Вы тут

Дзіўныя факты пра Старажытны Егіпет


Калі вы чуеце пра Старажытны Егіпет, што першае прыходзіць вам у галаву? Хутчэй за ўсё — піраміды і фараоны. Але Старажытны Егіпет быў нечым нашмат большым. Гэта была адна з самых паспяховых, прагрэсіўных і жывучых цывілізацый у гісторыі. У сённяшняй падборцы — факты і міфы аб Старажытным Егіпце, пра якія вы напэўна не ведалі.


Фараоны насілі падробленыя металічныя бароды, каб знешнім выглядам нагадваць бога Асірыса, чыім абавязкам было судзіць памерлага ў замагільным свеце.

Старажытныя егіпцяне ставіліся вельмі памяркоўна да генетычных хвароб і адхіленняў. Карлікавасць, напрыклад, была вельмі распаўсюджаная ў той час. Аднак карлікі з'яўляліся высока паважанымі людзьмі. Аменемапет, фараон з 21-й дынастыі, пісаў пра тое, што клопат пра старых, хворых і выродлівых з'яўляецца маральным абавязкам кожнага егіпцяніна.

Існуе мноства сведчанняў пра тое, што старажытныя егіпцяне вельмі добра разбіраліся ў матэматыцы і астраноміі. Устаноўлена, напрыклад, што размяшчэнне пірамід Гізы сапраўды супадае з поясам Арыёна.

Гігіена і знешні выгляд былі вельмі важныя для старажытных егіпцян. Мужчыны галілі ўсё цела і любілі выкарыстоўваць кветкавыя водары. Не дзіўна, што менавіта фараоны карысталіся самай пахучай і дарагой парфумай.

Існуе таксама шмат дзіўных фактаў аб Старажытным Егіпце. Напрыклад, некаторыя фараоны прымушалі сваіх слуг вымазвацца мёдам, каб да іх прыліпалі мухі і не турбавалі правіцеляў.

Старажытныя егіпцяне праводзілі свой вольны час за цікавымі настольнымі гульнямі, такімі як, напрыклад, «Мехен» і «Манкала». Аднак самай папулярнай гульнёй лічыўся «Сенет» — адна з найстарэйшых настольных гульняў у свеце, паходжанне якой адносяць да 3100 года да нашай эры.

Рака Ніл мела велізарнае значэнне для егіпцян, бо гэта была асноўная крыніца вады. Яны меркавалі, што рака бярэ свой пачатак з першароднага акіяна Нун, ідзе праз землі мёртвых, рай і, нарэшце, трапляе ў Егіпет.

Іголка Клеапатры — старажытны абеліск, які быў перавезены ў Нью-Ёрк з Александрыі ў 1881 годзе. За гэты кароткі час ён пацярпеў у Амерыцы больш, чым за 3000 гадоў знаходжання ў Егіпце. Забруджванне і кіслотныя дажджы вінаватыя ў гэтым.

Жанчыны Старажытнага Егіпта былі нароўні з мужчынамі ў шматлікіх сферах жыцця, за выключэннем прафесій. Яны маглі ўступаць у шлюб і разводзіцца па сваім жаданні, маглі займацца любой справай (праўда, з пэўнымі абмежаваннямі), распараджацца сваёй маёмасцю, свабодна падарожнічаць і многае іншае.

Знакамітыя старажытнаегіпецкія іерогліфы можа і выглядалі вельмі крута, але яны патрабавалі занадта шмат часу для напісання. Таму іх выкарыстоўвалі толькі для самых важных тэкстаў (напрыклад, для дэкаратыўных надпісаў на магільнях). Простыя ж тэксты пісаліся іератычным пісьмом — спрошчанай формай іерогліфікі.

Адно з самых вядомых рукатворных збудаванняў у свеце — Вялікая піраміда Гізы — была пабудавана прыблізна з двух з паловай мільёнаў вапняковых блокаў, кожны з якіх важыў у сярэднім 2,6 тоны. Агульная маса піраміды, такім чынам, складае больш за 6,3 мільё-
на тон.

