Вы тут

Прайшла нарада з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта


Гэта мерапрыемства ўжо традыцыйнае. Па меры неабходнасці — прыкладна раз на два месяцы — Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з кіраўніцтвам эканамічнага, сілавога і палітычнага блокаў краіны. Падчас учарашняй нарады з палітычным блокам разглядаліся пытанні кадравай палітыкі, даручэнняў кіраўніка дзяржавы, а таксама ўдасканаленне работы са зваротамі грамадзян.


Фота БЕЛТА

— Унесены некалькі блокаў пытанняў для абмеркавання, якія датычацца, перш за ўсё, кадравай палітыкі, прэстыжу, статусу дзяржаўнай службы. У вас ёсць прапановы і пытанні, я гатовы да абмеркавання, — адзначыў кіраўнік краіны.

Ён нагадаў, што ўжо раней звяртаў увагу кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта на выканаўчую і працоўную дысцыпліну дзяржслужачых.

— Я прасіў праверыць гэтыя пытанні і далажыць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца работы са зваротамі грамадзян, на думку Прэзідэнта, тут трэба выпрацаваць нармальную форму:

— Усё цягнецца з савецкіх часоў. Нехта напісаў у Адміністрацыю Прэзідэнта або на імя Прэзідэнта, нехта скардзіцца на мясцовыя органы ўлады, падначаленых, а мы туды накіроўваем для разгляду гэтыя скаргі і заявы. Непатрэбны паток інфармацыі. Плацім за гэта грошы: пошта вязе туды гэтыя лісты, потым яны іх вам пасылаюць назад. А яшчэ і фельд'егерскую сувязь выкарыстоўваем нятанную. Пара гэтаму пакласці канец, і я папрасіў бы, каб тут былі ўнесены канкрэтныя прапановы.

На нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта прысутнічалі дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман — паколькі, растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, пытанні іх дзейнасці часам перасякаюцца з работай палітычнага блока.

— Гэта не выключае таго, што мы асобна будзем праводзіць нарады з урадам, як мы гэта робім, і з сілавым блокам — па неабходнасці, калі такіх пытанняў назбіраецца дастатковая колькасць, — дадаў Прэзідэнт. — Па-народнаму, нават па-чыноўніцку кажучы, я хацеў бы пабудаваць работу так, каб не было такога меркавання, што немагчыма да Прэзідэнта напрамую данесці вырашэнне тых ці іншых пытанняў. Калі ласка, вось форма работы, прытым, вы тут ініцыятары. Калі такіх пытанняў назапасілася мноства, мы можам часцей праводзіць гэтыя сустрэчы. Калі не, спынімся на той перыядычнасці, якая ёсць.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: любы з прысутных на нарадзе можа далажыць Прэзідэнту любое пытанне ў любы час.

— І ў прынцыпе, так і адбываецца. Мы маем зносіны з вышэйшымі службовымі асобамі пры неабходнасці столькі, колькі патрэбна. Тым не менш, такія нарады дазваляюць канкрэтызаваць гэты кірунак дзейнасці, прыняць адпаведныя меры. Вось, у чым сэнс, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Яго патрабаванне — абысціся без справаздач. Прынамсі, яго ён агучваў і на ранейшых нарадах і рабочых сустрэчах — патрэбны канкрэтныя рашэнні канкрэтных праблем:

— А справаздачы будуць па выніках года, калі будуць канкрэтныя рэзультаты. Таму давайце будзем абмяркоўваць гэтыя пытанні, і папярэджваю ўсіх, што рашэнні, якія мы прымаем тут — няхай нават не фармалізаваныя, а вусныя, павінны безагаворачна выконвацца. Замусольваць пытанні, або схаваць іх у «доўгую скрыню», пад сукно пакласці — не атрымаецца. Тым больш, што сёння нам трэба вызначыцца па сур'ёзнейшых кірунках нашай работы. Ну і, вядома, гучныя пытанні. Гэта таксама тыя праблемы, якія мы павінны сёння разглядаць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З акцэнтам на канкрэтыку і без справаздач

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».