Вы тут

Каханне, грошы і медыкі ў трыадзінстве «Лістапада»


Праз некалькі тыдняў сталіцу захопіць магія кінематографа — адкрыецца XXIV Міжнародны кінафестываль «Лістапад». Праграму арганізатары раскрываць не спяшаюцца, але некаторымі цікавымі фактамі пра сёлетні кінафорум, які адбудзецца з 3 па 10 лістапада, усё ж падзяліліся.


Кадр з фільма «Арытмія» (рэж. Б. Хлебнікаў).

За пачуццямі!

Кажуць, што лёс карабля залежыць ад яго назвы. Але насамрэч што можа быць больш важным за дэвіз? Штогод арганізатары кінафестывалю прыдумваюць арыгінальныя слоганы, і сёлетні — не выключэнне. «Лістападаўскія» стужкі глядач убачыць пад слоганам «Ісціна, любоў і прыгажосць». Чаму? Дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» Ігар Сукманаў патлумачыў, што менавіта гэтыя словы, гэтыя пачуцці і з’явы — трыадзінства, якое немагчыма аддзяліць ад прыроды кінематографа: «Выбітны рэжысёр ЖанЛюк Гадар сцвярджаў: “Кіно служыць менавіта для таго, каб даць магчымасць бачыць”. Бачыць ісціну, паколькі малюнак сам па сабе заўсёды праўдзівы. Бачыць прыгажосць свету, якая можа хавацца ў грубай рэальнасці і раскрывацца ў майстэрскіх мізансцэнах, палітры гукаў, акцёрскай кінагеніі. І, вядома, бачыць любоў — рухавік усялякага сюжэта, пачуццё, якое здольна пераўтварыць чалавечы сусвет і без якога неймаверна вялікае мастацтва». У сваю чаргу арганізатары абяцаюць гледачам сустрэчы менавіта з такімі фільмамі: яны будуць зачароўваць, распавядуць пра сумленне і пакажуць гарачыя пачуцці.

Цэны на жыццё

Вядома, што фільм-адкрыццё фестывалю — гэта заўсёды нешта выбітнае, часам за межамі разумення. Сёлета конкурсную праграму «Лістапада» адкрые якраз такая карціна — «Арытмія» расійскага рэжысёра Барыса Хлебнікава, прэм’ерны паказ якой адбудзецца ў межах цырымоніі адкрыцця 3 лістапада ў кінатэатры «Масква».

Барыс Хлебнікаў ствараў «Арытмію» разам з вядомай сцэнарысткай Наталляй Мяшчанінавай (вучаніца дакументалісткі Марыны Разбежкінай), якая працавала над фільмам «Камбінат “Надзея”». Адна з абавязковых і характэрных рыс фільмаў Хлебнікава — акцёр Аляксандр Яцэнка. Рэжысёр адзначыў, што кастынг на галоўную ролю ладзілі цягам чатырох месяцаў, але спыніліся на любімым акцёры. І рашэнне падаецца правільным: за ролю Яцэнка атрымаў узнагароды на «Кінатаўры» і ў Карлавых Варах. Наогул, саму «Арытмію» можна назваць правільным рашэннем: у Сочы, дзе заваяваў Гран-пры, фільм атрымаў прыз глядацкіх сімпатый і разглядаўся ў якасці намінанта на прэмію «Оскар» ад Расіі.

 «Арытмія» — гэта «вытворчая» драма пра работнікаў «хуткай дапамогі». Тыя, хто ўжо бачыў фільм, адзначаюць, што гэта экскурс у бытавое жыццё з яго саркастычнасцю, гумарам і пяшчотай. Галоўныя героі — урачы, таму, безумоўна, ведаюць цану жыцця, але часам ставяць жыцці іншых перадусім. Што тычыцца ўласнага — сям’і, кар’еры, асабістых памкненняў, — гэта пачакае. Барыс Хлебнікаў паставіў перад сабой і камандай нялёгкую задачу — адказаць на пытанне: «Што ж выратаваць лягчэй: іншых ці сябе?»

