Вы тут

У Нясвіжскім раёне з'явіўся маладзёжны цэнтр для інвалідаў


У Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў адбылося адкрыццё першага ў Беларусі аддзялення падвышанай камфортнасці для маладых інвалідаў. Ідэя стварэння такога сацыяльна значнага аб'екта з'явілася каля года таму.


Ва ўрачыстым адкрыцці аддзялення ўзялі ўдзел старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, дырэктар дома-інтэрната Генадзь Маляр і настаяцель праваслаўнай Свята-Троіцкай царквы аг. Салтанаўшчына Алег Абрамовіч (злева направа).

Чырвоную стужку перарэзалі старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, начальнік упраўлення па працы, занятасці і абароне насельніцтва Таццяна Тоўсцік і дырэктар установы Генадзь Маляр. «У новым аддзяленні дома-інтэрната маладым людзям дадзена магчымасць развівацца, вучыцца, сябраваць, у гэтым і заключаецца яго ўнікальнасць. Абстаноўка, набліжаная да хатніх умоў, садзейнічае далейшай сацыялізацыі, пашырэнню формаў і тэхналогій сітуацыйнай дапамогі, удасканаленню сістэмы вольнага часу і развіцця інтарэсаў. Акрамя таго, тут маладыя людзі знаходзяцца пад наглядам спецыялістаў, у тым ліку медыцынскіх работнікаў», — адзначыў Іван Крупко.

У той жа дзень у раёне адбылася яшчэ адна падзея «ўпершыню». Кіраўніцтва Нясвіжскага раёна ўзнагародзіла грамадзян за валанцёрскую работу. Імі сталі чатыры актыўныя члены праваслаўнага брацтва Праабражэння Гасподняга (прыхода храма Святой Жываначальнай Тройцы аграгарадка Салатанаўшчына Нясвіжскага дабрачыння): Таццяна Ермакова, Сяргей Маркевіч, Ала і Уладзімір Жураўскія, якія не першы год дапамагаюць жыхарам дома-інтэрната. Па словах кіраўніка брацтва Алега Абрамовіча, настаяцеля царквы, братчыкі імкнуцца дапамагаць установе і яе жыхарам і матэрыяльна, і маральна.

Віталь Сінкевіч, які жыве ў доме-інтэрнаце, згадвае, як на яго нядаўні дзень нараджэння завіталі члены брацтва. «Прыехалі дзяўчаты, падарылі каробку цукерак і новыя красоўкі», — дзеліцца Віталь. Увогуле валанцёры брацтва ўжо амаль дзесяцігоддзе наведваюць тых, хто жыве ў Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Дапамагаюць яны не толькі ў побытавым плане, але і гутараць, выконваюць невялікія, але важныя для людзей просьбы: прывезці прысмакі, матэрыялы для творчасці, а таксама ладзяць канцэрты, якія тут з задавальненнем глядзяць.

Валанцёры шмат што робяць за ўласныя сродкі і сваімі сіламі. Напрыклад, Ала Жураўская — маці траіх уласных дзяцей і дваіх прыёмных — працавала закройшчыцай, перанесла шэраг складаных аперацый і цяпер сама мае інваліднасць. Але гэта не перашкаджае ёй ужо дзесяцігоддзе ахвяраваць вольным часам і сіламі дзеля таго, каб дапамагчы іншым. Увогуле, брацтва Праабражэння самае буйное ў епархіі і адно з самых актыўных: штогод тут праводзяцца летнія, восеньскія і зімовыя злёты-лагеры, мерапрыемствы, звязаныя з выхаваннем, рэабілітацыяй, аздараўленнем і арганізацыяй вольнага часу моладзі і інвалідаў.

«У доме-інтэрнаце добрыя ўмовы, — кажа айцец Алег Абрамовіч. — У жыццёва важных сферах людзі патрэбы, як правіла, не маюць. А менавіта ў такіх дробных просьбах, як пакласці грошы на тэлефон ці прывезці слоік любімага варэння, у тым, што нашы валанцёры ўжо не першы год сюды прыязджаюць, сябруюць з тымі, хто тут жыве, і выкрываецца сэнс нашай работы. Мы цесна супрацоўнічаем з установай, таму ў снежні мінулага года падпісалі дагавор аб узаемным супрацоўніцтве паміж Праабражэнскім брацтвам і Нясвіжскім домам-інтэрнатам. А калісьці ў гутарцы з дырэктарам з'явілася ідэя стварыць маладзёжны цэнтр, якую з цягам часу мы і ажыццявілі».

Генадзь Маляр, які 28 гадоў з'яўляецца дырэктарам дома-інтэрната, вядзе нас па свежаадрамантаванай прыбудове, разлічанай на 27 ложка-месцаў. Пакоі на два чалавекі ў асноўным размешчаны ў блоках, на кожны — асобныя душ і прыбіральня. Прыгожыя шпалеры, прыемная па колеры плітка, новыя ложкі, сучаснае абсталяванне — не ў кожнай кватэры сустрэнеш такі рамонт. Тут жа — асобная кухня, на якой можна як харчавацца самастойна, так і есці прыгатаваную супрацоўнікамі ежу. А для тых, хто вырашыць наведаць блізкіх, што жывуць у доме-інтэрнаце, ёсць асобны пакой з усімі выгодамі, каб застацца на ноч ці больш. Прытым для таго каб маладыя людзі змаглі бавіць час разам, зрабілі асобнае памяшканне для гутарак і чаявання, камп'ютарны клас, кабінет ЛФК.

«Для нас гэта аддзяленне — сапраўдная радасць, — дзеляцца сваімі ўражаннямі Канстанцін і Алена, якія жывуць у доме-інтэрнаце. — Мы вельмі рады, што хутка пераедзем у новы дом, дзе будзем жыць разам са сваімі сябрамі і спадзяёмся сустрэць новых».

Да гэтага моманту маладыя інваліды былі размеркаваны па іншых аддзяленнях інтэрната і пражывалі разам з састарэлымі. Цяпер для маладых, якіх тут каля дзесяці, будзе асобнае памяшканне. «Кожнаму — свой куток. Як дома», — кажа Генадзь Маляр.

Грошы на стварэнне аддзялення збіралі ўсёй грамадой: дапамога паступіла з бюджэту Мінаблвыканкама і прадпрыемстваў раёна, а таксама ад брацтва Праабражэння.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кожнаму — свой утульны куток

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?