Вы тут

Галоўныя пытанні аб зімовай рызіне


Зіма сёлета чакаецца суровая, па меншай меры, так кажуць брытанскія навукоўцы. Аўтааматары ўжо пачынаюць рыхтавацца да снегу і маразоў. Найважнейшы аспект тут —замена шын. Сумесна з дырэктарам крамы «Аптшынгандаль»  Аляксеем КІТОВЫМ «Звязда» распрацавала памятку для аўтамабілістаў, якая дапаможа кожнаму дасканала разабрацца ў гэтай тэме.


Як выбраць ідэальную зімовую рызіну?

Гэта сапраўды няпростае пытанне, паколькі шыны выбіраюцца пад канкрэтны аўтамабіль, пад тыя ўмовы, у якіх яны хутчэй за ўсё будуць эксплуатавацца. Хтосьці часцей ездзіць у горадзе, хтосьці — па трасах і вёсках, у некаторых людзей — так званы змешаны цыкл. Таму галоўная парада — пры куплі зімовай рызіны кантактуйце з кансультантамі. Кваліфікаваны спецыяліст абавязкова падбярэ  ідэальны камплект у залежнасці ад пераваг кліента. Вядома, на пазадарожнік і седан будуць розныя памеры, тут памыліцца складана. А вось умовы — гэта ўжо індывідуальны момант.

Бываюць шыны наступных тыпаў — еўрапейскі і скандынаўскі. Скандынаўскі тып распрацаваны адмыслова пад суровыя зімы, каб ездзіць па заснежаных трасах, а таксама выкарыстоўваць пры нізкай тэмпературы. Такая рызіна мае ўнікальны, больш грубы малюнак пратэктара, які дазваляе лёгка праціскаць снег і не дае аўтамабілю затрымацца ў гурбе.

Еўрапейскі фармат аўташын мае менш грубы малюнак пратэктара і больш падыходзіць для мокрага снегу з дажджом, а таксама для халодных зім пры мінімальных снежных ападках. Такая рызіна — менавіта гарадскі варыянт. Важна разумець: няма шын, якія падыходзяць для ўсіх умоў. Ніколі не варта спадзявацца толькі на рызіну, галоўнае — гэта дыстанцыя і ўважлівасць кіроўцы.

Ці ёсць нейкі дакладны час, калі неабходна «пераабуцца»?

Кожнаму аўтамабілісту трэба ведаць: зіма для шын пачынаецца, калі тэмпература падае ніжэй за 7 градусаў цяпла. Тады летнія шыны становяцца неэфектыўныя. І гэта, на жаль, адлюстроўваецца на аварыйнай статыстыцы. Нават калі раптам тэмпература на адзін тыдзень падскочыць да +15 градусаў, не варта забываць, што зіма ўсё роўна наступіць. Зімовай рызіне такая сітуацыя ніяк не шкодзіць. Нават калі тэмпература паднялася вышэй за 10 градусаў цяпла днём, то раніцай і ўвечары яна можа ўпасці да +5. Празмернае чаканне стварае чэргі на шынамантажах.

У якім выпадку трэба купляць зімовую рызіну з шыпамі?

У пэўных умовах такая рызіна сапраўды дапамагае — напрыклад, скарачае тармазны шлях. Акрамя таго, у няпростых умовах кіроўца адчувае сябе больш упэўнена на высокіх хуткасцях, пры абгонах. Гэта добры варыянт для трасы. Галоўны мінус шыпоў — шум ад колаў. Шыпы карысныя, напрыклад, у дварах, дзе шмат снегу. Акрамя таго, яны дапамагаюць на святлафорах, дзе ўтварыўся лёд. Але розніца паміж шыпаванай і нешыпаванай гумай у тармажэнні вельмі невялікая.

Ёсць і альтэрнатыва — фрыкцыйная гума, якую яшчэ называюць шынамі-ліпучкамі. Фрыкцыйныя шыны маюць спецыяльны пратэктар, ад іх менш шуму і яны добра паводзяць сябе на галалёдзе.

Чым даражэйшая зімовая рызіна, тым яна лепшая?

