Вы тут

Як ішло кнігадрукаванне на сербскіх землях


500-годдзе беларускага кнігадрукавання — добрая нагода для таго, каб успомніць, як развівалася выдавецкая справа ў іншых славянскіх краінах. Асабліва ў Сербіі, бо некаторыя старонкі гісторыі сербскага кнігадрукавання, магчыма, перакрыжоўваюцца з лёсам нашага Францыска Скарыны.


Цэтыньскі манастыр.

«Летапіс» сербскага кнігадрукавання, па сутнасці, адлюстроўвае ўсе калізіі трагічнай гісторыі паўднёвых славян. Доўгі час у сербаў не было сваёй дзяржаўнасці. Спачатку яны амаль пяць стагоддзяў змагаліся з турэцкімі захопнікамі, а пазней нармальнаму развіццю кнігадрукавання і асветніцкай дзейнасці перашкаджала палітыка Аўстра-Венгрыі, у складзе якой знаходзілася вялікая частка сербскіх тэрыторый.

Першая друкаваная кніга на сербскіх землях з’явілася ў 1494 годзе. У той час, у канцы XV стагоддзя, чарнагорскі край заставаўся амаль адзіным «востравам свабоды» на Балканах: астатнія сербскія землі ўжо былі захоплены туркамі. Менавіта таму тут вырашае заснаваць друкарню апошні кіраўнік тагачаснай дзяржавы пад назваю Зэта Джурадж Бранкавіч. Што прывяло Бранкавіча да такога кроку? Відаць, жаданне такім спосабам супрацьстаяць духоўнаму зняволенню сваіх суайчыннікаў, захаваць уласную культуру, пісьменства, веру. Сербы з Сярэднявечча мелі багатую духоўную традыцыю, закладзеную святым Сімяонам, святым Саввам і іх паслядоўнікамі. Перыяд пасля Косаўскай бітвы лічыцца пераломным часам для сербскай культуры. Палітыка турэцкіх захопнікаў, вядома, не вызначалася лаяльнасцю да славянскай царкоўнай культуры. Існавала сур’ёзная пагроза страты ўласнай ідэнтычнасці, з-за чаго будучыя плыні развіцця культуры і фарміравання духоўнасці маглі пайсці зусім іншым шляхам. Менавіта таму выдавецкая дзейнасць, якая пачалася на сербскіх землях у канцы XV стагоддзя, адыграла вялікую ролю як у скіраванасці ўласна сербскай культуры, так і захаванні славянскай традыцыі як такой.

Нядоўга праіснавала друкарня Джураджа Бранкавіча ў горадзе Цэтынэ: вельмі хутка туркі захопяць і гэты край. Але да 1496 года манах Макарые і яго супрацоўнікі, якія непасрэдна працавалі над кнігамі, паспяваюць выдаць 5 кніг — усе на кірыліцы, сербскай рэдакцыяй стараславянскай мовы. Першая з іх, «Октаіх Першагласнік», ці «Цэтыньскі Октаіх», выходзіць у свет 4 студзеня 1494 года. Кніга была надрукавана з выкарыстаннем самых перадавых для той эпохі тэхнік, у двух колерах, і доўгі час лічылася ўдалым прыкладам для выдаўцоў-паслядоўнікаў.

Пасля таго як і чарнагорскія землі аказаліся пад уладай туркаў, цэнтры выдавецкай справы сербаў «пераязджаюць» за мяжу. Ёсць гіпотэзы, якія сведчаць пра тое, што той самы Макарые, пасля таго як спынілася выдавецкая дзейнасць у Цэтынэ, працуе ў Валахіі (поўдзень сучаснай Румыніі). А некаторыя даследчыкі (і сярод іх беларускі славіст, прафесар Іван Чарота) сцвярджаюць, што лёс Францыска Скарыны быў таксама звязаны з гэтым рэгіёнам.

Актыўна развіваецца сербская выдавецкая справа ў Венецыі. Тут Божыдар Вукавіч, выхадзец з чарнагорскага краю, друкуе сербскія кнігі прыкладна з 1520 па 1540 гг. Пасля справу працягвае яго сын, і выдавецкая праца не спыняецца тут амаль да канца XVI стагоддзя. Венецыянскія ўлады і Ватыкан не перашкаджалі дзейнасці праваслаўнай дыяспары. Дарэчы, прафесар-славіст з Венецыі Аляксандр Навумаў не выключае, што Скарына і Вукавіч сустракаліся: у жніўні гэтага года ён расказваў пра свае здагадкі нашай газеце «СБ — Беларусь сегодня».

