Вы тут

«Да халеры розных знакаў начапляў даішнік Якаў...»


Жыла-была... Ці вам казаць: пачынаюцца так не толькі казкі, але і зусім праўдзівыя гісторыі.

Значыць, жыла-была маладая сямейка, і расло ў ёй дзіцятка — адно. А каб яму не так сумна было, бацькі чаго ні куплялі: кніжкі, цацкі, дыскі з песнямі-казкамі, плэеры, пазлы, потым — розных рыбак, жывёл...

Але ж неяк прыходзіць матуля дамоў, а сын яе няшчасны-няшчасны. Кажа праз слёзы: «Пацучок памёр». «Што ж, так бывае, — суцяшае малога маці. — Зараз мы з табой возьмем прыгожую каробачку, пакладзём яго, занясём у парк і пахаваем. А потым — купім торцік, кока-колу, ты запросіш сяброў...»

Разважае яна вось гэтак, шкадуе мальца, а сама тым часам ідзе да клеткі з пацучком і бачыць, што той — нічога падобнага — жывы!

Думаеце, малы таксама ўзрадаваўся? Не. Ён спытаў: «Мама, а можа я яго прыдушу?»

...Прычым тут жанчына з каровамі і запраўка? Не паверыце, але сувязь ёсць. Прынамсі, не так даўно даказана, што калі ў кока-колу (на здымку, бачыце, вітрына з ёй?) наліць трохі малака, то праз шэсць гадзін адстойвання кола ачысціцца ад ўсіх сваіх прымесяў, і атрымаецца... чысты бензін.

Зрэшты, пра ўсё — і гэта, і многае іншае — лепш не прозай, лепш вершамі, калі яны ёсць. Ну, у прыватнасці, ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:

Адшукала наша Клаўка

Траўку — побачкі з запраўкай:

Без хвашчу, без бадзякоў —

Канюшынка белая...

Напасе сваіх кароў

Гаспадынька смелая!

Смелая таму, што ў неналежным месцы з каровамі пераходзіць дарогу? Ці таму, што збіраецца пасвіць іх, мякка кажучы, абы дзе?

Пра гэта аўтарка, на жаль, не піша. Але ж адказы на пытанні ў пошце ёсць — ад мінчан сужэнцаў Астроўскіх. Менавіта з іх канверта — па-першае, слушная просьба-папярэджанне:

Не выходзьма на дарогі

Без належнай асцярогі!

Беражом сябе й каровак,

Бо гіблота безгаловых:

Так газуюць ліхачы —

Не паспееш уцячы!

А па-другое, — канстатацыя відавочнага:

Цётка ўбачыла траву

І падумала: «Жыву —

На запраўцы ўсе ўмовы,

Каб наеліся каровы!

...Цягне бедных цётка Саша,

Бо не мае іншай пашы!

Каб што лепшае, а вось гэта, на жаль, бывае. І людзі не маўчаць:

На бяду для цёткі Машы

Зааралі ў вёсцы пашу.

Што ж ёй зараз загадаць:

Чым каровак «запраўляць»? —

перажывае разам з гаспадыняй спадарыня Святлана Моніч з Маладзечна. А Іна Алісевіч з Уздзеншчыны дадае:

Крыўдна Зорачцы з Малютай —

Добрай пашы — у абрэз,

Вось і ходзяць па пакутах:

Не «спрыяе» ім прагрэс.

На яго ж наракае і спадар Мікола Кісель з Мінска. Ён у шасці радках цэлую карціну малюе — алеем, можна сказаць.

Дзень на ўзлеску каля рова

Ядзя пасвіла каровак.

Ёй не ў думках быў прагрэс...

Вечарком дамоў прыгнала,

А хлява — як... не бывала:

Там асфальт і АЗС.

Згадзіцеся, рэдкая неспадзяванка ды і тэмпы такія ж: як бачыш, усё змянілася! А вось да лепшага ці да горшага? Як сведчыць рэдакцыйная пошта, і да тога, і да другога. Ад спадара Віктара Сабалеўскага з Узды канстатацыя фактаў:

У наш век, такі тэхнічны,

Інтэрнэтаўскі, хімічны,

Столькі чулі!.. І такога...

Не здзіўляе ўжо нікога,

Што Лысуха ў цёткі Зіны

Ранкам нюхае бензіну.

І Мальвіна слабасць мае —

Дужа колу паважае.

Розныя, выходзіць, густы — у кароў! Што ўжо казаць пра людзей? А вось самі яны — кажуць.І нават пішуць: «Мяркую, што кабета са здымка — вялікая аматарка кока-колы, і таму з каровамі напрасткі шыбуе да вітрыны з гэтым напоем. А вось муж яе іншую слабасць мае», — лічыць спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў і нават падказвае сужэнцам шлях да прымірэння:

Ясь здаўна аматар піва,

Яня — кока-колы.

А таму яно не дзіва,

Што ў сям'і расколы...

Дам параду: «До мудрыць!

Малако вам трэба піць:

Во дзе асалода!

І ў хаце згода».

Лёгка яе прадбачыць — чыста тэарэтычна, а вось як дасягнуць, калі...

Чыстую праўду піша спадарыня Чыгрынава:

Ну й дастала ж нас рэклама,

Бо пішчом... І ў вочы прама —

У газетах, на экранах,

Са слупоў, з дзвярэй у крамах:

Чыпсы, дрыпсы, кока-кола...

Фанта, шманта (во назола!)

Нейкі спрайт і газіроўка...

На халеру ўжо й кароўка?

Лагічнае пытанне. Як і адказ таго ж спадара Гаўрыша: каб... працаваць.

У каго сягоння нафта—

У таго й даляры:

Свае фірмы, свае яхты,

Вілы на Канарах...

