Вы тут

Якому вопыту замежных калег у сферы ЖКГ нам варта павучыцца


Яшчэ нядаўна ўсе паслугі ў сферы ЖКГ у Мінску выконвалі дзяржаўныя службы, прычым самі сабе іх заказваючы і аплачваючы. Падзел функцый заказчыка і падрадчыка стаў адным з ключавых момантаў праведзенай рэформы. Цяпер на аказанне кожнай асобна ўзятай паслугі, ці то ўборка пад'ездаў, ці бягучы рамонт, праводзіцца тэндар сярод дзяржаўных і прыватных кампаній.


Сістэму пакуль складана назваць дасканалай, бо галоўны крытэрый для перамогі — нізкая цана, што не заўсёды гарантуе добрую якасць. Акрамя таго, дзяржаўныя службы, хоць і пераўтвораныя, дзякуючы свайму вопыту пакуль маюць значныя перавагі перад прыватнікамі-пачаткоўцамі, якія толькі-толькі пачынаюць прыходзіць на гэты рынак.

У многіх еўрапейскіх краінах дзяржава пакідае за сабой толькі ролю заказчыка, у той час як функцыі падрадчыка цалкам перадае ў рукі прыватных кампаній. Так, напрыклад, у Вялікабрытаніі ўлады займаюцца пераважна кантролем за тарыфамі. А вось у Францыі і Бельгіі тарыфы вызначаюцца падчас правядзення тэндара — гэта бліжэй да нашай сістэмы. У Іспаніі адказ на пытанне: хто будзе выконваць работы? — залежыць ад тыпу паслугі: больш маштабныя бярэ на сябе дзяржава, перадаючы дробныя задачы прыватным фірмам. Пры гэтым падрадчык замацоўваецца не за ўсім раёнам у цэлым, а за кожным шматкватэрным домам паасобку.

Цалкам выключаная са сферы ўплыву дзяржавы камунальная гаспадарка ў ЗША. Дапамагае захоўваць парадак досыць жорсткае заканадаўства ў гэтых пытаннях, а таксама высокая канкурэнцыя, што дазваляе не толькі не ўсталёўваць завоблачныя цэны, але і падтрымліваць высокую якасць паслуг. Тым не менш для краін, якія толькі разглядаюць варыянт пераходу да такой сістэмы, стрымальным фактарам з'яўляецца тое, што па першым часе без дзяржаўнага рэгулявання цэны на паслугі могуць рэзка вырасці.

Важны момант — у ЗША даныя з лічыльнікаў аўтаматычна счытваюцца і адпраўляюцца ў кампаніі. Спажывец можа быць нават не ў курсе, якія грошы ён плаціць за камунальныя паслугі.

Дагавор можна аформіць такім чынам, каб неабходныя сумы пераводзіліся з рахунку без непасрэднага ўдзелу плацельшчыка. Да такіх новаўвядзенняў гатовыя далёка не ўсе: неяк надзейней пераправерыць усё самому. Раптам збой сістэмы? А вось ад абавязацельстваў самастойна правяраць расход вады ці электраэнергіі, разбіраючыся ў незразумелых лічбах і сістэмах, думаем, многія з радасцю б адмовіліся. На шчасце, змены ў гэтым кірунку ўжо ёсць.

Сам сабе рэжысёр

І ўсё ж усе сістэмы павінна аб'ядноўваць адно: разуменне таго, што галоўнай дзеючай асобай у любым выпадку застаецца грамадзянін. А значыць, у яго павінна быць дастаткова магчымасцяў, каб выбраць для сябе найбольш аптымальны варыянт абслугоўвання.

Возьмем хоць бы ацяпляльны сезон. Савецкі час, калі ўсе павінны былі быць роўныя нават у тэмпературы абагравання кватэр, даўно прайшоў. А ўсталяваць адзіную ідэальную тэмпературу для ўсіх жыхароў шматкватэрнага дома немагчыма, хоць яна і павінна падладжвацца пад умовы надвор'я за акном — дзякуючы спецыяльным датчыкам, якія знаходзяцца на сценах дамоў. Асабліва шмат пытанняў узнікае ў сувязі з будучым змяненнем тарыфаў на ЖКГ, так, з пачатку наступнага года мы яшчэ не будзем аплачваць ацяпленне цалкам, але задумацца аб рацыянальнасці варта загадзя.