Не заўсёды так. У кожнага вытворцы, нават у брэндавага, у адным памеры ёсць некалькі варыянтаў шын — бюджэтны, сярэдні і прэміум-клас. Вядома, усё яшчэ залежыць ад памеру. Адрозненне бюджэтных шын ад дарагіх заключаецца ў тым, што прэміум-брэнд можа дазволіць сабе больш якасны састаў. Але кіроўцу, які аддае перавагу спакойнаму стылю язды, падыдзе варыянт сярэдняй цэнавай катэгорыі. Увогуле, стыль кіравання моцна ўплывае на зношанасць шын. Так што бюджэтныя, або «сярэднія», шыны пры акуратным кіраванні — цалкам прымальны варыянт на зіму.

Як уплывае шырыня пакрышкі на паводзіны аўтамабіля ў розных умовах надвор'я?

Тут усё проста: летам патрэбныя пакрышкі шырэйшыя, каб адвесці больш вады. Што гэта значыць? У выпадку кантакту з дарогай працуе пэўны ўчастак шын. Чым шырэйшая пакрышка, тым большая паверхня судакранання. Адпаведна, у той жа дождж гэта дапамагае адвесці больш вады, каб была так званая сухая пляма. Гэта дапамагае палепшыць счапленне аўтамабіля з дарогай. На зіму, наадварот, патрэбны шыны больш вузкія, каб яны «ўразаліся» ў дарогу. Гэта дапамагае лягчэй пераадолець снег. Але важна не адступаць ад заводскіх памераў пакрышак. Напрыклад, у многіх пазадарожніках трэба абавязкова ўсталёўваць толькі шырокія пакрышкі.

Наколькі бяспечна замяняць толькі два колы, якія знасіліся больш?

Можна памяняць два колы, але галоўнае, каб на адной восі была аднолькавая пара. Але калі рызіна практычна цалкам зношаная, трэба замяняць усе шыны. Інакш вялікія праблемы могуць паўстаць пры кругавым руху і на паваротах. Новая гума хутчэй рэагуе на змяненне дарожных умоў, а старая — не паспявае. Таму ўзнікаюць заносы. Памылку робяць і аўтамабілісты, якія ставяць толькі дзве шыпаваныя шыны.

Як эксплуатацыя зімовых шын летам уплывае на даўжыню тармазнога шляху і хуткасць зносу?

У такім выпадку значна павялічваецца знос зімовай рызіны. Усё ж такі яна разлічана на мінусавыя тэмпературы. Варта згадаць і пра бяспеку: пры экстранным тармажэнні яна проста не спыніць аўтамабіль. У такім выпадку яе нават можа кавалкамі паабрываць. У цёплых умовах зімовыя шыны вельмі хутка разаграваюцца, хоць яны разлічаны зусім на іншае.

Які тэрмін эксплуатацыі шын?

Гэта залежыць толькі ад манеры кіравання. У горадзе аўтамабіль часцей тармозіць, адбываецца большае трэнне з асфальтам пры частых паскарэннях. У таго, хто пераважна ездзіць па трасе, камплект праслужыць даўжэй. У сярэднім зімовай рызіны хапае на 3—4 сезоны. Ёсць людзі, якія праязджаюць за зіму пяць тысяч кіламетраў і адным камплектам карыстацца сем гадоў. І ёсць тыя, хто за адну зіму праязджае 30 тысяч кіламетраў і выкідвае рызіну праз два гады.

Калі бюджэт абмежаваны, што лепш — новыя танныя шыны ці не новыя шыны вядомага вытворцы?

Несумненна, новая рызіна лепш. Чаму? Калі чалавек купляе шыны ў незнаёмца, ён не ведае, якія былі ўмовы іх эксплуатацыі. Можа, былы ўладальнік увесь час рэзка тармазіў? Такая рызіна будзе горшая, чым самая танная новая. Да таго ж сёння новыя бюджэтныя шыны па цане цалкам суадносныя з прэміум-класам, якім пакарысталіся.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Слізкія вуліцы, іншамаркі цалуюцца

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».