А шчыруеш на зямлі —

Ці ўзаб'ешся на рублі?..

Вілы, праўда, маеш:

Імі гной кідаеш.

Чаму так атрымліваецца? Ды таму (мае рацыю спадарыня Чыгрынава) што

Малаку цана — капейкі,

А гаручаму — рублі.

Так прыдумаў ёлуп нейкі,

Каб сагнаць людзей з зямлі.

І, згодзімся, ён дамогся свайго, то-бок сагнаў... Але ж, дзякуй богу, не ўсіх! З таго ж канверта:

Да халеры розных знакаў

Начапляў даішнік Якаў,

Ды Маруся напрасткі

Цягне Мілак да ракі.

Для каровак там прысмакі,

А ўсе знакі ёй да с...

Ну, вы здагадаліся... Бо жанчына, як правіла, ведае, што робіць. А тым больш, калі яна (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў) — гаспадыня гэтай запраўкі і працуе на ёй, як належыць, як дыктуюць, у прыватнасці, час і рынак:

Законам для Зіны

Жаданне любое:

Камусьці — бензіну,

Каму — сырадою...

А вось на думку спадарыні Алены Пятроўскай з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна, з кароўкамі на здымку не хто іншы, як заклапочаная матуля, у якой

Доні замуж закарцела,

Бо Пакровы на дварэ...

Ды жаніх — хлапец у целе,

Без каровы не бярэ.

Вось і спяшаецца маці на выручку, хоча мець зяця, а гэты, падобна, чалавек не дурны: ведае (як і спадарыня Алена Кулік з Валожыншчыны), што

Куды лепш за колу будзе

Малако сваіх кароў:

Як штодзень «бярэш на грудзі»,

Дык не знаеш дактароў!

Праўда, наконт «грудзей» ёсць яшчэ адно меркаванне (прычым досыць нечаканае) — ад спадарыні Веры Жук з Гродна. Яна, уважліва паглядзеўшы на здымак, піша:

Напаі кароў вадой, —

Атрымаеш сырадой.

А калі ім колы даць,

Можна... віскі атрымаць!

Гэта, згадзіцеся, ужо нешта, прычым новае (пра тое, што колай можна выводзіць плямы, адмываць унітазы, вокны і посуд, травіць мурашак, асвятляць няўдала пафарбаваныя валасы і г. д. вы, напэўна, чулі). А калі праўда пра віскі?..

Яшчэ адзін прыклад узаемасувязі: жывеш — хочацца выпіць, вып'еш — хочацца жыць. Адкуль дыялог: жонка пытае ў мужа: «Дарагі, ты малака купіў?» Ён ёй: «Малакаку? Не піў!»

І тут вось што цікава: кажаш, што не п'еш, — усе спрабуюць напаіць. Кажаш, што на дыеце, — усе спрабуюць накарміць. Кажаш, што грошай няма... Ці тое ціха кажаш, ці тое дрэнна чуюць...

Няма, карацей, ніякай рэакцыі. Як і адказу.

 На іншыя пытанні, дарэчы, таксама. Ну вось скажыце, каму належаць прыродныя багацці — тыя ж нафта, газ? Народу? Так. Тады чаму ён, гэты народ, сам сабе іх прадае? За такія шалёныя грошы...

А зрэшты, гэта як бы не пра нас, бо мы

Сваёй нафты мала маем,

Болей мяса з малаком:

На гаручае мяняем

То каровак, то бычкоў, —

мяркуе спадарыня Вольга Лабажэвіч з Клецка.

А ёсць, на жаль, «гаспадыні», што могуць і так аддаць, задарма. Пра адну з іх піша спадарыня Раіса Васільева з Гомеля:

Не касіла, не сушыла

«Дбайная» Хадоска.

Лета пела і скакала,

Як тая стракозка.

Не да сена? Не да зерня?

Дык пусты й падворак:

На запраўку ж нехта зверне —

Забярэ каровак.

...На вось гэтай сумнай ноце не хацелася б завяршаць чарговы агляд, аднак іншых, аптымістычных, гэтым разам няма. Трэба разумець таму, што сярод нашых чытачоў мала «Хадосак», у жніўні-верасні ўсе працавалі: сушылі сена, малацілі збожжа, капалі бульбу, збіралі грыбы, варылі варэнні... Не да вершаў было, не да пісьмаў. Затое зараз...

Новы конкурсны здымак, як заўжды, дадаецца. Подпіс да яго, нагадваем, павінен быць трапным, дасціпным, не больш за восем радкоў. Колькасць варыянтаў не абмяжоўваецца.

...Што да мінулага этапу (нагадаем, на здымку — гл. «Звязда» ад 26 жніўня — быў хлопец, які ў пошуку прыбіральні залез на дрэва), то найлепшыя радкі пра яго, на думку вялікага чытацкага журы, склалі спадары Іван Сіманёнак з Пастаў, Мікола Кісель з Мінска, Мікалай Старых з Гомеля, Віктар Сабалеўскі з Узды, а таксама спадарыні Любоў Чырынава з Мінска, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны.

Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы, маленькае, рэдакцыйнае. Таму перамога і адпаведна прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2018 года накіроўваецца ў вёску Лучын Рагачоўскага раёна.

Хочаце, каб найстарэйшая і адзіная беларускамоўная са штодзённых газет пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас? Тады не забудзьцеся аформіць падпіску. Альбо, калі ласка, далучайцеся да ўдзелу ў конкурсе «Хто каго?». Шанц на перамогу ёсць у кожнага.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

P. S. Шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не прайшлі гэтым разам строгага адбору, але ў наступны...

Пішыце! Свет захаваўся, таму што смяяўся. І думаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».