Замест таго, каб па-старому пастаянна трымаць прыадчыненай фортку, значна больш выгадна адрэгуляваць тэмпературу пад сябе. У большасці сучасных кватэр ёсць адпаведнае абсталяванне. Праўда, ад гэтага сума ў жыроўцы не зменіцца, калі не абзавесціся індывідуальным прыборам уліку цяпла.

Дарэчы, у еўрапейскіх краінах даўно прызвычаіліся да таго, каб адключаць або істотна змяншаць ацяпленне на перыяд паездак, а ў некаторых выпадках і на час, пакуль чалавек знаходзіцца на рабоце.

У нас падобнае стаўленне чамусьці асацыюецца са сквапнасцю, хоць адмаўляць мэтазгоднасць гэтага падыходу і недарэчна. Сума за камунальныя паслугі падасца не такой жахлівай, калі навучыцца іх разумна выкарыстоўваць. Пакуль жа мы можам без усялякіх ваганняў пакідаць адкрытым кран, на пяць хвілін адлучыўшыся па «важных» справах, ці ўключаць святло па ўсёй кватэры, хоць пастаянна знаходзімся толькі ў адным пакоі, — гэта ж нібыта дробязі.

Жыхары многіх іншых краін ад такой няўважлівасці былі б у шоку, бо ў іх гэта можа абярнуцца істотным «пахудзеннем» кашалька. Так, шмат дзе ў Еўропе нават умываюцца набранай у ракавіну вадой, не кажучы ўжо пра тое, каб чысціць зубы пад «спевы» бягучай вады. У рэгіёнах, дзе бываюць разавыя магутныя ападкі, напрыклад у Аўстраліі і Бразіліі, у многіх нават шматкватэрных дамах абсталююць сістэму збору ліўневай вады. Для піцця яе, вядома ж, не выкарыстоўваюць, затое ўжываюць для іншых бытавых патрэб.

А, Б, В і іншыя літары алфавіту

Пра тое, што не толькі тарыфы — у залежнасці ад мэт выкарыстання памяшкання (пустуе яно ці не), колькасці жыхароў у кватэры, іх узросту і сацыяльнага статусу, — але і самі жыллёва-камунальныя паслугі могуць быць дыферэнцыраванымі, у Беларусі задумаліся не так даўно. А гэта ж досыць просты спосаб пазбегнуць грамадскай незадаволенасці. Гаворка ідзе не пра кожную сям'ю індывідуальна, як вышэй, а пра шматкватэрны дом. І ўсё ж у гэтым выпадку значна лягчэй прыйсці да згоды, чым тады, калі прапаноўваць адзінае рашэнне адразу ўсім жыхарам раёна, а то і горада ў цэлым. Нельга паспрачацца з тым, што нават у двух суседніх дамах вобраз «сярэдняга прадстаўніка» можа кардынальна адрознівацца, што адбіваецца на фінансавых магчымасцях. Таму, хутчэй за ўсё, у найбліжэйшы час мы самі будзем вызначаць, умоўна кажучы, як часта трэба фарбаваць лавачкі менавіта каля нашага пад'езда.

Пакуль жа актыўна абмяркоўваецца тэма ўвядзення ў Беларусі дыферэнцыраваных тарыфаў на ўборку пад'ездаў. Залежаць яны будуць як ад паверхавасці дома, так і ад пераліку паслуг і частаты іх аказання. Прычым жыхарам высотак, у якіх больш за 20 паверхаў, прыйдзецца заплаціць з чалавека амаль у 6,3 раза больш, чым тым, хто пражывае ў пяціпавярхоўцы.

