Вы тут

Пры храме ў Райцы стварылі музей, батлейку і нядзельную школу


Святая Варвара вярнулася ў Райцу.

Гэты храм унікальны сваім архітэктурным вобразам у выглядзе карабля, дзіўнай 200-гадовай гісторыяй існавання з амаль поўным знішчэннем, паступовым аднаўленнем і сучаснымі службамі без званоў. А яшчэ ён дагэтуль захоўвае ў сабе таямніцы: уваход у пахавальню і падземны ход у былы прычтавы дом, ці, як тут кажуць, ніжнюю царкву. Цяперашні настаяцель храма Святой велікамучаніцы Варвары айцец Аляксей ШЫШКІР стварыў тут музейнае памяшканне, батлеечны тэатр з акцёрамі-дзецьмі і арганізаваў нядзельную школу, заняткі якой часта праходзяць у яго дома.


На­ста­я­цель хра­ма Свя­той ве­лі­ка­му­ча­ні­цы Вар­ва­ры ай­цец Аляк­сей ШЫШ­КІР стварыў бат­леечны тэатр.

Узрывалі, палілі, рамантуюць

Лічыцца, што храм у Райцы будаваўся на ўзор царквы на востраве Святой Алены. Сапраўды, гледзячы на здымкі абодвух храмаў, можна ўбачыць супадзенні ў зубчатых вежах, курантах, падпорных элементах, аднолькавых формах вокнаў.

Падчас вайны ў алтарную частку храма трапіў снарад. А калі нямецкі снайпер з даху царквы, адкуль відаць увесь абсяг, абстрэльваў савецкія войскі, партызаны вырашылі спаліць яе. Перад гэтым мясцовым дазволілі вынесці царкоўныя рэчы, іконы і іншае начынне. Але ўсе дэкаратыўныя ўпрыгажэнні, разьба, каляровыя вітражы, фрэскі былі знішчаны агнём. Пасля храм паціху разбураўся, а ў 50-х гадах абрынуліся скляпенні. У 1959-м па загадзе мясцовых улад сцены царквы былі разбураны. З аднаго боку сцяна абвалілася да каменнага фундамента, з другога — была цалкам зруйнаваная.

У 2000-м храм пакрысе сталі аднаўляць, а ў 2003-м — пачаліся першыя набажэнствы. Праз дзесяць гадоў тут з'явіўся новы настаяцель — айцец Аляксей. У той час малады святар жыў у Навагрудку, за 26 кіламетраў ад Райцы, і на нядзельныя службы дабіраўся аўтастопам, выязджаючы ў шэсць раніцы. Так ён адслужыў год. Пасля перабраўся ў вёску за пяць кіламетраў ад Райцы і жыў у халодным доме разам з трохгадовай дачкой Сафіяй і матушкай, якая была на сёмым месяцы. Потым год сям'я святара здымала жыллё ў Карэлічах, дзе і нарадзілася малодшая дачка Ганначка. Дом у Райцы айцу Аляксею, які ўжо набыў сваё аўто, далі толькі паўтара года назад.

— Цяпер заўжды ўсіх падбіраю на трасе, бо памятаю, што такое хадзіць у маразы, — кажа ён.

Айцец Аляксей марыць калі-небудзь аднавіць храм поўнасцю, а пакуль сам косіць траву вакол, разбівае кветнікі, аформіў на сябе крэдыт на вокны для царквы, моліцца і верыць у заступніцтва святой Варвары.

Храм Свя­той Вар­ва­ры ста­іць на га­ры і ні­бы лу­нае ў аб­ло­ках.

Косці ў пахавальні і падземны ход

Ацяплення ў храме не было ніколі, бо ён задумваўся перш за ўсё як радавы магільны склеп, што зроблены ў алтарнай частцы. У пахавальню звонку можна трапіць праз тры акны, якія цяпер заклалі цаглінамі, каб не лазілі дзеці і жывёлы. Існуе ўваход у склеп і знутры царквы, але яго дагэтуль не знайшлі.

