Вы тут

Як заахвоціць насельніцтва актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці


Некалькі гадоў таму на прыём да старшыні Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоля Мацюліна прыйшла адна сям'я. Не з мэтай нешта патрабаваць або паскардзіцца, а з цікавай ідэяй па распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця раёна. Сумеснымі намаганнямі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый і насельніцтва справа была зроблена. Атрымаўся своеасаблівы дакумент, дзе дадзена ацэнка патэнцыялу раёна, актыўнасці мясцовага насельніцтва, яго ўзаемадзеянню з мясцовымі ўладамі, і па пунктах распісаны прынцыпы, мэты і задачы, рэалізацыя якіх дапаможа раёну выйсці на больш якасны ўзровень існавання, а насельніцтву стаць багацейшым і здаравейшым. Але гэта стане магчыма толькі пры ўмове, што кожны жыхар адчуе адказнасць за свае дзеянні і стане актыўным удзельнікам гэтай стратэгіі, лічыць галоўны дэпутат раёна.


Ма­ла­дзёж­ны мік­ра­ра­ён у Ча­ву­сах.

— Выканаўчая ўлада пастаянна б'ецца над рашэннем пытанняў, пастаўленых дзяржавай. Ёсць план сацыяльна-эканамічнага развіцця, паказчыкі, над якімі ідзе пастаянная работа. Маючы рэсурсы, можна зрабіць усё. Але ў нас іх пастаянна не хапае. Цікава, а як будзе жыць насельніцтва, калі зусім прыбраць гэта фінансаванне? Што наогул з'яўляецца базай устойлівасці развіцця? — задаецца пытаннямі Анатоль Мацюлін.

У Чавускім раёне стала добрай традыцыяй абмяркоўваць пытанне адказнасці на сельскіх сходах. Вельмі важна, каб гэта адклалася ў свядомасці вялікай колькасці людзей.

Апошнім часам адбылася нейкая падмена паняццяў. Сучасны беларус усё часцей імкнецца вырашаць па сутнасці свае праблемы за казённы кошт, нічога пры гэтым сам не зрабіўшы. Нават свята вёскі для жыхароў арганізоўваюць у асноўным дзяржаўныя структуры. Прыехалі калектывы — паспявалі, гандаль — накарміў, камунальнікі — прыбралі. А жыхары дзе?

— Мне даводзілася вывучаць вопыт распрацоўкі стратэгіі ўстойлівага развіцця ў Заходняй Германіі, — кажа старшыня райсавета. — Нас вучылі, як чуць людзей, як развіваць самакіраванне. Трэба, каб любая прапанова ішла ад жыхароў. Гэта яны павінны быць ініцыятарамі. Толькі тады яны будуць цаніць зробленае. Калі мы нейкую лаўку паставілі, то імкнёмся замацаваць яе абслугоўванне за камунальнікамі. А вось у Германіі наадварот. Мясцовым органам самакіравання выдзяляецца ўчастак зямлі, за які яны нясуць адказнасць. Яго трэба будзе прыбіраць, рамантаваць гэтую лаўку, калі спатрэбіцца, а калі неабходнасць у ёй знікне — прыняць рашэнне яе знесці і зноў перадаць участак гораду. Адчуваеце розніцу? Мы звычайна звяртаемся да ўлады і патрабуем. А калі яны зробяць, хочам, каб гэта яшчэ і абслугоўвалася за кошт дзяржавы. Потым здзіўляемся: чаму зробленае ніхто не цэніць? Але багатыя не тыя, хто можа зрабіць прыгожа, а тыя, хто не траціць лішніх грошай. Мы шмат чаго робім для людзей, прыцягваем розныя крыніцы фінансавання — бюджэт, сродкі прадпрыемстваў, але нельга сказаць, што нашы жыхары бедныя настолькі, што не могуць самі нешта зрабіць. Проста ў іх такога жадання няма. Таму задача нашых органаў самакіравання растлумачыць, што, толькі калі мы самі зробім тое, што пажадалі, гэта будзе танней для ўсіх.

Ча­ву­сы збі­ра­юц­ца стаць устой­лі­вы­мі ў сва­ім раз­віц­ці.

