Вы тут

У Палацы Незалежнасці абмеркавалі стан жыллёва-камунальнай гаспадаркі


У рамках рэспубліканскага семінара «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» на ўзроўні кіраўніка дзяржавы былі разгледжаны пытанні кошту паслуг ЖКГ, тарыфаў, рамонту жылля, цеплазабеспячэння, абыходжання з адходамі, водазабеспячэння і водаадвядзення, працоўнай дысцыпліны і кадравай палітыкі сферы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які вёў пленарнае пасяджэнне семінара, даў шэраг прамых даручэнняў кіраўнікам галіны, адказным урадавым асобам, а таксама губернатарам.


Размежаваць адказнасць

На працягу бягучага года і ў апошнія месяцы на самым высокім узроўні быў абмеркаваны шэраг пытанняў, датычных асобных сфер жыцця краіны. Гэта і адукацыя, і спорт, і навука, і сельская гаспадарка, і развіццё бізнесу. У гэтым шэрагу, адзначыў учора кіраўнік краіны ва ўступным слове, істотнае месца займае і жыллёва-камунальная гаспадарка. Тут сапраўды наспела шмат пытанняў. Настаў час іх разгледзець і прыняць неабходныя рашэнні — пры гэтым не забыць азнаёміцца з перадавым замежным вопытам і пераняць самае лепшае.

— Мэта сённяшняга мерапрыемства — комплексна адказаць на выклікі і пытанні, якія ўзнікаюць у нашым грамадстве ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і намеціць шляхі далейшага руху ў гэтым кірунку, шляхі развіцця гэтай сферы, — заявіў беларускі лідар.

У галіне, на якасць работы якой Прэзідэнт рэгулярна звяртае пільную ўвагу, зроблена многае ў тым, што датычыцца зніжэння сабекошту, павышэння якасці паслуг і развіцця тэхналогій. Цікавы факт: 66% насельніцтва краіны станоўча ацэньваюць працу жыллёва-камунальных службаў — гэта ўжо нядрэнна.

— Дай бог, каб гэта было так, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але давайце лепш будзем гэта падвяргаць сумненню — каб лепш працаваць. Не трэба забываць, што амаль трэць апытаных дае рабоце сістэмы ЖКГ негатыўную ацэнку. Па значнасці для насельніцтва гэтыя пытанні займаюць другое месца пасля занятасці. І пакуль у адрас сістэмы чуецца крытыка, супакойвацца рана.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што трэба выразна размежаваць для насельніцтва, што павінна ў плане ЖКГ рабіць дзяржава, а што — самі людзі. Гэта звязана з тым, што ёсць скаргі, — маўляў, недзе не адрамантавалі, недзе не пафарбавалі. У той жа час жыллё ў большасці сваёй прыватызавана, адпаведна, многае службы ЖКГ рабіць не павінны. Пры гэтым, дадаў Прэзідэнт, трэба мець на ўвазе, што не кожны чалавек, нават калі ён прыватызаваў жыллё, можа сам справіцца ўнутры яго з работамі. Старыя, хворыя, інваліды — гэта тыя, каму дзяржава павінна дапамагчы.

Пад'ёмныя тарыфы

Кіраўнік дзяржавы нагадаў: неаднаразова дамаўляліся, што тарыфы павышаюцца толькі на пяць долараў у год і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва.

— Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8% і пачынаеце далей пужаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10%. І гэта пры тым, што са снежня ўсе аб'ектыўна будуць плаціць болей у сувязі з уключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход!

Прэзідэнт задаў лагічнае пытанне: чаму нельга індэксаваць тарыфы, калі няма ацяплення, і, адпаведна, жыроўкі значна лягчэйшыя? Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу: з 2018 года праводзім разавае павышэнне тарыфаў толькі на пяць долараў і ў далейшым — ніякага росту без ведама Прэзідэнта. Тарыфы павінны быць пад'ёмнымі для народа.

— Не трэба бударажыць насельніцтва размовамі пра стапрацэнтнае пакрыццё кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта пытанне ў тым ліку палітычнае, і спешка тут недапушчальная.

Даволі вострую тэму з адыходам ад перакрыжаванага субсідавання кіраўнік дзяржавы таксама агучыў. З акцэнтам на тое, што галоўны прыярытэт беларускай сацыяльнай палітыкі — гэта інтарэсы людзей, а не ведамстваў і розных міжнародных структур.

— Мы пастараемся да 2020 года адысці ад перакрыжаванага субсідавання, — паабяцаў кіраўнік дзяржавы і дадаў: — Гэтага вельмі хоча прамысловы сектар краіны. Калі ласка, мы не супраць. Але вам прыйдзецца падняць зарплату, прытым істотна.

Палітыка дзяржавы — сацыяльная. У тым ліку і ў абмеркаванай сферы. Адпаведна, патрабаванне кіраўніка краіны: ні адзін чалавек, ні адна сям'я, якія не маюць магчымасці аплаціць жыллёва-камунальныя паслугі, не павінны заставацца без дапамогі дзяржавы. Улады абавязаны гарантаваць падтрымку любому, хто акажацца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Ліфты — як мае быць

Капітальны рамонт жылля — тэма, якая заўсёды на слыху. Штогод у краіне капітальна рамантуецца больш за два працэнты жыллёвага фонду, усё больш рэальным становіцца дасягненне жаданых трох працэнтаў. У той жа час на якасць і тэрміны правядзення капрамонту па-ранейшаму паступае шмат скаргаў. А ад асобных прынятых рашэнняў — напрыклад, датычна ліфтаў — увогуле залежыць жыццё людзей. Прэзідэнт канстатаваў: трэцяя частка ліфтаў, якія эксплуатуюцца, выпрацавала свой тэрмін.

— Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі з году ў год інфармуе пра тое, што расце рызыка ўзнікнення аварый і няшчасных выпадкаў. І чаго мы чакаем? Пакуль ліфты не пачнуць падаць, як у нас некаторыя балконы? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў удзельнікаў семінара: не дай бог недзе ўпадзе ліфт, і нагадаў, што некалі з гэтым таксама цягнулі і адкладвалі да лепшых часоў. У выніку — судовыя расследаванні і крымінальныя справы.

Патрабаванне беларускага лідара: да 2020 года ўвесь ліфтавы фонд прывесці ў належны стан. Спасылкі на недахоп сродкаў не прымаюцца. Дарэчы, айчынны завод па вытворчасці ліфтаў у Магілёве робіць сучасныя ўзоры такой машыны. З прадпрыемствам можна дамовіцца наконт схем крэдытавання пры неабходнасці. З іншага боку, прамыслоўцы павінны паклапаціцца пра якасць сваёй прадукцыі.

Цяпло — без імпарту

Адна з самых важных і самых дарагіх паслуг ЖКГ — цеплазабеспячэнне. Больш за 30% ад сумы жыроўкі зімой ідзе на ацяпленне і падагрэў вады. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: тут ёсць велізарныя рэзервы для эканоміі. Зніжэнне долі імпартных газу і энерганосьбітаў, за якія мы расплачваемся валютай, прымушае нас актыўна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, а ў перспектыве электрычную энергію Астравецкай АЭС.

— Ужо нікому не трэба сёння даказваць, што вытворчасць цеплавой энергіі на мясцовых відах паліва сябе апраўдала, — канстатаваў Прэзідэнт. У прыклад ён прывёў Віцебск. У горадзе працавала кацельня на газе, сабекошт цяпла быў каля 100 рублёў. Зрабілі рэканструкцыю, перавялі на шчэпкі — стала менш за 65 рублёў.

Водазабеспячэнне і водаадвядзенне таксама абмяркоўваліся падчас семінара. У Беларусі забяспечана стапрацэнтная даступнасць насельніцтва да пітной вады. Але  застаецца праблема з яе якасцю.

26% проб вады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях не адпавядаюць патрабаванням нарматываў па колькасці жалеза. Забяспечанасць станцыямі абезжалезвання па краіне складае 42%. Гэтае пытанне неабходна вырашыць да 2025 года, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

— І зусім недапушчальна тое, што некаторыя рэгіёны не маюць ачышчальных збудаванняў і дагэтуль увесь бруд збіраецца на палях фільтрацыі. Не буду доўга спыняцца на гэтым пытанні. Ёсць самыя сучасныя формы ачысткі — укараняйце.

Наступная тэма — абыходжанне з адходамі. Штогод у краіне ўтвараецца чатыры мільёны тон цвёрдых камунальных адходаў. Для захавання ўсяго іх аб'ёма выкарыстоўваецца 168 палігонаў і каля 1500 міні-палігонаў у сельскай мясцовасці. Больш за 90% з іх пабудаваны ў часы СССР.

— Мы ведаем, што гэта за палігоны і міні-палігоны. Новаму міністру прыродных рэсурсаў пастаўлена жалезная задача разабрацца з тымі, хто адказвае за гэтыя палігоны, і асабліва з тымі, хто гэтыя палігоны стварае дзе папала. Гэта значыць засмечвае лясы, дарогі, прыдарожныя палосы і гэтак далей.

Міністэрству жыць

Гаворачы пра далейшае ўдасканаленне існуючай структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Прэзідэнт падкрэсліў: неабходна разумная цэнтралізацыя пры дастатковай свабодзе дзеянняў на месцах.

— Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі быць, развівацца, станавіцца цэнтрам прыняцця рашэнняў і несці адказнасць за якасць, паўнату і даступнасць усяго спектра жыллёва-камунальных паслуг, што аказваюцца насельніцтву. Усялякія размовы пра тое, ці будзе яно — трэба спыняць. Гэта рашэнне — кампетэнцыя Прэзідэнта. А сёння міністэрства працуе і будзе працаваць заўтра.

Яшчэ адно даручэнне Аляксандра Лукашэнкі: структуру работы галіны і механізмы ўзаемадзеяння неабходна ўніфікаваць у залежнасці ад колькасці насельніцтва ў населеных пунктах. Але асноўнае патрабаванне — структура павінна быць адзіная і кіраваная. А ад структурных змен не павінен пакутаваць ні адзін спажывец. Людзям няважна, ці змяняецца нешта ў сістэме ЖКГ. Для іх галоўнае, каб у доме было суха, светла і цёпла.

Яшчэ адзін нюанс — сістэма ЖКГ павінна супрацоўнічаць з навукай. Павінна быць двухбаковая сувязь: вучоныя — сістэма ЖКГ.

— Чаму б не ініцыяваць сумесныя праекты, не выкарыстоўваць асобныя прадпрыемствы ў якасці эксперыментальных навуковых пляцовак? — прапанаваў беларускі лідар.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Па пунктах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».