— Года паўтара назад я намагаўся расчысціць склеп, аднак пакуль гэта нерэальна, бо на 70—80% ён засыпаны смеццем, а апынуцца там можна толькі праз гэтыя невялікія вокны, — расказвае айцец Аляксей. — Там мы знайшлі рэшткі фігуры Божай Маці, якая калісьці стаяла на даху храма, а сярод смецця дагэтуль знаходзім чалавечыя косці — астанкі памешчыкаў-уладальнікаў. У сценах засталіся нішы, дзе стаялі труны. Цяпер іх няма, бо ў савецкі час дзеці каталіся на іх з горкі. А ў канцы 50-х адзін са школьнікаў залез праз шчыліну ў сцяне ў склеп. Настаўнік фізкультуры, які шукаў яго, расказваў, што прайшоў па тунэлі метраў 50, перш чым знайшоў хлопчыка.

Настаяцель спадзяецца, што калі-небудзь удасца перапахаваць астанкі ў нішах, — проста яшчэ не надышоў час для гэтага.

Каў­чэг з мо­шча­мі Свя­той ве­лі­ка­му­ча­ні­цы Вар­ва­ры.

Столь на малітве і адноўленая вежа

Самая старажытная частка храма — прытвор, які не быў разбураны. Тут засталася скляпеністая арыгінальная столь з адтулінай, праз якую наверх падымалі званы. Тады яны былі такія гучныя, што было чуваць за сем кіламетраў ад Райцы навокал. Куранты на вежы, якія некалі працавалі і нават білі бой, цяпер — муляж.

— Разбураную цэнтральную частку храма аднавілі не ў тым выглядзе, як даўней. Падлога была каменная з малюнкам у выглядзе крыжа, а не драўляная, як цяпер. Замест скляпенняў — драўляная столь, — паказвае айцец Аляксей унутранае ўбранства храма. — Нават іканастас пакуль не закончаны. Тое, што цяпер у храме, — гэта аснова. Мясцовы іканапісец піша іконы святых у поўны рост, якія ўставяць у нішы. Пакуль там іншыя іконы. Сам іканастас будзе ўпрыгожаны гіпсавай лепкай, паўкалонамі і іншымі дэкаратыўнымі элементамі, а наверсе з'явіцца крыж.

Дарабіць іканастас нельга, пакуль не зробяць столь. Цяпер гэта проста сайдынг, прыбіты цвікамі да крокваў і бэлек. Унутры царквы добра чуваць, як па гарышчы ходзяць галубы.

Іканастас будзе дарабляцца.

Храм і цяпер выглядае прыгожа ды ўбрана, а пасля рамонту, думаецца, заззяе яшчэ ярчэй.

— Столь трымаецца, напэўна, на малітвах. У добры вецер яна хадуном ходзіць. Ужо і падаў кавалак — яго назад прыбілі. З гэтай жа прычыны не можам заняцца і рамонтам сцен. Калі прыхаджане пытаюцца, калі ў нас скончыцца рамонт, я суцяшаю іх і кажу, што да маёй пенсіі ён абавязкова завершыцца, а свяшчэннік ідзе на спакой у 75 гадоў, я так і планую, — і смуткуе, і жартуе айцец Аляксей. — Калі я трапіў сюды ўпершыню, храм быў велічны, але ўвесь нейкі абшарпаны звонку і знутры. Каб крыху рэабілітаваць яго, пачаў прасіць дапамогі ва ўсіх інстанцыях. Пасля таго, як зрабілі фасад і знялі рыштаванні, бачыў, як людзі спыняліся ўражаныя. Тады яны паверылі, што храм ажывае.

Акрамя фасада ў храме адрамантавалі званіцу, на якой працякаў дах. Штовясны талы снег сцякаў з вежы і бег па ўнутранай сцяне храма. Святар Аляксей Шышкір кажа, што з вежай вельмі дапамог старшыня мясцовага СПК «Свіцязянка» Уладзімір Галавач:

— Прыйшоў да яго параіцца, якую цэглу трэба купляць. А ён мяне ў машыну пасадзіў, на склад прывёз і пытае «столькі хопіць»? І цэментам дапамагае, і транспартам — усё лета вось смецце будаўнічае вывозілі.