Галівуд па-беларуску

Як і падчас мінулагодніх фестываляў, сёлета на «Лістападзе» будзе працаваць індустрыяльная платформа: арганізатары абяцаюць навучыць ствараць сцэнарыі на мільён. Дарэчы, беларускі сцэнарый «Саламонава гара» атрымаў спецыяльны прыз журы ScripTeast на сёлетнім Канскім кінафестывалі. Магчыма, гэта толькі пачатак паспяховасці айчынных сцэнарыстаў?

На індустрыяльнай платформе міжнародныя эксперты будуць даваць удзельнікам рэкамендацыі па тэхніках стварэння гісторый для кіно, распавядуць, як прадаць сцэнарый. Словам, будуць парады, якія можна выкарыстаць на практыцы. Дарадцамі стануць людзі з багатым досведам работы на рынку кіно: напрыклад, Ганна Гудкова, арганізатар пітчынгу на кінафестывалі «Кінатаўр», якая працавала над карцінамі «Піцер FM», «Усе памруць, а я застануся», «Метро», серыялам «Знахар». Сярод тых, хто будзе ацэньваць работы ўдзельнікаў платформы, ёсць і міжнародныя эксперты: італьянскі кінакрытык і праграмны кансультант Венецыянскага кінафестывалю Франчэска Джаі Віа; каардынатар праекта MIDPOINT (які супрацоўнічае з Інстытутам «Sundance», праграмай «Berlinale Talents») Хрысціна Плгонёва з Чэхіі; прадзюсар і член адборачнай камісіі капрадукцыйнага рынку ў Італіі When East Meets West Даніэль Хачэвар. Пітчынг праектаў платформы пройдзе 6 лістапада.

Дзе тлумачэнні?

Шчасця шукаюць усе, у тым ліку і героі кінастужак. Гэтаму будзе прысвечана праграма дакументальных фільмаў «Мужчынскае-жаночае», дзе рэжысёры 4 стужак паспрабуюць даць тлумачэнне пачуццям, прыцяжэнню і, вядома, каханню.

Апантаным сучаснасцю цікавы будзе фільм «Новае жыццё Гогі»: герой вяртаецца з-за кратаў і шукае нявесту праз інтэрнэт. Зразумела, сапраўдная аказваецца не вельмі падобнай да свайго профілю ў інтэрнэце, але прэтэндэнтка на руку і сэрца — баявая жанчына, якая вырашае ўступіць у барацьбу за новую сябе і любоў Гогі. Яшчэ адзін кінематаграфічны дыямент — стужка «Happy». Карціна ўнікальная, бо аўтарам створана экранізацыя ўласнай гісторыі: бацька рэжысёра хоча ажаніцца з маладой тайскай жанчынай. Ужо цяпер сюжэт выклікае шмат пытанняў: што з розніцай ва ўзросце ды менталітэце? Каб разабрацца ў заблытанай сітуацыі, рэжысёр разам з бацькам накіроўваецца ў Тайланд: асабістая гісторыя ператвараецца ў прыгодніцкае кіно на тэму кахання. Пакорлівасць любові з боку розных узростаў вывучае стужка «Avec L’Amour»: гісторыя кахання пажылога прафесара і яго захаплення — рэтрамабіляў. Але ці ёсць у гэтым трохкутніку месца для жонкі? Закрые «пачуццёвую» праграму польскае кіно «Вузы» пра сапфіравае вяселле пары, у якой не абышлося без здрадніцтва.

Дырэктар праграм неігравога кіно Ірына Дзям’янава адзначае: «Усё тлумачыцца каханнем! Як інакш можна зразумець, чаму гераіня прымае дзівацтвы свайго мужа і шмат гадоў аплачвае яго хобі? І мужчыны, і жанчыны ідуць на ўступкі, але, забягаючы наперад, скажам: пакуль 4:0 на карысць жанчын».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».