Вы тут

Пра традыцыі беларускага касцюма і сучаснасць


Міжнародны кангрэс «Традыцыйны беларускі касцюм у еўрапейскай культурнай прасторы» ўчора прайшоў у Мінску. У ім прынялі ўдзел вядучыя навукоўцы Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Эстоніі. Там абмяркоўвалі, якое месца займае традыцыйны касцюм у сучасным жыцці, як можна выкарыстоўваць і развіваць каштоўную народную спадчыну ў сучасных умовах.


Адзін з гасцей форуму, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард Багдановіч, адзначыў: «У народзе кажуць — чалавека сустракаюць па адзенні. Што ж такое беларускі касцюм? Наша адзенне — гэта душа народная, нашы традыцыі і наша Бацькаўшчына. Таму пакуль мы будзем помніць свой традыцыйны касцюм, вывучаць і перадаваць маладому пакаленню, будзе жыць і квітнець наша цудоўная краіна».

— Форум праводзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, — падкрэсліў доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лакотка на ўрачыстым адкрыцці міжнароднага кангрэса. — Тут захоўваюцца не толькі найбуйнейшыя ў нашай краіне калекцыі традыцыйнага касцюма і народных тканін, іканапісу, скульптуры, помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і этнаграфіі, але і праводзяцца значныя па сваіх выніках даследаванні, накіраваныя на захаванне і выкарыстанне ў сучасным жыцці краіны шматвекавых традыцый матэрыяльнай культуры, здабыткаў народнага і прафесійнага мастацтва. Наш форум дае выдатную магчымасць абмеркаваць важныя пытанні гісторыка-культурнай спадчыны, засяродзіць увагу на шырокім коле пытанняў, акрэсленых нацыянальным гістарычным касцюмам, яго сучасным бытаваннем. Беражліва і ўважліва вывучаючы мінулае, звяртаючыся да народнага вопыту нашых продкаў, мы зможам лепш разумець уласнае і будучае нашай квітнеючай радзімы.

На пленарным пасяджэнні выступалі не толькі айчынныя спецыялісты, як, напрыклад, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Марыя Віннікава, але і замежныя госці. Так, Аляксандр Новік з Музея антрапалогіі і этнаграфіі Расійскай акадэміі навук расказаў, што ў іх фондах захоўваецца багатая калекцыя беларусістыкі. У сілу некаторых гістарычных абставін (рэпрэсій навукоўцаў) яна так і не была апісана належным чынам. Таму Новік звярнуўся да беларускіх спецыялістаў з просьбай дапамагчы апісаць і сістэматызаваць калекцыі беларускіх прадметаў у расійскім музеі. Рээт Пійры з Эстоніі падзялілася вопытам стварэння сучаснай экспазіцыі народных касцюмаў. Яна расказала, што ў 2016 годзе ў іх адкрыўся новы Нацыянальны музей. І важнае месца ў ім занялі традыцыйныя эстонскія касцюмы. Для калекцый адмыслова вырабляліся манекены — яны ствараліся па мерках, знятых з адзення. Для стварэння дынамічных манекенаў спецыяльна пазіравалі добраахвотнікі, якія маюць адпаведны памер.

— Мы сустрэліся, каб пазнаёміць усіх з культурнымі дасягненнямі нашай краіны. Гэты кангрэс — унікальны праект, — рэзюмаваў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр КАВАЛЕНЯ. — Безумоўна, пашырэнне кантактаў у сферы аховы і выкарыстання культурнай спадчыны будзе садзейнічаць вывучэнню сусветнага вопыту і найноўшых дасягненняў у гэтай галіне. На міжнародным навуковым форуме не толькі адбыліся навукова-практычныя канферэнцыі, але і працавалі выставы. Тут можна было пазнаёміцца з выставай традыцыйнага беларускага касцюма — з музейнага збору аддзела старажытнабеларускай культуры — і выставай галаўных убораў, якая з'яўляецца сумесным праектам аддзела старажытнабеларускай культуры і музея народнай архітэктуры і побыту.

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі можна ўбачыць некалькі выстаў — традыцыйнага беларускага касцюма, а таксама галаўных убораў. Спецыяльна для гасцей кангрэса рэспубліканскае навукова-вытворчае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца» прадэманстравала сучасную калекцыю традыцыйнага касцюма, выкананую на падставе навуковых рэканструкцый яго страчаных ці малавядомых лакальных варыянтаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Наша адзенне — душа народная»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.