Адначасова развівалася сербскае кнігадрукаванне і на Балканскім паўвостраве. З Венецыі друкавальную тэхніку ў сербскі манастыр Мілешава прывозяць сыны Божыдара Любавіча (Гаражданіна), які ў 1519 (ці 1520) г. друкуе тут «Служэбнік». Пазней яны перавозяць сваю друкарню ў царкву ля горада Гараджэ (сучасная Боснія і Герцагавіна), што на рацэ Дрыне.

Захаваліся звесткі пра восем друкарань, якія працавалі ў XVI стагоддзі на сербскіх землях. Мусульманская культура турэцкага царства пакуль не прымала навіны кнігадрукавання, хрысціянам Сулейман I Пышны фармальна не забараняў адкрываць друкарні, але ж і падтрымкі з боку ўлад, вядома, не было.

А калі была надрукавана першая кніга ў Бялградзе? Адбылося гэта ў жніўні 1552 года: менавіта тады іераманах Мардарые завяршыў работу па выданні «Чацвераевангелля». Друкарня ў той час належала выхадцу з Дуброўніка Траяну Гундулічу.

Цікава, што ўжо ў 1597 годзе ў Венецыі з’яўляецца першы царкоўнаславянскі Буквар для сербскіх дзяцей, складзены іераманахам Саввам з манастыра Дэчаны. Пра існаванне гэтага буквара сербы не мелі звестак ажно да канца XIX стагоддзя! Не ведаў пра яго і вядомы сербскі асветнік Вук Караджыч, які лічыцца аўтарам першага сербскага буквара, надрукаванага ў Вене ў 1827 годзе.

Такім чынам, канец XV і амаль усё XVI стагоддзе засталіся ў летапісе сербскай славеснасці як вельмі плённы перыяд з пункту гледжання развіцця кнігадрукавання. Але ж у хуткім часе з-за неспрыяльных грамадска-палітычных абставін усе існуючыя друкарні былі вымушаны спыніць работу на сербскіх землях. З канца XVI стагоддзя і да сярэдзіны XIX стагоддзя ўсе сербскія кнігі друкуюцца выключна па-за межамі сербскіх тэрыторый. Праваслаўная царква выкарыстоўвае кнігі, якія выдаваліся ў Расіі: з гэтых часоў пачынаецца новая эпоха, якая характарызуецца значным рускім уплывам на сербскую культуру, літаратуру і нават мову.

У XVIII стагоддзі адбываюцца некаторыя падзеі, якія сведчаць пра адраджэнне выдавецкай традыцыі сербаў. Венецыянскі выдавец Дзімітрые Тэадосіе, грэк па паходжанні, адкрывае кірылічнае аддзяленне ў сваёй друкарні. Цікавы факт: сербскае духавенства мела вялікі недавер да кніг, якія выдаваліся ў каталіцкім асяроддзі, і Дзімітрые Тэадосіе вымушаны быў іх «падманваць». На вокладцы сваіх кніг ён пісаў, што яны надрукаваны ў Маскве, Кіеве ці Пецярбургу. У гэтай друкарні выдаваліся не толькі царкоўныя кнігі, але і літаратурныя творы вядомых сербскіх пісьменнікаў — Захарыя Арфеліна і іншых.

У той час шмат сербаў жыло ў Аўстра-Венгрыі. У 1770 годзе венскі выдавец (не серб — аўстрыец) Ёзэф Курцбэк атрымаў манапольнае права на выданне сербскіх кніг. Гэта была спроба аўстрыйскіх улад трымаць пад кантролем выдавецкую дзейнасць сербаў.

Толькі ў 1832 годзе ў Бялградзе, які ў гэты перыяд знаходзіўся пад уладай князя Мілаша Абрэнавіча, пачынае працаваць «Књажевска српска печатња» (пазней яна будзе называцца Дзяржаўнай тыпаграфіяй). А ў 1836 годзе Паўлэ Янкавіч адкрыў друкарню ў сербскім горадзе Нові-Сад.

Пачынаючы з сярэдзіны XIX стагоддзя гістарычныя абставіны для сербаў у розныя часы складваліся больш ці менш спрыяльна. Рэгулярнай і плённай выдавецкай дзейнасці перашкаджалі паўстанні, шматлікія войны, бамбёжкі, санкцыі… Але можна лічыць, што з сярэдзіны XIX стагоддзя пачынаецца эпоха стабілізацыі і паступовага развіцця выдавецтва ў Сербіі.

Такім чынам, сербы адсвяткавалі 500-годдзе з’яўлення першай друкаванай кнігі крыху раней, але сербская медыяпрастора адгукнулася і на наш, беларускі, «юбілей». Напрыклад, у лютым 2017 года партал «Newsweek» падрыхтаваў аб’ёмны і змястоўны матэрыял пра нашага першадрукара Францыска Скарыну пад назвай «Праваслаўны Марцін Лютэр».

Ганна НАВУМАВА

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.