Дах у вежы перакрылі, атынкавалі яе ўнутры, абабілі зубцы бляхай. Цяпер яна гатовая прыняць званы — пакуль службы праходзяць без іх.

— Веру, што і званы ў нас з'явяцца. А можа, гэта будуць білы — спецыяльныя пласціны, што былі на Старажытнай Русі раней за званы. У іх больш мяккі і пявучы звон. І будзем мы адзінымі ў Беларусі з біламі, а званіць у іх змогуць усе ахвотныя, — марыць настаяцель.

Гэ­ты ка­ва­лак ста­ра­жыт­най клад­кі ў царк­ве  за­ста­нец­ца не­кра­ну­тым на­ват пас­ля ра­мон­ту сцен.

Двухпавярховаму будынку каля падножжа гары, на якой стаіць храм, — таксама 200 гадоў. Гэта былы прычтавы дом, дзе жыў спачатку каталіцкі служыцель, пасля — праваслаўны з сям'ёй. У 1900-х гадах тут жылі псаломшчык і дыякан. У канцы 50-х — была школа, пасля бібліятэка. Потым у памяшканні хацелі зрабіць бар ці кафэ, пры тым што літаральна за некалькі дзясяткаў метраў адсюль могілкі. Мясцовыя папрасілі вярнуць будынак царкве, і яго першы паверх перарабілі ў храм, які ў 1994 годзе асвяцілі як храм Праабражэння Гасподняга.

Спачатку на другім паверсе ніжняй царквы настаяцель хацеў зрабіць музей, аднак, калі тут пачалі рабіць рамонт, высветлілася, што ўсе бэлькі пад столлю гнілыя, падлога пад прастолам — таксама. Пачаўся капітальны рамонт: уцяпляюцца сцены, столь, заказаны новыя вокны, будзе зроблена ацяпленне.

— Калі скончым да зімы, будзем служыць тут, а ў верхнім храме зоймемся столлю, — спадзяецца святар.

На другім паверсе будынка ён мяркуе ладзіць заняткі нядзельнай школы і ранішнікі.

Вяс­ной, ка­лі ай­цец Аляк­сей ка­паў но­вую клум­бу,  ён знай­шоў плі­ту з ро­да­вай па­ха­валь­ні Ра­ец­кіх,  дзе на поль­скай мо­ве на­пі­са­на «свет­лай па­мя­ці Бар­ба­ры». Тут жа цар­коў­ныя да­ку­мен­ты, за­поў­не­ныя Аляк­санд­рам Ва­ла­со­ві­чам, які даў­ней быў свя­та­ром хра­ма.

Заняткі для душы

Школу, дзе цяпер займаецца дзесяць дзетак, настаяцель стварыў два гады таму. Да халадоў вучацца ў невялікім пакойчыку пры храме, дзе ў летні час хрысцяць немаўлят. А ўзімку малыя двойчы на тыдзень прыходзяць дахаты да айца Аляксея.

— Мы раскладаем пасярод пакоя вялікі стол і быццам апынаемся ў царкоўна-прыходскай школе, — смяецца ён. — Мы малюем, лепім, рыхтуемся да канцэртаў, рэпеціруем спектаклі.

Батлеечны тэатр — таксама задума настаяцеля. Батлейку рабіў мясцовы майстар, лялек уручную шылі і распісвалі жыхары. Акцёры, якім ад 7 да 12 гадоў, самі водзяць персанажаў пад фанаграму сваіх галасоў. Яны выступаюць на ранішніках у садках, у царкве на Каляды рабілі пастаноўку для прыхаджан. На Вялікдзень падрыхтавалі ўжо два спектаклі. Айцец Аляксей стараецца рабіць так, каб ім было цікава займацца ў школе:

— Я ў дзяцінстве таксама наведваў нядзельную школу і, вяртаючыся дадому, расказваў усё, пра што даведваўся, маме. Яна гаварыла, што разам са мной вучылася і нешта запамінала. Думаю, што цяпер і сэрцы бацькоў вучняў нашай нядзельнай школы стануць крышачку бліжэйшыя да Бога.

