Вы тут

Вясковая бальніца развівае экспарт паслуг


У Гарадоцкім раёне ёсць вёска Халамер'е, участковую бальніцу ў якой ведаюць замежнікі, а таксама зоркі беларускай эстрады, вядомыя спартсмены і міністры.

Галоўны ўрач Міхаіл Самарын тут па ўнікальнай методыцы лечыць міжпазваночную грыжу і суставы.


«Адчыняў вокны з рамамі»

Міхаіл Самарын у Віцебску скончыў медыцынскую ВНУ. Нядоўгі час папрацаваў у абласной бальніцы. Але захацелася свабоды ў прафесійным плане: ініцыятыўны малады тэрапеўт паехаў у глыбінку. Гэтаму рашэнню здзівіліся многія.

— Бацька не хацеў адпускаць. Ён быў заслужаны настаўнік, дырэктар школы... Так, мне рамантыкі хацелася, адчуць сябе ў ролі «чэхаўскага» доктара, які лечыць усё, за ўсё адказвае, — успамінае галоўны ўрач Халамерскай участковай бальніцы.

Спачатку папрацаваў каля двух гадоў у вёсцы Селішча. Там уваходныя дзверы ў драўляную бальніцу былі завешаны коўдрай. Вокны, сантэхніка ў жудасным стане, ацяпленне не функцыянавала. Але ён не збег у горад. Наадварот, вырашыў пабудаваць бальніцу сваёй мары.

На паперцы зрабіў малюнак, паказаў яго таварышу-архітэктару. Потым упэўніў адказных асоб мясцовай улады ў тым, што зможа сам дабіцца фінансавання з рэспубліканскага бюджэту. Абяцаў знайсці будаўнічыя матэрыялы. А ў 1980-я гады перыядычна яны былі ў дэфіцыце, як і большасць тавараў. Напрыклад, тэлефонны апарат.

І ён зрабіў «звычайны цуд».

Дарэчы, ён адным з першых загаварыў у краіне пра геранталагічнае абслугоўванне.

— Магу знайсці запіс з маім інтэрв'ю рэспубліканскаму тэлебачанню, якое даў у 1988 годзе. Гэта цяпер «сацыяльныя ложкі» — распаўсюджаная справа. А тады пра неабходнасць лячыць хваробы старых не казалі на афіцыйным узроўні, — працягвае доктар.

Акрамя бальніцы ў Селішчы пабудавалі кацельню і катэджы для медыкаў. Добрыя ўмовы для працы і годнае жыллё дапамаглі вырашыць кадравае пытанне.

Сарафаннае радыё

У СМІ і інтэрнэце не знайсці інфармацыю пра платныя паслугі, якія аказвае Халамерская ўчастковая бальніца.

— Як даведваюцца пра нас? Добрае пытанне! Сарафаннае радыё — найлепшы піяршчык. Вось паглядзім, хто ў нас на сёння лечыцца. Хлопец з Казахстана, людзі са Смаленска,
Брэста, Санкт-Пецярбурга, Стаўрапаля. І артыстаў лечым, і міністраў, — сціпла пералічвае кіраўнік медыцынскай установы.

Сын Міхаіла Самарына — Канстанцін — таксама працуе ў вясковай бальніцы. Акрамя таго, ён таленавіты музыкант, валодае некалькімі музычнымі інструментамі і можа за пару тыдняў асвоіць новы. Канстанцін Самарын стварыў калектыў «De Puta Madre Banda», які выступаў на «Славянскім базары ў Віцебску», іншых фестывалях, у тым ліку ў Расіі... Піша музыку. Канстанцін Міхайлавіч з Халамер'я з'язджаць не хоча. Ад бацькі ён пераняў сакрэты лячэння.

Узровень ва ўсім

Мы праходзімся па бальніцы. Тут усё прадумана да дробязяў, нават шыльда. Недалёка — праваслаўны храм. Яго пабудавалі таксама па ініцыятыве медыкаў.

Заходзім у кабінеты. Звычайная палата-блок на двух пацыентаў: у кожнага свой пакой, агульная прыбіральня. Хворы глядзіць праграму спадарожнікавага тэлебачання. Бальніца разлічана на адначасовае лячэнне 25 чалавек. Яна — адзіная ў Беларусі, якая юрыдычна мае статус сельскай участковай.

Галоўны ўрач мае выдатнае пачуццё гумару. Адчуваецца, што з ім лёгка працаваць калегам. А людзі расказваюць пра яго залатыя галаву і рукі...

Намеснік старшыні райвыканкама Марына Здольнікава лічыць, што дзякуючы такім ініцыятыўным спецыялістам, як Міхаіл Самарын, глыбінка развіваецца.

— Медыцынскі турызм у нашым раёне прыцягвае шмат прыезджых. І гэта бальніца — узорны прыклад. Улада паклапацілася, каб была добрая дарога да вёскі. На работу крамы па суседстве з бальніцай няма вялікіх нараканняў. Было б добра стварыць у вёсцы і цэнтр беларускага фальклору — на базе вясковага дома культуры. Каб іншаземцы маглі цікава правесці час, пазнаёміцца з традыцыйнай культурай беларусаў, — разважае яна.

Высокі ўзровень медыцынскіх паслуг у звычайнай вёсцы — доказ таго, што правінцыя можа канкурыраваць з буйнымі гарадамі. А доктар Самарын — чалавек, які пераўтварае наваколле.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Звычайны цуд ад доктара Самарына

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.