Вы тут

Прэзентавана парадная форма для алімпійскай зборнай Беларусі


Камплект парадна-грамадзянскай формы для беларускіх спартыўных дэлегацый, якія ўдзельнічаюць ў зімовых ХХІІІ Алімпійскіх і ХІІ Параалімпійскіх гульнях 2018 года ў Пхёнчхане, створаны на аснове апошніх тэндэнцый сусветнай моды.


Беларускі дызайнер і аўтар праекта Людміла Лабкова падчас мерапрыемства расказала:

— Для мяне галоўнае — паказаць магчымасці беларускіх прадпрыемстваў. Галоўным чынам таму, што давер беларускага пакупніка да айчынных вытворцаў усё ж пакуль вымушае жадаць лепшага. І таму наш праект накіраваны менавіта на папулярызацыю айчыннай прадукцыі. Гэта мая асабістая галоўная мэта ў межах праекта. Вядома, мы прадстаўляем краіну, таму нам хочацца выглядаць не толькі годна, але і самабытна, запамінальна. Мы і паспрабавалі ўвасобіць гэту думку ў праекце.

Адно з галоўных пытанняў, якое цікавіла ўсіх прысутных, — чым быў абумоўлены выбар менавіта шэрага колеру?

— Чаму менавіта ён? Шэры колер для Беларусі — гэта зімовы колер, — кажа Людміла Лабкова. — Ён найлепшым чынам паказвае беларускую прыроду гэтай пары года. Што датычыцца сусветных фэшн-трэндаў, то спалучэнне шэрага і чырвонага — гэта трэнд зімніх калекцый 2018 года. Таму шэры колер быў выбраны нездарма, — падкрэсліла дызайнер.

Для дзяўчат прапанаваны шэры касцюм, які складаецца з вузкіх пакарочаных штаноў з лампасамі і жакета на адным гузіку з фрачным каўняром, пад які можна надзець або прынтаваны джэмпер, або кашулю. Камплект для мужчын складаецца са штаноў, пінжака, сарочкі і фуфайкі.

Для хлопцаў — камплект з клецістых штаноў-бананаў і твідавага пінжака.

Галоўнай адметнай рысай, акцэнтам, які закліканы абазначыць нацыянальную прыналежнасць каманды, з'яўляецца спецыяльна створаны элемент беларускага арнаменту ў выглядзе сняжынкі, які ўвабраў у сябе сімвалы абярэгаў «маці», «ураджай», «поспех».

Такі арнамент вылучыць беларускіх спартсменаў сярод алімпійцаў іншых краін і падкрэсліць нацыянальную прыналежнасць.

— Капіраваць арнамент на беларускім сцягу на гэты раз мы не сталі, а стварылі свой прынт. Я спадзяюся, што гэты арнамент — сняжынка — прыжывецца і будзе запатрабаваны беларускімі пакупнікамі, — растлумачыла дызайнер.

Стала вядома, што ў хуткім часе, а менавіта ў лютым, паступяць у продаж элементы формы беларускай зборнай.

— Аб цане казаць яшчэ рана, але яна не будзе перавышаць кошт, усталяваны для пашыву камплектаў для саміх алімпійцаў, — расказаў намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам».

Анастасія ГРУК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Форму пашылі. Засталося толькі перамагчы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.