Што датычыцца «пакетаў» паслуг, то тут варыянтаў усяго тры: А, Б і В — і адрозніваюцца яны толькі перыядычнасцю сухой і вільготнай прыборкі, у тым ліку столі, сцен, дзвярэй, плафонаў і ацяпляльных прыбораў, мыцця вокнаў, прыборкі кабіны ліфта, склепа, гарышча, тэхнічнага паверха, тэхнічных памяшканняў і памяшканняў спецыяльнага прызначэння. Напрыклад, вільготная прыборка ў самым бюджэтным варыянце «В» будзе праводзіцца два разы на месяц, пры сярэднім тарыфе — раз на тыдзень, самы дарагі прадугледжвае мыццё пад'езда яшчэ ў два разы часцей. Цяпер у нас для ўсіх ужываецца самы бюджэтны варыянт, і на якасць і перыядычнасць прыборкі даволі часта паступаюць скаргі. Пасля ўвядзенне дыферэнцыраваных тарыфаў незадаволеныя змогуць выбраць аптымальны для сябе варыянт, каб, як у рэкламе, правесці белай пальчаткай па сцяне лесвічнай клеткі, а яна — ідэальна чыстая. Тыя ж, хто ў імкненні хутчэй дабрацца да дзвярэй кватэры нічога не заўважае вакол, змогуць сэканоміць «капейчыну», якая ніколі не бывае лішняй.

Што да іншых краін, то сістэма «на любы густ» паспяхова функцыянуе там ужо даўно. У Вялікабрытаніі, напрыклад, гэта выяўлена ў муніцыпальным падатку, памер якога залежыць ад прэстыжнасці раёна: крытэрый складана назваць аб'ектыўным. Штосьці накшталт, выбіраеш раён — выбіраеш адпаведны ўзровень паслуг і аўтаматычна прымаеш іх кошт. Дарэчы, гэтая тэндэнцыя прыходзіць і ў Мінск: усё радзей можна ўбачыць новую элітную шматпавярхоўку, якая горда ўзвышаецца сярод «хрушчовак». Дамы ўзводзяць у межах цэлых жылых комплексаў, якія нагадваюць сапраўдны горад у горадзе.


Падводзячы вынікі, варта адзначыць, што, акрамя самой сістэмы, дзве асновы жыллёва-камунальнай гаспадаркі — прыродныя ўмовы і стаўленне людзей. Складана «спаборнічаць» у рацыянальнасці з тымі, хто цэлы год можа выкарыстоўваць тую ж сонечную энергію. Што да людзей, то перамены ў свядомасці адбываюцца паступова. І наконт таго, што эканомія і сквапнасць — гэта розныя рэчы, і наконт таго, што калі не праявіш асабістага ўдзелу, ні адна служба пра цябе не паклапоціцца...

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу



Якія прапановы па паляпшэнні арганізацыі работы ЖКГ ёсць у вас?

Сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі хвалюе практычна кожнага дарослага жыхара нашай краіны. Крытычных заўваг хапае, аднак толькі неабыякавасць грамадзян дазволіць вырашыць усе праблемныя аспекты. Мы высветлілі ў людзей, якія наўпрост або апасродкавана звязаны з ЖКГ, што ж неабходна зрабіць, каб палепшыць работу ў гэтай сферы.

Старшыня Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта Анатоль БАНДАРЭНКА:

— Калі шчыра, я не ўносіў бы нейкія прапановы. У нас маленькі рэгіён, і тое, што прымаецца на ўзроўні дзяржавы, мы прымаем і паўнавартасна рэалізоўваем. Я адзначыў бы, што ў нас няма праблемных момантаў. Вядома, ёсць бягучыя пытанні, але ўсе яны паступова вырашаюцца. Мне спадабалася тое, што прапанавалі на рэспубліканскім семінары аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Раней ЖКГ сам быў заказчыкам паслуг, сам іх аказваў і сам сябе правяраў. Зараз з'явіўся незалежны заказчык, які на канкурэнтнай аснове выбірае, хто будзе аказваць паслугу. Гэта можа быць дзяржаўнае і прыватнае прадпрыемства з любога рэгіёна. І мне здаецца, што гэта выдатная ідэя.

