Вы тут

Арганізатары кінафестывалю «Лістапад» аб'явілі праграму


Шчыра кажучы, я яшчэ не паспела асэнсаваць усё, што ўбачыла на мінулым кінафестывалі «Лістапад», а ён ужо абвяшчае новую праграму, і гэтая праграма дзіўная, выкшталцоная, першакласная. У ёй — Азербайджан, Індыя, Куба, Кыргызстан, Румынія, Грузія, Туніс і, навічок на «Лістападзе», Албанія. Тут інтэлектуальныя і глядацкія, аўтарскія і жанравыя, ігравыя і дакументальныя, дзёрзкія і «сталыя» карціны. Кіно, што разліваецца атмасферай альбо б'е эмоцыямі наводмаш; што падкупляе рэалістычнасцю альбо прапануе свой унікальны свет; што выкрывае блізкія нам праблемы альбо дапамагае даведацца аб нечым пакуль непазнаным... Фільмы, якія вы наўрад ці дзе-небудзь яшчэ ўбачыце на вялікім экране ды і на маленькім, магчыма, таксама. І, канешне, асаблівая частка «Лістапада», якую нельга абмінуць увагай, — Нацыянальны конкурс, які па азначэнні збірае найлепшае беларускае кіно апошняга часу. Адным словам, 3 лістапада распачынаецца сапраўднае, прабачце за культывуемы шаблон, свята кіно. Праграма абвешчана, а значыць прыйшоў час складаць карту сваіх зацікаўленасцяў.


Кадр з фільма адкрыцця "Арытмія".

165 карцін з 55 краін. Шэсць конкурсаў, якія ўключаюць у сябе 94 фільмы. Кінатэатр «Масква» як пляцоўка для цырымоній адкрыцця і закрыцця. Кінатэатры Falcon Club Буцік Кіно, «Цэнтральны», «Мір», «Піянер» і «Беларусь» як асноўныя цэнтры пагружэння ў кіно. Традыцыйныя сустрэчы з аўтарамі. Індустрыяльная платформа. Глядацкае галасаванне.

«Мы прагледзелі больш за пяцьсот карцін і пастараліся адабраць найлепшае з таго, што ёсць у сучасным кіно, — дзеліцца дырэктар праграм ігравога кіно «Лістапада» Ігар Сукманаў. — У нас няма прахадных фільмаў. Усё, што будзе паказана на «Лістападзе», — гэта прадмет асаблівага, у тым ліку нашага, гонару. Мы паспрабавалі спалучыць, можна сказаць, неспалучальнае: аўтарскія, сур'ёзныя, глыбокія інтэнцыі і кіно, разлічанае на шырокую публіку. Мы будзем усміхацца і выціраць слёзы, кіно будзе радаваць нас мовай, стылем, зместам і прыносіць задавальненне. Гэтыя работы апроч іншага авеяны прызамі і ўдзелам у шматлікіх міжнародных кінафестывалях. Зараз быў аб'яўлены лонг-ліст кінапрэміі «Оскар» і аказалася, што трынаццаць карцін з гэтага спіса будуць прадстаўлены на сёлетнім «Лістападзе». У нас будуць карціны, што заваявалі галоўныя ўзнагароды Канскага і Берлінскага кінафестываляў, безумоўна, сустрэчы са шматлікімі яркімі кінематаграфістамі. Да нас прыедуць рэжысёры, што дэкларуюць «ісціну, любоў і прыгажосць» — той самы дэвіз, вакол якога сабралася наша калекцыя».

Фільмам адкрыцця стане «Арытмія» аднаго з найцікавейшых прадстаўнікоў аўтарскага расійскага кінематографа Барыса Хлебнікава. Асноўны конкурс ігравога кіно складаецца з дванаццаці карцін, акцэнт праграмы, як заўсёды, робіцца на краінах посткамуністычнай прасторы. Гэтая геаграфія насамрэч ахоплівае большую частку сушы: у конкурс трапілі карціны са знакамі Цэнтральнай Азіі, Кубы, Балтыйскага рэгіёна, Балкан.

У асноўны конкурс ігравога кіно трапілі пераможца фестывалю ў Карлавых Варах «Маленькі крыжаносец», зняты чэшскім рэжысёрам Вацлавам Кадрнкай, грузінскі рэжысёр Георгій Авашвілі з карцінай «Хібула», карціна з Кыргызстана «Кентаўр» Актана Арыма Кубата, азербайджанскі фільм Ільгара Наджафа «Гранатавы сад». Тут будуць і ўлюбёны «Лістападам» літоўскі рэжысёр Шарунас Бартас з карцінай «Іней», фільм «Рахманая» Сяргея Лазніцы, паказаны на апошнім Канскім кінафестывалі, расійскі фільм Юсупа Разыкава «Турэцкое сядло». Аматарам арт-кіно Ігар Сукманаў прапануе звярнуць увагу на карціну «Лістапад» Райнера Сарнета і кажа, што ён нікога не пакіне абыякавым.

У асноўны конкурс дакументальнага кіно таксама ўваходзіць дванаццаць фільмаў. Адзін з іх будзе беларускі: якраз на «Лістападзе» адбудзецца прэм'ера апошняй работы Вольгі Дашук «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам». У асноўны конкурс дакументальнага кіно трапілі і дэбюты, напрыклад, расійскі фільм «Апошні вальс» Юліі Бабковай пра апошнія месяцы жыцця кампазітара Алега Каравайчука, які шмат працаваў у кіно, у тым ліку на нашай кінастудыі.