Яшчэ адно добрае пачынанне святара — музейны пакой, які адкрылі сёлета ў храме да яго 200-годдзя. Пакуль ён змяшчаецца перад уваходам на вежу, але з цягам часу пераедзе вышэй — на месца над уваходам у храм, дзе калісьці стаяў хор пеўчых.

Старажытны стыхар дыякана, які калісьці вёў тут службы, таксама знайшоў сваё месца ў музеі. Гэта адзенне ручной работы з залатой ніткай.

Часткі скульптуры Божай Маці: рукі і стопы.

У музеі сабраныя экспанаты, якія знайшоў настаяцель. Гэта старыя здымкі храма і яго ўладальнікаў, прадметы царкоўнага ўжытку: кадзільніца, малітоўнік, царкоўная пячатка, лжыца — лыжачка для прычасця, стыхар дыякана, які калісьці вёў тут службы, — адзенне ручной работы з залатой ніткай.

Адзін з экспанатаў — кавалак выгнутай цагліны, абпаленай па асаблівай тэхналогіі і такой моцнай, што яе складана разбіць нават перфаратарам па бетоне.

— Дзякуючы іх няроўнасці, калі цагліны клалі адна да адной у скляпенні, яны добра трымаліся. На некаторых захаваліся нават адбіткі пальцаў іх вытворцы, — праводзіць для мяне асабістую экскурсію настаяцель.

Ёсць тут і частка скульптуры Божай Маці — дакладней, кавалкі каменю з яе стапой і часткай рукі. Іншыя фрагменты, якія складана апазнаць, ляжаць на вуліцы, каля сцяны храма. Аднавіць фігуру ўжо немагчыма.

Калі рэстаўравалі іканастас, знайшлі каменную падлогу, невялічкі фрагмент якой, не закрыты драўлянымі дошкамі, захаваўся ў музеі. Стоячы на акуратных чырванаватых квадратах, кожны з вуглоў якіх аздоблены маленечкімі шэрымі ромбікамі, складана паверыць, што гэта не сучасная выява, а 200-гадовая кладка.

— Вялізныя камяні, што засталіся ў фундаменце храма, цягнулі сюды з усяго наваколля. Проста на месцы абчэсвалі, а кладку замешвалі на курыных яйках. Тая кладка жаўтаватага колеру і мацнейшая за сучасную. Фрагмент яе так і пакінем на сцяне каля музейнага пакоя пасля рамонту, — кажа святар.

Абпаленую па асаблівай тэхналогіі да чарнаты цагліну выгнутай формы складана разбіць нават перфаратарам па бетоне.

На гэ­тым здым­ку 1910-х гадоў на­шчад­кі Яна Зай­кі, ар­хі­тэк­та­ра, які бу­да­ваў храм,  пас­ля ча­го яму да­лі мя­нуш­ку «ар­хі­тар». Гэ­так­са­ма ста­лі зваць яго на­шчад­каў.  Край­ні зле­ва (з ву­са­мі), мяр­ку­юць, яго сын. Лі­чыц­ца, што тут ёсць і на­шчад­кі  ўла­даль­ні­ка ся­дзі­бы Фран­ціш­ка Ду­ні­на-Ра­ец­ка­га, за кошт яко­га і з'я­віў­ся храм.

Вясёлка над храмам

1 ліпеня святая Варвара вярнулася ў свой храм — да 200-годдзя царквы па блаславенні архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя сюды перадалі частку мошчаў святой. Пасля гэтага 40 дзён служылі малебны, каб выказаць ёй удзячнасць за гонар мець такую святыню. Цяпер капсула з мошчамі знаходзіцца ў спецыяльным каўчэгу, вырабленым мясцовым разьбяром.

