Вы тут

Як паспяхова з'ездзіць у Кітай і вярнуцца з салідным «уловам»?


Зарабіць свае першыя грошы — мара амаль кожнага школьніка, а тым больш студэнта. Але калі большасць дзеля гэтага імкнецца ўладкавацца на лета ў будаўнічыя атрады, дык некаторыя маладыя людзі выпраўляюцца на заробак у... Кітай. Прапаноў у сеціве зашмат: патрабуюцца перакладчыкі, танцоры, афіцыянты. З вопытам работы і без. Цяжка не разгубіцца і абраць фірму, якой можна давяраць. Мы сустрэліся з дзвюма дзяўчатамі, якія паспяхова з'ездзілі ў Кітай і вярнуліся з салідным «уловам».


У та­кіх хра­мах жы­вуць кі­тай­скія ма­на­хі.

Ад парку забаў...

Яўгенія Тумель патрапіла ў Паднябесную пасля 9 класа. Дзяўчына ўжо шмат гадоў прафесійна займалася сінхронным плаваннем і на той момант была кандыдатам у майстры спорту. Трэнер каманды прапанавала паехаць на лета на заробкі з шоу-праграмай — усе згадзіліся.

Гэта быў не першы такі вопыт. Пасля 8-га класа спартсменкі ўжо працавалі ў Турцыі, таму Яўгеніі было што параўноўваць:

— У плане арганізацыі — усё добра, але сярод іншых краін Турцыя лічыцца самай нізкааплатнай. Мы жылі ў гатэлі, вялі аэробіку ў басейне і выступалі ўвечары. Знаёмыя ездзілі так працаваць у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты — там плацяць лепш, але даводзіцца ўвесь час хадзіць у паранджы і плаваць у гідракасцюме: ад шыі да шчыкалатак усё закрытае.

Каб трапіць на работу ў Кітай, трэба было зрабіць шмат даведак, запоўніць анкету, даслаць свае фотаздымкі і відэа з падрыхтаванымі нумарамі. Разам з візай рабілі і від на жыхарства.

— Патрабуюць, напрыклад, дыплом аб педагагічнай адукацыі, калі едзеш працаваць з дзецьмі, ці сертыфікат аб праходжанні курсаў аніматара. Калі не выконваеш нейкія ўмовы кантракта, могуць адправіць дадому без білета.

Яўгенія з камандай жыла пад Пекінам, выступалі ў парку забаў. Ён размешчаны на некалькіх астравах: там і жылі, і працавалі. На выхадныя ездзілі ў горад па пакупкі ці на экскурсіі. Але такіх вольных дзён было няшмат.

У Кітаі сезон для прыезджых работнікаў доўжыцца з мая па кастрычнік. Кантракты ў асноўным заключаюцца працягласцю ад двух да шасці месяцаў. Сярэдні заробак складае 1000 — 1500 долараў у месяц. Многія работадаўцы да таго ж аплачваюць жыллё, харчаванне, пералёт і афармленне дакументаў.

— Мы жылі ў пакоі ўдваіх. На стале быў пастаянна рыс, якім не наясіся, але потым уцягнуліся. Нас прасілі няшмат загараць, таму што светлая скура лічыцца ў Кітаі вельмі прыгожай.

...да начных клубаў

Яўгенія Булычова ездзіла на заробкі падчас навучання ва ўніверсітэце. Два гады таму, датэрмінова здаўшы летнюю сесію, яна адправілася ў горад Іу, які знаходзіцца на паўднёвым усходзе Кітая.

— Першапачаткова мы думалі паехаць з сябрам. Запланавалі парную праграму па сучасным танцы, па хіп-хопе. Але амаль у апошні момант у яго не атрымалася, а з сольнікам я ехаць не хацела. Ужо апусціла рукі ў пошуках новага партнёра. І тут ва ўніверсітэце сустрэлася з дзяўчынай, якая таксама танцуе, і мы вырашылі ехаць разам.

Края­від у го­ра­дзе Іу.

Горад Іу — адзін з бізнес-цэнтраў Кітая. Там знаходзіцца самы вялікі аптовы рынак у свеце. Іншаземцаў шмат — прыязджаюць зарабляць грошы, шукаць новых партнёраў і гандляваць.

— Мы паказвалі сваю праграму ў клубе, таму выступалі заўсёды ноччу. Але з-за розніцы ў часе атрымлівалася, што наша работа заканчвалася ў 24 гадзіны па мінскім часе, таму рытм жыцця асабліва не збіўся. Часам днём працавалі на карпаратывах. Ездзілі ў горы. Вельмі крута! Былі ў суседнім горадзе, бачылі, як у старых кітайскіх храмах жывуць манахі. Там нават фатаграфаваць нельга.

Яўгенія гаворыць, што ў асноўным танцаваць прыязджаюць іншаземцы. Шмат расіян і ўкраінцаў. Славянская знешнасць і незвычайныя для нацыянальнай культуры нумары прыцягваюць публіку і ствараюць моцную канкурэнцыю мясцовым артыстам.

Галоўнае — ваша бяспека

У выніку абедзве вандроўкі скончыліся добра і дзяўчаты засталіся задаволеныя. А для тых, хто захоча разнастаіць свае канікулы, яны далі некалькі парад. Па-першае, лепш за ўсё не ехаць на заробак аднаму. Паколькі паездка даволі працяглая, не ўсё можа прайсці гладка. Сарыентавацца ў незнаёмай краіне будзе куды прасцей з сябрам.

Па-другое, падрыхтуйцеся. Падцягніце замежную мову, высветліце асаблівасці культуры іншай краіны. Добра, калі вы будзеце ведаць нюансы афармлення працоўнай візы, а таксама адкладзяце грошы на рэйс дадому. Гэта дасць гарантыю, што вы зможаце самастойна вырашыць праблемы, калі тыя раптам узнікнуць.

І галоўнае — пільна выбірайце свайго работадаўца. Як правіла, ёсць менеджар з Беларусі, які шукае людзей, і непасрэдны кіраўнік у Кітаі. Першы ўладкоўвае на работу і, часцей за ўсё, едзе разам з вамі. Ён дапамагае рыхтаваць усе неабходныя дакументы. Будзе карысна знайсці водгукі ад людзей, якія з ім ужо падарожнічалі. Акрамя гэтага, у Беларусі працуе бясплатная інфалінія па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой. Калі вы сумняваецеся ў сапраўднасці кантракта ці добрасумленнасці фірмы, лепш пракансультуйцеся ў спецыяліста.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: За «доўгім» юанем

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.