У сваю чаргу Ігар Сукманаў падкрэслівае асаблівасць «Лістападзіка» — конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, які мусіць зацікавіць не толькі падлеткаў, але і дарослых, тым больш, што шмат з гэтых фільмаў трапляюць не толькі ў дзіцячыя секцыі, але дэманструюцца і дарослай аўдыторыі. «Гэта не проста забаўляльныя жанравыя гісторыі. Мы спрабуем паказаць карціны, што сур'ёзна размаўляюць менавіта з маладымі людзьмі, прапаноўваючы ім уступаць у дарослае жыццё без аніякіх ружовых акуляраў. Робіцца гэта далікатна і разам з гэтым вельмі праўдзіва». Французская карціна «Падарожжа Фані», напрыклад, закранае тэму халакосту, а фільм «Подых жыцця» Іран сёлета выстаўляе на саісканне прэміі «Оскар».

Нарэшце, конкурс «Маладосць на маршы», які традыцыйна падае першыя і другія карціны найбольш яркіх маладых рэжысёраў сусветнага кіно, сёлета ўключае ў сябе адзінаццаць фільмаў.

Праграмны дырэктар вылучыў з сёлетняга конкурсу некалькі сенсацый, сярод якіх адна з найгалоўнейшых падзей апошняга Канскага кінафестывалю расійская карціна «Цесната» і карціна Ёнаса Карпіньяна, якому спрыяе сам Марцін Скарсэзэ, «Чамбра» пра цыганскую суполку. З «Маладосцю на маршы» звязана і першае з'яўленне на «Лістападзе» Албаніі — з фільмам «Дзень пачынаецца» Генціана Кочы. Але найбольш прыемная навіна звязана з тым, што ў конкурс упершыню з 2010 года трапіла беларуская карціна — ёй стала работа Юліі Шатун «Заўтра».

Яна ж будзе значыцца і ў Нацыянальным конкурсе, які сёлета прадставіць трыццаць адзін беларускі фільм, сярод якіх ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя работы. Тут можна сустрэць ужо знаёмыя карціны і тым больш знаёмых аўтараў, але трапяцца і новыя імёны, знаёмства з якімі яшчэ толькі мае адбыцца. Куратар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк кажа, што з-за недастатковых колькасці і якасці дасылаемых работ з фарміраваннем праграмы ўзнікаюць пэўныя складанасці: «Прычынай гэтаму, зразумела, з'яўляецца няпростае становішча сучаснай беларускай кінаіндустрыі, якое ў першую чаргу датычыцца ігравога кіно, у меншай ступені — дакументальнага і анімацыйнага. Галоўныя крытэрыі адбору для нас — гэта выразнасць аўтарскага выказвання і актуальнасць кінамовы. І ў гэтым годзе, як і ў мінулыя, у нас атрымалася сабраць фільмы, якія, на наш погляд, адпавядаюць сучасным тэндэнцыям сусветнага кіно і адначасова адлюстроўваюць жыццё беларусаў. Акрамя заявак, дасланых на фестываль, мы кожны год праводзім «даследчую» працу — шукаем новыя работы беларускіх рэжысёраў, у тым ліку тых, хто вучыцца і працуе за мяжой. У сёлетнім конкурсе, напрыклад, будзе паказаны фільм беларуса Сашы Сцяльчэнкі «Імітацыя», зняты ў знакамітай Чэшскай кінашколе FAMU. Акрамя аўтараў, што ўжо не першы раз удзельнічаюць у Нацыянальным конкурсе, такіх, як Андрэй Куціла ці Улада Сянькова, на шчасце, з'яўляюцца новыя імёны. Галоўнае адкрыццё гэтага года — дэбютны поўнаметражны фільм «Заўтра» Юліі Шатун. Важная задача Нацыянальнага конкурсу — быць сувязным звяном паміж беларускім і сусветным кіно, і на шчасце, у міжнародным прасоўванні, якому мы стараемся садзейнічаць, ужо ёсць некаторы прагрэс. Сёлета, напрыклад, на кінафестывалі ў нямецкім Котбусе будзе прадстаўлена асобная праграма беларускіх фільмаў, многія з якіх у свой час прымалі ўдзел у «Лістападзе».

Закрываць Лістапад будзе «падарунак шырокаму гледачу» — рэкардсмен лакальнага сербскага і чарнагорскага кінапракату «Восеньскі самурай» Даніла Бекавіча, першая ў гісторыі сербскага кіно карціна ў жанры баявых мастацтваў. «Гэта для тых, хто настальгіруе па 1990-х гадах, калі на піку папулярнасці былі Шварцэнэгер, Джэкі Чан, Сільвестр Сталоне і Жан-Клод ван Дам», — кажа Ігар Сукманаў.

Сёлета «Лістапад» ужо не будзе ўзнагароджваць Золатам, Серабром і Бронзай. Магчыма, такія змены справакавала пераўвасабленне журы кінапрэсы ў журы FІPRESCІ, то-бок Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў, да якой сёлета далучыліся дзесяць беларусаў. У выніку пераможцы атрымаюць Гран-пры, прыз FІPRESCІ і прыз глядацкіх сімпатый.

Старшынёй журы асноўнага конкурсу ігравога кіно стане венгерскі рэжысёр Бенедыкт Флігаўф — яго карціна «Лілі Лейн» атрымала Золата мінулага Лістапада.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «У нас няма прахадных фільмаў»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.