— Напярэдадні на вячэрняй службе мы маліліся святой Варвары. Ішоў лівень з сонцам, пасля якога над храмам з'явілася вясёлка. На наступны дзень, калі мошчы былі ўжо ў царкве, — таксама была вясёлка. Так што гэта асаблівая міласць для нас, — успамінае айцец Аляксей. — Цяпер прыхаджане звяртаюцца да святой з самымі надзённымі праблемамі і жыццёвымі пытаннямі, і яны здзяйсняюцца. Пасля яны прыходзяць расказаць мне пра гэта.

Да 200-гадовага юбілею рупліва рыхтаваліся. Аднавілі ў першасным выглядзе арку каля ніжняй царквы. Адрэстаўравалі таксама парадны ўваход, што знаходзіцца з другога боку і вядзе да храма праз старую ліпавую алею. Раней гэта была каваная брама. Цяпер засталася лесвіца з двума слупамі, паміж якімі з'явіўся адноўлены герб Раецкіх.

Вялікі юбілей 19 жніўня святкавалі з размахам — так шматлюдна ў царкве не было ніколі. Разам з Уладыкам Гурыем заклалі памятную алею з 13 туй. Перад храмам зладзілі праграму для дзяцей з гульнямі, конкурсамі, песнямі і шоу мыльных бурбалак. Пасля адбыўся літаратурна-музычны вечар на беларускай мове з песнямі пад гітару, вершамі мясцовых паэтаў, гучала скрыпка, цымбалы. Госці частаваліся гарбатай з імянінным пірагом. Заключны нумар канцэрта — песня "Малітва за Беларусь" — стала напамінам, што Беларусь — наша Радзіма, за якую мы павінны маліцца. Скончылі шыкоўнае свята феерверкам. А на наступны дзень звяршылі Хросны ход з мошчамі святой Варвары па ўсіх вулачках Райцы, заходзілі ў хаты.

Адноўленая арка каля былога прычтавага дома.

Такі абсяг і від на Райцу і яе азёры адкрываецца з гары, на якой знаходзіцца храм.

— Я хацеў, каб свята храма запомнілася не толькі дарослым, але і дзецям. Мая задача зрабіць наш прыход сапраўднай абшчынай. Хачу паказаць, што і ў царкве і каля яе можа быць цікава, — разважае настаяцель. — Падчас канцэрта неба пачалі зацягваць чорныя хмары, у паветры ўжо пахла дажджом, усхадзіўся вецер. Разумеючы, што зараз пачнецца навальніца, я ў думках пачаў прасіць святую Варвару дапамагчы, каб навальніца адхілілася ад Райцы. Праз некалькі хвілін хмары разышліся, вецер суцішыўся. Пазней я даведаўся, што не толькі я звяртаўся да святой велікамучаніцы, — шмат хто з гасцей таксама прасіў у яе дапамогі. Гэтым Гасподзь яшчэ раз паказаў усім нам, наколькі моцнай і дзейснай бывае сумесная малітва ад усяго сэрца.

Святар упэўнены, што ўсімі дзівосамі храм абавязаны святой Варвары. «Гэтае месца пад яе покрывам, яна ўжо тут найпершая кіраўніца ў аднаўленні царквы, а не я», — кажа ён.

Так храм выглядае збоку. Калі спілавалі некалькі старых дрэў, што раслі амаль пад сцяной, яна пачала пакрысе падсыхаць. Раней вільгаць ледзьве не наскрозь працінала храм з гэтага боку.

З жыццяпісу святой Варвары: Родны бацька Варвары адсек ёй галаву за тое, што яна не адмовілася ад Хрыста. Перад гэтым дзяўчыну катавалі: вадзілі голую па горадзе, збівалі да паўсмерці і кідалі ў цямніцу. Яна малілася — і раніцай была без адзінай драпіны. Людзі бачылі гэта і казалі, што Ісус Хрыстос — сапраўдны Бог і пераходзілі ў хрысціянства. Перад карай Варвара малілася, каб Хрыстос дапамагаў людзям, якія будуць памятаць яе і яе пакуты. Гасподзь з'явіўся ёй і сказаў, што яе малітвы пачутыя і будзе так, як яна просіць.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Храм без званоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.