але і людзі з рознымі поглядамі, характарамі і мэтамі.

Уладзімір Табушаў скончыў графічнае аддзяленне Беларускага тэатральнамастацкага інстытута. Пасля выкладаў у ім на аддзяленні ткачоў і мадэльераў, вёў малюнак. Працаваў мастаком газеты «Чырвоная змена», з 1975 па 1993 год — мастацкім рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». Аформіў шэраг кніг. Удзельнічаў у рэспубліканскіх і саюзных выстаўках.

Творца валодаў тэхнікай акварэлі, пастэлі, пяра, рэдкай цяпер гравюры. Яго работы вылучаюцца пранікнёнасцю, тонкасцю каляровых спалучэнняў, псіхалагізмам. У памяці людзей, якія добра ведалі Уладзіміра Пятровіча, ён застаўся чалавекам інтэлігентным, велікадушным, высакародным, прыстойным, сціплым, жыццярадасным, прыгожым не толькі знешне, але і ўнутрана. Ён вельмі любіў жыццё, людзей, прыроду і кветкі.

Прадстаўленыя ў аснове экспазіцыі гравюры на ваенную тэматыку поўныя ўнутранага надрыву і экспрэсіі. Гэта не проста памяць пра вайну — гэта драпіны на сэрцы. Зусім іншы змест — на партрэтах мастака. Лірычныя, спакойныя акварэльныя «Дзяўчына з бантам», «Раніца», дзе тонка перададзены таямнічы і няўлоўны дзявочы свет. Запалам і маладосцю зараджае партрэт 15-гадовай Тані. А востры погляд старога з алоўкавага партрэта бянтэжыць. Міжволі ўспамінаеш Гогаля і верыш, што ўначы стары выходзіць з рамы. Кожны партрэт, прадстаўлены на выстаўцы, — гісторыя, маленькі сусвет унутры кожнага ўвасобленага героя.

«Вязынка. Дух-велікан». 1981 год.

Многія з прадстаўленых на выстаўцы твораў маюць не толькі мастацкую, але і гістарычную каштоўнасць, напрыклад, гравюра «Мінск», выкананая ў 1950 — 1960-х гадах. Ці гравюра і малюнак алоўкам старых (1950 — 1970-я гады), якія раскрываюць характар і тып людзей таго часу.

Несумненную каштоўнасць уяўляе і сама так званая старая школа, яркім прадстаўніком якой і быў Уладзімір Табушаў.

Наталля ТАБУШАВА, жывапісец, магістр мастацтвазнаўства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».