Вы тут

Спяваць, Улад, не пераспяваць!


Маленькая, але ж вельмі яркая і прыкметная ўсім «зорачка» Уладзіслава Качана ўзышла на музычным небасхіле Смалявіччыны больш за дзесяць гадоў таму. З таго часу, з сярэдзіны нулявых, ён, вучань малодшых класаў харавога аддзялення і класа фартэпіяна дзіцячай школы мастацтваў райцэнтра, упрыгожваў сваім вакалам і непасрэднай манерай выканання ўсе музычныя мерапрыемствы, якія праходзілі ў горадзе, — ці то невялічкі капуснік-канцэрт у сценах ДШМ, раённы баль выпускнікоў альбо святкаванне Дня Незалежнасці нашай краіны. А яшчэ — прадстаўляў Смалявіцкі раён і займаў ганаровыя месцы ў песенных конкурсах рознага ўзроўню — абласных, рэспубліканскіх, міжнародных...


А між іншым, Улад з сям'і, якая не мае дачынення да музычнага мастацтва. І толькі прабабуля, Антаніна Уладзіміраўна Васілеўская, была выдатнай пявунняй, знакамітай на ўсю ваколіцу. Юнаку пашчасціла заспець яе жывой, і менавіта тыя калыханкі і прыпеўкі ўпершыню прыадчынілі яму дзверы ў чароўны свет народнай музычнай творчасці.

Ці марыў хлопчык аб вялікай сцэне — хто ведае... Але з захапленнем збіраў на свае імправізаваныя канцэрты сяброў, суседзяў і мінакоў, якія проста праходзілі паблізу. Аднойчы слухачамі такога вось канцэрта сталі Наталля Іванаўна Сташкевіч і Святлана Рыгораўна Гушчанская — дырэктар і мастацкі кіраўнік Дома культуры пасёлка Усяж. Менавіта Наталля Іванаўна пасля была першым музычным настаўнікам Уладзіслава.

А наступнай лагічнай прыступкай у музычнай адукацыі хлопчыка стала паступленне ў Смалявіцкую дзіцячую школу мастацтваў. Юнак з удзячнасцю гаворыць пра сваіх педагогаў — Надзею Навінскую, Наталлю Новікаву і Наталлю Іванаўну Шаблюк.

— Асабліва абавязаны я Наталлі Іванаўне Шаблюк. Яна — цудоўны харавы дырыжор, кіраўнік акадэмічнага хора. У ДШМ Наталля Іванаўна была выкладчыцай харавых дысцыплін і вакалу. Шмат часу працавалі мы з ёю над пастаноўкай голасу, правільным дыханнем... Менавіта яна дапамагла мне пераадолець вельмі складаны для хлопцаў перыяд мутацыі галасавых звязак у падлеткавым узросце. Дзякуючы ёй мой высокі дыскант пераўтварыўся ў лірычны бас-барытон.

Улад прызнаецца, што і прафесію сабе ён выбраў па прыкладзе Наталлі Іванаўны. Пасля заканчэння сярэдняй і музычнай школ паступіў на факультэт музычнага мастацтва (кафедра харавога і вакальнага мастацтва) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Пад кіраўніцтвам прафесара Альбіны Васілеўны Пякуцькі атрымаў спецыяльнасць «кіраўнік акадэмічнага хору, выкладчык музычных дысцыплін».

І падчас студэнцтва ва Уладзіслава, з яго актыўнай жыццёвай і творчай пазіцыяй, было ўсё — тыя ж конкурсы вакальнага майстэрства, удзел у тэатралізаваных музычных пастаноўках і іншых праектах, выступленні ў якасці вядучага на творчых вечарынах... Працягваў супрацоўнічаць з Домам культуры роднага пасёлка Усяж. Уладзіслаў Качан з'яўляўся кіраўніком дзіцячага эстраднага калектыву «Kаstаlіа», які працаваў пры ДК. Ажыццявіў сваю даўнюю мару — выступіў з сольным канцэртам перад аднавяскоўцамі. Дарэчы сказаць, аўтарам слоў і музыкі да адной з песень, якія гучалі на канцэрце, з'яўляецца сам Уладзіслаў. Прысвечана яна, вядома, роднаму пасёлку.

Юнак гаворыць, што яму вельмі пашанцавала з людзьмі, якіх ён сустрэў у сваім жыцці. Усе дарослыя, якія знаходзіліся з ім побач, былі мудрыя, здольныя разгледзець талент, падтрымаць і не загубіць яго дзіцячую здольнасць марыць. І сям'я заўсёды падтрымлівала і цяпер падтрымлівае яго. У першую чаргу — бацькі, Людміла Уладзіміраўна і Андрэй Аляксандравіч. Бабуля, Ганна Ігнацьеўна Макавеева, швачка з вялікім вопытам, на працягу ўсяго часу шые для артыста канцэртныя касцюмы, займаецца яго прасоўваннем на розныя музычныя конкурсы. А ў ліку тых, хто прывіў Уладу любоў да эстраднай музыкі, была яго цётка, Кацярына Аляксандраўна Грынкевіч, салістка Дома культуры пасёлка Усяж. Прыслухоўваючыся да яе голасу, спявак шукаў асабістую манеру выканання. Улад прызнаецца, што без дапамогі ўсіх гэтых людзей ён бы не здолеў адшукаць сябе, стаць такім, якім ён ёсць сёння.

А сёння Уладзіслаў — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прафесійны спявак. Уладальнік лірычнага бас-барытона нядаўна прыступіў да работы ў праслаўленым калектыве — Акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. А гэта значыць, што пачаўся новы перыяд у яго жыцці і творчасці.

Наперадзе ў юнака — прафесійная дзейнасць у складзе ансамбля. Яго чакаюць чарговыя конкурсы і фестывалі, новыя канцэртныя пляцоўкі, гастрольныя туры па новых гарадах і краінах... Поспехаў табе, Уладзіслаў!

Паліна ПРАКАПЕНЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».