Вы тут

Стаўка рэфінансавання «ідзе» ўслед за інфляцыяй


Працэс зніжэння стаўкі рэфінансавання будзе працягвацца па меры запавольвання інфляцыі, заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур падчас ХІV Міжнароднага форуму па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях «БанкІТ'2017».


Даступныя крэдыты

Канкрэтныя рашэнні па зніжэнні стаўкі рэфінансавання будуць прымацца праўленнем Нацбанка ў залежнасці ад таго, як будзе рухацца працэс далейшага зніжэння інфляцыі. Акрамя таго, будзе ацэньвацца стан плацежнага балансу краіны.

Старшыня праўлення Нацбанка адзначыў, што пасля зніжэння ставак на грашовым рынку назіраецца сітуацыя, калі і ў прадпрыемстваў, і ў насельніцтва з'яўляецца магчымасць браць крэдыты па больш нізкіх працэнтных стаўках. «У верасні па новавыдадзеных крэдытах у беларускіх рублях працэнтная стаўка склала 12,2%. Ёсць яшчэ адна тэндэнцыя, унікальная для Беларусі, яна назіраецца ўпершыню — працэнтныя стаўкі па крэдытах для фізічных асоб практычна зраўняліся з працэнтнымі стаўкамі па новавыдадзеных крэдытах для юрыдычных асоб», — растлумачыў ён. Таксама Павел Калаур паведаміў, што Нацбанк у наступным годзе плануе цалкам адмовіцца ад нормы абавязковага продажу валютнай выручкі.

Стаўка рэфінансавання 18 кастрычніка зніжана ў Беларусі да 11% гадавых. Гэта восьмае зніжэнне стаўкі з пачатку года.

Эканоміка плюс — і ЗВР плюс

У Беларусі ёсць магчымасць на здаровай аснове павялічваць золатавалютныя рэзервы па 1—1,5 млрд долараў у год, заявіў старшыня праўлення Нацбанка. Ён растлумачыў: каб на здаровай аснове павялічыліся ЗВР, эканоміка павінна дэманстраваць пастаянны ўстойлівы рост экспарту. «У гэтым годзе 1,2 млрд долараў на чыстай аснове мы на рынку атрымалі. У асноўным за кошт таго, што насельніцтва па-ранейшаму з'яўляецца прадаўцом валюты. І гэта дало нам магчымасць на здаровай аснове нарасціць ЗВР. Цяпер рэзервы Беларусі складаюць 7,266 млрд долараў у эквіваленце. Нацыянальны банк плануе да 2020 года нарасціць золатавалютныя рэзервы да 8—8,5 млрд долараў.

Тарыфы і падтрымка

Старшыня праўлення Нацбанка адзначыў, што праграма з МВФ прадугледжвала фінансавую падтрымку канкрэтных змен у краіне. «Гэтыя змены вызначаны і нашай пяцігадовай праграмай. Так, мы разышліся па вызначанай хуткасці гэтых змен. У прыватнасці, па тарыфах на жыллёва-камунальныя паслугі. Думаю, што мы ў краіне павінны вызначыцца, як мы будзем рухацца па тых ці іншых напрамках рэфармавання эканомікі, а потым ужо вяртацца да пытання падтрымкі з боку міжнародных арганізацый. Мы павінны адказаць на шэраг пытанняў, уключаючы пытанне фіскальных рызык: як мы будзем імі кіраваць, як іх ацэнім. Гэта вельмі няпростая праца, але яе трэба прарабіць унутры краіны», — удакладніў ён. Місія Міжнароднага валютнага фонду будзе працаваць у Мінску з 26 кастрычніка па 10 лістапада.