Рамзес ІІ Вялікі — самы вядомы і пладавіты фараон, які кіраваў Егіптам на працягу шасцідзесяці гадоў і які меў, як мяркуюць, больш за сотню дзяцей. Ён памёр, калі яму было за дзевяноста: рэдка хто дажываў да такога ўзросту ў той час.

Слова «фараон» перакладаецца як «вялікі дом». Першапачаткова яно азначала палац фараона і яго веліч, а не толькі самога цара.

Большасць людзей лічаць, што магіла Тутанхамона была цэлая, калі яе знайшоў Говард Картэр у 1922 годзе. Хоць грабніца была запоўненая выдатнымі скарбамі, яна аказалася не ў поўнай захаванасці: яе некалькі разоў рабавалі ў старажытнасці.

Адным з самых распаўсюджаных міфаў пра Старажытны Егіпет з'яўляецца той факт, што, нібыта, калі фараон паміраў, яго сям'ю, слуг і дарадцаў жыўцом хавалі разам з ім. Такога роду ахвярапрынашэнні адбываліся некалькі разоў за гісторыю, але натуральна яны не з'яўляліся распаўсюджанай практыкай.

У Старажытным Егіпце і мужчыны, і жанчыны насілі асаблівы макіяж, але хутчэй не для прыгажосці, а ў якасці абароны ад сонечных апёкаў і пясчаных вятроў.

Калі згадвалі Клеапатру, дык гэтая выбітная старажытнаегіпецкая царыца апісвалася як «жанчына незвычайнай прыгажосці». Аднак апошнія даследаванні, заснаваныя на яе старажытных бюстах і малюнках на манетах, выявілі, што на самай справе, магчыма, яна была з гарбінкай на носе і, нават, трохі мужчынападобнай.

Калі чалавечае цела муміфікавалася, усе ўнутраныя органы даставаліся, акрамя сэрца. Егіпцяне верылі, што сэрца было крыніцай мудрасці, а таксама эмоцый, памяці, душы і самой асобы.

Старажытныя егіпцяне — першыя, хто стаў выкарыстоўваць 365-дзённы каляндар, амаль роўны сонечнаму году. Усё таму, што ім трэба было ведаць час разліву Ніла. Самая ранняя версія календара датуецца прыкладна 3000 годам да нашай эры.

Егіпецкія піраміды не толькі найстарэйшыя з Сямі цудаў старажытнага свету, але яны таксама адзіныя, якія захаваліся да нашых дзён. Арабская прымаўка выдатна адлюстроўвае ўстойлівасць гэтых велічных і таямнічых збудаванняў: «Чалавек баіцца часу, а час баіцца пірамід».

Кошкі былі самымі свяшчэннымі жывёламі старажытных егіпцян. Калі яны паміралі, уся сям'я смуткавала і ў знак гэтага галіла бровы. Частку памерлых кошак муміфікавалі і хавалі на спецыяльных каціных могілках.

У той час, як жонкі фараонаў былі надзеленыя вялікай уладай і глыбока шанаваліся, толькі некалькі жанчын з'яўляліся паўнапраўнымі валадаркамі Егіпта. Сярод іх — Неферціці, Хатшэпсут, Нітокрыс, Себекнеферу і, бадай, самая вядомая — Клеапатра.

Старажытнаегіпецкія тэксты, а таксама сучасныя даследаванні мумій далі падставу выказаць здагадку, што жудасны паразіт, вядомы як рышта, быў вельмі распаўсюджаны ў Старажытным Егіпце. Як толькі ён дасягаў сталасці, то выходзіў праз скуру свайго гаспадара. Паразіт мог дасягаць у даўжыню аднаго метра, і працэс выпаўзання чарвяка вонкі быў вельмі балючы для заражанага чалавека.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фараоны, піраміды, муміі

Каментары

очень харошы сайт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?