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Столінскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь БЕРАЗОЎСКІ:

— Я ўнёс бы наступную прапанову: трэба на заканадаўчым узроўні дазволіць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам самім вызначаць зоны для абслугоўвання тэрыторый, прылеглых да індывідуальных жылых дамоў. А як зараз? У нас ёсць дакумент — пастанова Савета Міністраў №1087 ад 2013 года, у якім прапісана, што землекарыстальнік адказвае за парадак у межах зямельнага ўчастка. У Століна ёсць гарады-пабрацімы ў Германіі, Латвіі. Наша дэлегацыя прыязджала да іх, мы пыталіся: хто побач з участкам прыбірае — камунальныя службы або жыхары? І ўсё ж такі гэта самі грамадзяне. Яны на мясцовым узроўні прынялі адпаведныя рашэнні. Я хацеў бы, каб такі нарматыўны акт быў прыняты і ў нас альбо ўнесены змяненні ў дзейнае заканадаўства, каб дазволілі мясцовым выканаўчым і распарадчым органам вызначаць межы прылеглых тэрыторый і іх абслугоўванне ўласнікамі індывідуальных жылых дамоў.

Старшыня Александрыйскага сельскага выканаўчага камітэта Шклоўскага раёна Аляксандр ШАРСЦЯНЁЎ:

— Мая першая прапанова датычыцца стабільнасці зацверджанага графіка вывазу смецця ў вёсках. Так, ён існуе, але менавіта яго зменлівасць мне не вельмі падабаецца. Бывае так: то транспарт ламаецца, то людзі не паспяваюць прыехаць. Увогуле, гэта важны аспект, на мой погляд. Я задаволены працай ЖКГ, аднак нашым супрацоўнікам гэтай сферы не хапае мабільнасці. У іх толькі адзін аўтамабіль, які практычна ўвесь час абслугоўвае водную гаспадарку. Нават у самога начальніка мясцовага ЖКГ няма легкавога аўтамабіля, і ён падладжваецца пад мой графік, таму належны кантроль усталяваць не атрымліваецца. Патрэбны ж планавыя аб'езды — напрыклад, для кантролю за станам агароджаў, якіх у нас, напэўна, набярэцца кіламетраў на 15—20 па працягласці. Становішча могілак, якіх у нас 37, трэба паглядзець. І ўсе гэтыя праблемы, на жаль, затарможваюць работу. Яшчэ момант, які ўскосна датычыцца ЖКГ, — гэта якасць вады, у нас перабор жалеза. Не хапае грашовых сродкаў, каб замяніць фільтры на станцыях абезжалезвання.

Дырэктар Пружанскага камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Камунальнік» Алег ШОПІК:

— Я лічу, што структура жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна быць прыватная. Такая сістэма існуе на Захадзе, у Польшчы — і яна працуе нармальна, без усякіх праблем. Я не кажу, што цяпер ёсць шмат праблем, проста ўсё працуе не зусім так, як трэба. Мне здаецца, што дзякуючы прыватнаму фармату знікнуць лішнія «надбудовы», скажам так. Кожны жыхар павінен разумець, што гэта яго дом, а не пляваць на падлогу, пасля чаго тэлефанаваць у ЖКГ і прасіць, каб прыбралі. Наколькі рэальная такая трансфармацыя? Глядзіце, працуюць жа жыллёва-будаўнічыя кааператывы, і ніхто ў іх не скардзіцца. Я не ведаю, колькі часу гэта можа заняць, але па правілах усе жыхары павінны прыняць удзел у абмеркаванні і падтрымаць такое рашэнне. Чым такая сістэма лепшая? Людзі ведаюць, што прыйдзецца ўсё рабіць за іх грошы, а не пісаць паперы ў розныя інстанцыі, каб выдзелілі субсідыі. У людзей карэнным чынам зменіцца стаўленне да ЖКГ. Але работа самой структуры не зменіцца — мы займаліся б тым жа, што робім і цяпер.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: ЖКГ і ў Афрыцы ЖКГ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?