Рэінжынірынг і кліентацэнтрычнасць

Перад лічбавымі тэхналогіямі вялікая і шматгранная будучыня. У гэтым плане Нацыянальны банк працягне практыку стварэння прававой, метадалагічнай і тэхналагічнай базы для лічбавай трансфармацыі банкаўскай сферы. Старшыня праўлення Нацбанка адзначыў, што ў банкаўскім сектары відавочна праглядаюцца наступныя крокі рэінжынірынгу бізнес-працэсаў банкаў, якія вядуць да кліентацэнтрычнасці, тэхналагічнай і арганізацыйнай гнуткасці. Кліентацэнтрычнасць напрамую звязана з новымі магчымасцямі збору і апрацоўкі інфармацыі, якія дазваляюць стварыць лічбавы профіль кліента. Гэта выводзіць ўзаемаад-
носіны «кліент—банк» на ўзровень, калі прадукты і паслугі ствараюцца і прапануюцца зыходзячы з пераваг, намераў і фінансавых магчымасцяў кліента. Справіцца з распрацоўкай падобных прадуктаў і паслуг будуць здольныя банкі, якія ўжо сёння прыступілі да распрацоўкі і ўкаранення гнуткіх ІT-платформаў у спалучэнні з экасістэмамі адкрытых інавацый.

Пытанні інфармацыйнай бяспекі

У цяперашні час Нацбанкам рэалізуецца праект па стварэнні ў Беларусі цэнтра маніторынгу і процідзеяння камп'ютарным нападам у крэдытна-фінансавай сферы. Як паказвае міжнародная практыка, яго стварэнне будзе садзейнічаць зніжэнню шкоды ад злачынстваў у крэдытна-фінансавай сферы, дазволіць прымаць прэвентыўныя меры, накіраваныя на процідзеянне пагрозам інфармацыйнай бяспецы ў нашай краіне. Цэнтр маніторынгу ствараецца як падраздзяленне Нацыянальнага банка і будзе з'яўляцца новай структурай для фінансавага сектара Беларусі.

Сістэма імгненных плацяжоў

Сёння фінансавы рэгулятар распрацоўвае канцэпцыю стварэння ў Беларусі сістэмы імгненных плацяжоў. Яшчэ адным з асноўных трэндаў развіцця бізнес-працэсаў з'яўляецца ўзаемадзеянне банкаўскай сістэмы з іншымі арганізацыямі ў напрамку паляпшэння разліковага абслугоўвання кліентаў. Старшыня праўлення Нацбанка растлумачыў, што гаворка ідзе пра кругласутачны доступ з разнастайных электронных прылад да здзяйснення бяспечнай, абароненай грашовай транзакцыі. Для гэтага прымаюцца тэхнічныя, прававыя і арганізацыйныя меры.

Павел Калаур падкрэсліў, што сучасныя бізнес-працэсы ў банкаўскай дзейнасці ўжо ў значнай меры заснаваныя на выкарыстанні магчымасцяў інфармацыйных тэхналогій для рэалізацыі канцэпцыі кліентаарыентаванасці, уключаючы забеспячэнне пастаяннага аддаленага доступу кліентаў да паслуг банка. «Рэінжынірынг бізнес-працэсаў у першую чаргу закрануў каналы продажаў банкаўскіх паслуг і прадуктаў, што прывяло да арганізацыйных змен у дзейнасці аддзяленняў і філіялаў банкаў. У банкаўскай сістэме дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям ужо ідзе вызваленне персаналу ад руціннай работы ў разлікова-касавым абслугоўванні, бухгалтэрыі і справаздачнасці, што дазваляе накіраваць кадравыя і фінансавыя рэсурсы банкаў на развіццё высокатэхналагічных напрамкаў дзейнасці», — адзначыў старшыня праўлення Нацбанка.

***

ХІV Міжнародны форум па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях «БанкІТ'2017» праходзіць 18—20 кастрычніка ў Мінску. Форум сабраў звыш 1,5 тысячы кіраўнікоў і экспертаў у сферы фінансаў, ІТ і кіравання з больш чым 10 краін. Адбудзецца 14 секцыйных пасяджэнняў, уключаючы дыскусіі, на якіх выступяць больш за 60 спікераў. Асноўным блокам тэм вызначаны такія актуальныя для фінансавай галіны пытанні, як сучасныя патрабаванні да ІТ-платформаў банкаў, кіраванне данымі, лічбавае ўзаемадзеянне з кліентамі і выкарыстанне ў банкаўскай сістэме тэхналогіі блокчэйн.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».