У раёне сёння рэалізуецца 11 ініцыятыў з міжнароднай дапамогай, кожная вельмі патрэбная і сацыяльна значная. Чавуская дзіцячая школа мастацтваў працуе па ўцягванні ў занятасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Ваўкавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа вучыць насельніцтва правілам выкарыстання адходаў, чавуская сярэдняя школа №2 — распрацоўвае дызайнерскія хады па ўпрыгожванню горада.

— Усё гэта добра і карысна, але мы не заўсёды ўлічваем, наколькі гэта будзе ўстойлівым, — перажывае старшыня райсавета. — Чавускія школьнікі сёлета такія прыгожыя клумбы зрабілі, вачэй не адарваць. Я спытаў у іх, ці дапамагалі ім жыхары саджаць кветкі, хто наогул жыве ў тым раёне, ці ведаюць яны, хто і навошта ім гэтыя кветкі пасадзіў. Дзеці адразу ж выказалі жаданне абысці жыхароў і пагутарыць. Але гэта трэба рабіць раней. Трэба кіравацца ідэяй устойлівасці. Ці прыжывецца гэта добрая справа наогул? А можа, гэта зусім нікому не патрэбна?

Падчас работы над праектам устойлівага развіцця Чавускага раёна была дадзена ацэнка моцным і слабым бакам яго існавання. Тут шмат цудоўных куточкаў прыроды, унікальных крыніц, гістарычных месцаў, архітэктурных помнікаў, ёсць выдатныя пляцоўкі для будаўніцтва жылля і спартыўных збудаванняў.

І разам з тым не вельмі добра развіты турызм, нізкая прадпрымальніцкая дзейнасць насельніцтва, шмат пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці, мясцовыя мала знаёмы з гістарычным, культурным і прыродным патэнцыялам чавускай зямлі, моладзь з'язджае на вучобу ў гарады і часцей за ўсё назад ужо не вяртаецца. Гэта толькі некалькі пунктаў, але і іншыя вельмі падобны на тыя, што існуюць сёння ва ўсіх невялікіх населеных пунктах Беларусі. Але ў Чавусах гэта асэнсавалі і распрацавалі план, як павярнуць сітуацыю ў лепшы бок.

— Сёлета мы выйшлі на новы ўзровень развіцця органаў самакіравання — маладзёжны парламент, створаны пры раённым Савеце дэпутатаў, — кажа Анатоль Мацюлін. — Выбралі 30 чалавек — прадстаўнікоў аграгарадкоў, прадпрыемстваў, буйных школ. Як правіла, стараста на вёсцы — гэта пенсіянер. А дзе моладзь? Мы прыйшлі да таго, што сярод органаў самакіравання не хапае маладзёжнай праслойкі. Мы кажам пра моладзь, што гэта прыярытэт развіцця краіны, на пятым Усебеларускім народным сходзе ён быў заяўлены на адным узроўні з экспартам і інавацыямі. Чвэрць насельніцтва краіны — моладзь, а хто яе прадстаўляе на ўзроўні мясцовага самакіравання? Трэба рыхтаваць лідараў для новага склікання, каб яны ўсё ж такі ішлі ў дэпутаты, хацелі сябе паказаць, папрактыкаваліся, узялі адказнасць перад іншымі. Мы запрашаем моладзь на нашы сесіі, прапануем ёй агучваць праблемы, не прыцягнутыя за вушы, а сапраўдныя. Калі малады чалавек не навучыцца гаварыць і ацэньваць, ад такога самакіравання не будзе толку. Усе прагаласавалі за адну кандыдатуру, і нікому няма справы, як яна будзе спраўляцца. Раней такая сістэма сябе апраўдвала. Але цяпер іншы час. Давайце разам абмяркоўваць надзённыя тэмы. Чаму, напрыклад, у доме, дзе толькі што зрабілі рамонт, бардак? І чаму нікому да гэтага няма справы? Толькі прааналізаваўшы сітуацыю, мы зможам яе выправіць. І за кошт гэтага забяспечыць устойлівасць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: А мы самі — дзе?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».