Вы тут

Звяраем гадзіннікі


Пашана да сербскай літаратуры — трывалы грунт палітычных стасункаў

Кнігі Беларусі будуць прадстаўлены на 62-м Бялградскім міжнародным кніжным кірмашы, які пачынаецца ў нядзелю. Прадстаўнічую дэлегацыю накіроўвае ў Сербію Рэспубліка Беларусь. На пытанні «ЛіМа» пра развіццё беларуска-сербскіх асветніцкіх стасункаў на сучасным этапе адказвае міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ:


— Ці спрыяюць іміджу краіны міжнародныя кніжныя кірмашы за мяжой, у якіх апошнім часам актыўна ўдзельнічае Беларусь?

— І не толькі іміджу нашай краіны, але і ўвогуле спрыяюць развіццю, умацаванню палітычных, сяброўскіх стасункаў з Сербіяй. Мяркуйце самі: у выстаўцы ў Бялградзе ўдзельнічаюць усё новыя і новыя прадстаўнікі айчыннага кнігагандлю, беларускіх літаратурна-мастацкіх масмедыя, беларускіх кніжных выдавецтваў. З ранейшых паездак свае ўражанні пра Сербію кніжную прывозілі і Аляксандр Вашкевіч, кіраўнік «Белкнігі», і Ігар Дудзіч, дырэктар «Белсаюздруку», і Уладзімір Андрыевіч, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», і Вікторыя Калістратава, дырэктар выдавецтва «Народная асвета», і Аляксей Чарота, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман», і прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар філалагічных навук  Іван Чарота... Наўмысна згадваю канкрэтных творчых,  адміністрацыйных асоб, каб акрэсліць шырокую зацікаўленасць у стасунках Беларусі і Сербіі ў частцы кніжнай, літаратурна-мастацкай. Не магу не згадаць ранейшага амбасадара Беларусі ў Сербіі Уладзіміра Мікалаевіча Чушава, які спрыяў арганізацыі такіх паездак, праграме розных мерапрыемстваў у час паездак. На выстаўках у Бялградзе ёсць што паглядзець, ёсць чаму павучыцца. Спадзяюся, што з часам нашы выдаўцы навучацца яшчэ і супольныя праекты рэалізоўваць.

— І ўсё ж у выніку ці актывізуецца супрацоўніцтва паміж аўтарамі і выдаўцамі? Можа, ёсць канкрэтныя прыклады?

— Толькі што ў нас пабачыла свет невялікім накладам кніга Нэвены Вітошавіч-Чэкліч — дзіцячай праваслаўнай пісьменніцы Сербіі. Дарэчы, выдадзена яна ў перакладзе на беларускую мову ў многім дзякуючы «Белкнізе». Летам ці крыху раней выйшаў зборнік Максіма Багдановіча «Вянок» на сербскай мове. Перакладчыца — Даяна Лазарэвіч. Пра гэта ўжо шмат пісалася ў беларускім друку. Выданню спрыяла беларускае пасольства ў Сербіі. Даяна — яшчэ і ўкладальнік, збіральніца бібліяграфіі пра беларуска-сербскія стасункі. Паказальнік на гэтую тэму нядаўна пабачыў свет у Бялградзе. Дарэчы, Даяна не толькі перакладае паэзію і прозу з беларускай на сербскую, але і сама піша арыгінальныя беларускія вершы. Друкавалася з імі ў «Літаратуры і мастацтве». Спадзяёмся, што вершы Даяны Лазарэвіч будуць змешчаны і ў нашых часопісах, а мо пабачаць свет і асобнай кнігай па-беларуску. Становіцца пэўным правілам, што час ад часу ў беларускую літаратуру прыходзяць прадстаўнікі іншамоўнага свету. Пагадзіцеся, цікавая і, пэўна, крыху незвычайная з'ява. Канешне ж, неверагодна шмат робіць прафесар Іван Чарота, перакладаючы сербскую літаратуру, сербскую дакументальную, праваслаўную літаратуру на беларускую і рускую мову, ажыццяўляючы ў Беларусі (і не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх славянскіх краінах) процьму творчых і навуковых праектаў. Відаць, далёка не ў  кожнай краіне свету Сербія мае такога паўнамоцнага прадстаўніка сваёй літаратуры, сваёй культуры. За руплівым беларускім сербістам цягнецца моладзь. Будзем верыць, што мост беларускасербскіх асветніцкіх стасункаў будзе толькі трываліцца. 

Шкада, што няма ранейшай увагі да сербскай паэзіі, як было ў 1960 — 1980-я гады. Тады неверагодна шмат было зроблена Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным. Вельмі шмат было здзейснена публікацый Дэсанкі Максімавіч і іншых паэтаў яе пакалення па-беларуску. Між іншым, зараз у адным з беларускіх выдавецтваў рыхтуецца да друку новая беларуская кніга Дэсанкі Максімавіч. 

— Якім чынам (і па якім прынцыпе) выбіраюцца кнігі, што прадстаўляе Беларусь на замежных кніжных кірмашах: тэматыка, афармленне, магчымасць прадаць ці, наадварот, паказаць сябе?

— Гэта ажыццяўляюць выдавецтвы краіны. Ды і міністэрства звяртае ўвагу на тое, што будзе прадстаўлена ад Беларусі на нашым кніжным стэндзе. Вядома, асноўнае месца займае мастацкая, папулярная літаратура, кнігі па гісторыі Беларусі. Заўсёды ў Сербію адпраўляюцца выданні твораў нашых класікаў. І не абыходзіцца без дзіцячай літаратуры. Стараемся звяртаць увагу на кнігі, адзначаныя ў Беларусі на конкурсе «Мастацтва кнігі». Праз альбомы імкнёмся расказаць пра беларускае выяўленчае мастацтва. Не забываемся і на фотаальбомы, якія прадстаўляюць маляўнічую беларускую прыроду. 

— Ці запланаваны ўдзел  пісьменніцкай  інтэлігенцыі Беларусі ў мерапрыемствах у Сербіі падчас кірмашу?

— Аляксей Чарота прэзентуе часопіс «Полымя» з адмысловым сербскім выпускам, што быў здзейснены ў верасні гэтага года. А прафесар Іван Чарота прадставіць гасцям, удзельнікам выстаўкі кнігу Нэвены ВітошавічЧэкліч. 

 Мяркую, што і сёлетняя сустрэча беларускіх і сербскіх пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў дасць новыя творчыя імпульсы, новыя творчыя ініцыятывы.

Гутарыў Сяргей ПАЎЛАЎ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».