Вы тут

Эфект багамола


Каляжанка па цэху і сябра нашай сям'і выклала ў сацыяльных сетках адну са спрэчак з мужам. Вельмі цікавую, на мой погляд, таму я вырашыў, як той казаў, падхапіць тэму.


У тым абмеркаванні паміж сужэнцамі інтрыга была ўжо ў першым сказе: «Cамка багамола ўчора зрабіла мой вечар». («— Дарагая, я вырашыў, што больш ніколі не буду з табой сварыцца! — Не, вы толькі паглядзіце на яго... Ён вырашыў... А ў мяне ты спытаў?!») Усе ведаюць, што самка багамола адгрызае галаву самцу падчас спароўвання. (Ну, такое не толькі ў гэтых насякомых бывае. «Іду, гляджу, два галубы сядзяць. Адзін другога па галаве — цюк-цюк... Другі натапыраны, але маўчыць, трывае... Муж, мабыць!») І вось, піша каляжанка, прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва ў гэтай сувязі ўпэўненыя, што пазбаўленне часткі цела самца служыць доказам, па-першае, лютасці ўсіх без выключэння самак. («Да жанчыны яго мары яна зусім крыху не дамаўчала...») Па-другое, што ім, прадстаўніцам жаночага полу, толькі гэта і трэба — спароўванне і патомства... («Жанчына створана для таго, каб зрабіць мужчыну шчаслівым. Дзе б гэты няшчасны ні хаваўся...»)

 

Гэта была ўводная частка. Калі ў сваёй праекцыі на род чалавечы я крыху «перагнуў планку», дык, пагадзіцеся — зусім крышачку. У многіх у жыцці часам прыкладна так яно і бывае. («Усё, што жанчына даруе, яна табе потым яшчэ прыпомніць».)

Дык вось, каляжанка вычытала ў адным зборніку навукова-папулярных артыкулаў, што (аказваецца!) галавы багамол пазбаўляецца не проста так, а з сэнсам! («Прашу строга не судзіць майго мужа, паколькі ён у мяне пяты, а я ў яго першая».) Справа ў тым, што мозг мужчынскай асобіны падчас «працэсу» пасылае яго рэпрадуктыўнай сістэме сігналы, якія не дапускаюць апладнетварэння. («Гавораць, самыя добрыя ў ложку мужчыны — кандуктары. Таму што «кандуктар не спяшаецца, кандуктар разумее...») У сухім астатку мы можам сфармуляваць сутнасць канфлікту паміж жанчынай і мужчынам досыць проста. («Далёка не ўсе людзі хочуць жаніцца. Большасць людзей хоча замуж».) У нас, прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, звычайна як? («Калі мужчына перастаў галіцца кожны дзень, мяняць шкарпэткі, прабачацца, гаварыць кампліменты, дарыць кветкі... Усё, супакойся, ён твой!») Мы сустрэлі сваю каханую, нам з ёй хораша. («Знайшоў добрае месца ў жыцці — паркуйся!») А ў жанчын што? Вось-вось...

(«— Дарагі, я ўжо гатовая да дзяцей! — А я не! — Нічога не зробіш. Лета заканчваецца, трэба іх забіраць з вёскі».)

Іншымі словамі, як толькі самка багамолу галаву чыр-чырык, у таго ўсё і атрымліваецца. Адзін раз, але гарантавана. («— У кожным мужчыне, несумненна, ёсць жалезны стрыжань і слабым жанчынам яго не сагнуць. Застаецца адно — пілаваць».) Мне толькі адно цікава: як самка здагадваецца пра сігналы, што самец сам сабе адпраўляе? («Жонка мужу: «— Ты заўважыў, што я з табой другі дзень не размаўляю? — Цішэй ты, я, можа быць, падаўжаць буду».) І вось тут у спрэчцы паміж сужэнцамі пачынаецца самае цікавае. Сяброўка хоць і аддае даніну павагі гераічна загінуламу багамолу, але апраўдвае такі крок найперш рацыянальнасцю. Так, нашчадкі будуць, гены перададзены. («Ты можаш многае сказаць аб жанчыне па яе руках. Напрыклад, калі яны абхопліваюць тваё горла, значыць, дама, верагодна, злёгку расстроеная».)

Я, натуральна, на баку мужа сяброўкі. Той даводзіў, што ад змены прычыны нічога ў прынцыпе не мяняецца: бедны багамол застаецца без галавы і кропка. («Проста дзіўна, наколькі мужчыне прасцей зразумець жанчыну, калі ён з ёй не жанаты»). Да кансэнсусу сябры так і не прыйшлі, але дыскусія ў іх, як прызналіся, была бурная і вясёлая. («Часцей прыслухоўвайцеся да жартаў. Там часам столькі праўды...») Але ж людзі дарослыя, проста сышліся на тым, што, магчыма, калі-небудзь эвалюцыя давядзе справу да таго, каб у самцоў пасябравалі мозг і рэпрадуктыўная сістэма. Ці ў самкі нешта змянілася? («Часам так хочацца забіць мужа, але нельга. Я за яго перад дзяржавай адказваю. Мне яго ў загсе пад роспіс выдалі».) Гэта яны, нагадаю, пра насякомых.

Я ж вазьму на сябе смеласць падоўжыць пазнавальны дыспут, толькі зноў жа на прыкладзе людзей. Як-ніяк — вышэйшых арганізмаў. Тут апроч інстынктаў і інтэлект павінен прысутнічаць. Але, калі ўдумацца, эфект багамола прысутнічае і ў нас.

Праяўляецца толькі па-рознаму. Некаторыя ахвярай становяцца добраахвотна, выбіваючы тым самым для сябе нейкія выгоды. («— Ты падабцаснік! — Я схільны лічыць сябе мужчынам, здольным на разумныя і абгрунтаваныя кампрамісы дзеля сексу і баршчу».) Іншыя самі «прагнуць крыві». («Жанчына павінна выйсці замуж два разы. Адзін раз — для шоку, другі раз — для шыку».) Часта менавіта такія дзве адзіноты і сустракаюцца. («Майстар на ўсе рукі жаніўся з хворай на ўсю галаву. Зараз дурная галава рукам спакою не дае».)

Насамрэч усё прасцей. Трэба сустрэць сапраўды свайго «багамола». І вытрываць пажыць з ім колькі часу. («— Дарагая, давай не будзем сварыцца, а абмяркуем усё спакойна... — Не! Кожны раз, калі мы штосьці спакойна абмяркоўваем, ты маеш рацыю!») Каб стала відавочна, што «адарванне» галавы — аднаразовае задавальненне. Можна ж рабіць гэта ўсё жыццё. Балазе, і хадзіць далёка не трэба... «А жыццё харошае такое, ты ўсміхніся і абдымі...»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.