Вы тут

У Мінску прадставілі ўнікальныя фотаздымкі Льва Дашкевіча


Грандыёзная падзея адбылася на мінулым тыдні ў Мінску. У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы, на якой прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі з жыцця творцаў. Вялікая частка экспазіцыі прысвечана сяброўству і сумеснай працы знакамітых асоб — фатографа і паэта. Арганізатарамі праекта выступаюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Нацыянальны гістарычны музей і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.


Выстаўка знаёміць з рэдкімі здымкамі: прадстаўлены арыгіналы фатаграфічных работ Льва Дашкевіча, выкананыя майстрам у розных манерах і тэхніках з 1900 па 1950 гады, асабістыя рэчы фатографа з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама новыя матэрыялы, якія былі знойдзены апошнім часам.

На адкрыццё выстаўкі з Масквы прыехаў унук беларускага фотамайстра Леў Дашкевіч-малодшы і падарыў гістарычнаму музею сямейную фотакамеру.

— Гэта найбольш поўны збор работ майстра ў Беларусі. Работы таго часу безыменныя, але Леў Дашкевіч змог у іх захаваць вялікі зрэз гісторыі, — падкрэслівае ўнук фотамастака. — Таму не хочацца даваць яго фатаграфіям імёны, у іх хочацца паглыбляцца. У Францыі майстар асвоіў высакародныя метады друку фатаграфіі. На выстаўцы прадстаўлены некалькі здымкаў на акварэльнай малявальнай паперы. Гэта вельмі рэдкая тэхніка друку. У гісторыі беларускай фатаграфіі такіх фатографаў больш няма. За сто гадоў да нас ён ужо ведаў, як зрабіць фатаграфію вытанчанай. Гэта другая выстаўка аўтара ў краіне. Першая была ў 2002 годзе, менавіта тады беларускія фатографы паспрабавалі паўтарыць усе тэхнікі, у якіх працаваў Леў Дашкевіч. Многія пасля таго працягваюць у іх працаваць, нібыта прайшлі школу фатаграфіі майстра.

Льва Дашкевіча доўгі час называлі забытым фотамастаком. Яго імя вярнулася дзякуючы ізраільскаму фотамастаку Аліку Замосціну, які ў архіўным аддзеле Нацыянальнага гістарычнага музея стаў праглядаць старыя фотаздымкі, увагу прыцягнулі тыя, што быццам намаляваныя пэндзлем.

— Гісторыя нашай выстаўкі развівалася амаль па дэтэктыўным сюжэце. Справа ў тым, што значная частка творчай спадчыны Льва Дашкевіча была страчана, імя яго напаўзабытае, — распавядае дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў. — Аднойчы наш навуковы супрацоўнік Надзея Саўчанка звярнула ўвагу на ўнікальныя па сюжэтах і выкананні старыя здымкі, якія захоўваюцца ў фондах і падпісаныя ініцыяламі LD. Яна правяла пошукавыя работы, у выніку якіх было ўстаноўлена: здымкі зрабіў мінчанін Леў Дашкевіч. Імі зацікавіўся фотамастак Алік Замосцін.

ініцыятыве Замосціна фатаграфіі былі беражліва адноўлены. Унікальную работу правёў ізраільскі фатограф, спецыяліст па фотарэканструкцыі Барыс Равіч. Так з'явілася выстаўка майстра «Святло і цень», прэзентацыя якой прайшла ў Іерусаліме ў 2016 годзе. Тое, што прадстаўлена на выстаўцы цяпер, — паўнавартаснае вяртанне Льва Дашкевіча ў родны Мінск і прызнанне яго таленту. Цяпер Дашкевіч трывала заняў сваё месца ў беларускай культуры.

Яго работы глыбока індывідуальныя, іх лірыка і пранікнёнасць зачароўвае. Майстар таніраваў адбіткі, атрымліваліся чырвона-карычневыя, зелёна-блакітныя, сінія фатаграфіі. Ён прамалёўваў контуры алоўкам і чарніламі, дзеля галоўнай задачы — стварэння эмацыянальнага, запамінальнага вобраза. Мастацтвазнаўцы падкрэсліваюць, што Леў Дашкевіч ведаў амаль усё не толькі пра фатаграфію свайго часу, але і цяперашняга. Сярод яго герояў не сустрэнеш звычайных твараў і безэмацыянальнасці. Ён ствараў фатаграфічныя паэмы.

Леў Дашкевіч першы ў Беларусі распрацаваў і стаў чытаць курс лекцый па фатаграфіі. Акрамя прафесійнага захаплення фатаграфіяй, ён займаўся навуковымі даследаваннямі ў галіне рэнтгенаграфіі, вывучаў уплыў біялагічнага ўльтрафіялету на трофіку і рэгенерацыю тканак, у выніку распрацаваў унікальную методыку паскоранага зажыўлення ран.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.