Вы тут

Якія прычоскі сёння ў модзе і як даглядаць валасы?


Валасы — важны элемент знешнасці любой жанчыны і любога мужчыны. Здаровыя і прыгожыя, яны заўсёды прыцягваюць увагу, дапамагаюць адчуваць сябе ўпэўнена. Зразумела, для падтрымання прывабнага знешняга выгляду патрабуецца рэгулярны догляд. Якія прычоскі сёння ў модзе і як даглядаць валасы, расказала цырульнік Алена БЯРОЗКА.


— Пры выбары прычоскі або стрыжкі варта прытрымлівацца ўласнага стылю ці сачыць за моднымі тэндэнцыямі?

— Усё залежыць ад стану душы, асабліва ў жанчын. З вопыту скажу, яшчэ моладзь сочыць за модай. Мужчыны больш пастаянныя ў стрыжках. У жанчын яшчэ і ад настрою залежыць, нават ад надвор'я, пары года. Усе дамы хочуць моднічаць незалежна ад узросту, але больш гэта праяўляецца вясной. Як толькі сонейка засвяціла, бяжым да цырульніка.

— Якія галоўныя трэнды гэтага асенняга сезона?

— Сёння ўжо няма масавых «пафасных» прычосак, шалёных начосаў. Раней перад Новым годам, 8 Сакавіка мы з цяжкасцю паспявалі абслугоўваць кліентаў. Тыя ж хімічныя завіўкі робім зараз 1—2 разы на месяц. Цяпер попытам карыстаюцца лёгкія, паўсядзённыя ўкладкі. Папулярная і стрыжка піксі з рознымі каляровымі ўкрапінамі: дзесьці пасмачка ружовая, дзесьці сіняя. Меліраванне ўжо не ў модзе. Часта робяць цікавыя афарбоўкі з элементамі меліравання. У модзе таксама складаная афарбоўка з элементамі светлых пасмачак. Калі жадаем атрымаць эфект выгаралых валасоў, асвятляем на пару тонаў, таніруем. З часам фарба вымываецца і атрымліваецца натуральна.

— Ёсць меркаванне, што сродкі па доглядзе валасоў варта перыядычна мяняць, нібыта валасы прывыкаюць і няма патрэбнага эфекту?

— Мяняць варта, калі адчуваеш, што сродак па доглядзе ўжо назапасіўся ў валасах. Шампунь усё ж такі прызначаны для мыцця і ачышчэння валасоў. А вось маскі і бальзамы маюць уласцівасць назапашвацца, таму іх варта мяняць рэгулярна. Кожны чалавек павінен для сябе зрабіць выбар метадам спроб і памылак. Гэта ўсё індывідуальна.
Я раю мяняць і спрабаваць розныя лінейкі. Скончылася адно, зрабіў выснову і бярэш іншае. Потым заўсёды ведаеш, да чаго можна вярнуцца. Дарэчы, варта выкарыстоўваць народныя маскі.

— Адрозніваецца догляд валасоў у залежнасці ад іх колеру?

— Безумоўна. Напрыклад фарба блонд больш раскрывае кутыкулу воласа, ён становіцца больш порысты. Бо бландзінкі фарбуюцца на больш высокім працэнце акісляльніка, чым брунеткі або шатэнкі. Валасы становяцца больш ломкія, захаваць іх здаровымі складана. Да таго ж бландзінкам трэба раз у месяц-паўтара фарбаваць карані. Калі фарбавацца ў цёмны колер, варта быць асцярожным з выбарам адцення. Бо цёмны колер можа рабіць чалавека старэйшым. Калі ёсць сівізна, я рэкамендую аддаваць перавагу светлым колерам. Калі адрастаюць валасы з сівізной, яна будзе менш бачна на светлых валасах, чым на цёмных.
У любым выпадку, каб захаваць прыгожыя і здаровыя валасы, патрэбен добры догляд, і не важна, які колер вы маеце.

— А ў хатніх умовах можна фарбаваць валасы?

— У хатніх умовах часта не выконваецца тэхніка афарбоўкі. Напрыклад, калі падфарбоўваць карані, за 5—10 хвілін да змывання трэба абавязкова прачасаць валасы па ўсёй даўжыні, каб атрымаўся раўнамерны колер. Многія не выконваюць гэтую інструкцыю, таму колер каля каранёў можа адрознівацца...

— Ёсць меркаванне, што фарбы, якія ўтрымліваюць аміяк, больш шкодныя для валасоў?

— Калі не аміяк, то іншы хімічны элемент у фарбе будзе прысутнічаць. Тут трэба ўлічваць індывідуальную пераноснасць. У мяне ёсць кліентка, у якой алергія на аміяк, таму яна карыстаецца фарбамі, што яго не ўтрымліваюць.

— Часта бывае, што ўбачылі прычоску, якая прыйшлася нам даспадобы. Што казаць майстру, каб ён зразумеў, які вынік мы хочам атрымаць?

— Калі вы хочаце незвычайную прычоску, лепш прынесці карцінку, фатаграфію. Цяпер ёсць інтэрнэт, і можна знайсці нават асобны элемент: дзесьці скроню або пасмачку ружовую. Кліенту і цырульніку важна знайсці паразуменне. Калі цырульнік не разумее, чаго хоча кліент, лепш зусім не брацца за работу.

— Цяпер модна рабіць паліроўку, керацінавае аднаўленне, стрыжку гарачымі нажніцамі. Што з гэтых працэдур сапраўды прынясе карысць для вашых валасоў,
а што стварае толькі часовы эфект?

Асабіста маё меркаванне: гэта ўсё рэкламны ход. Пры паліроўцы надзяваецца насадка, якая прыбірае сухія і пасечаныя кончыкі, але разам з імі прыбіраюцца і здаровыя валасы. Тая ж стрыжка гарачымі нажніцамі. Валасы не могуць быць здаровыя ад таго, што яны запайваюцца.

— Ці адрозніваецца догляд валасоў у цёплую і халодную пару года?

— Летам ідзе пашкоджанне сонцам. Валасы выгараюць, становяцца ломкімі. У халодную пару года яны псуюцца пад уздзеяннем холаду. У любым выпадку для кожнага чалавека патрэбны індывідуальны догляд. Тут трэба не саромецца, пагаварыць са сваім майстрам. Добры цырульнік абавязкова дасць параду.
А як знайсці свайго цырульніка? Найлепшы спосаб — гэта сарафаннае радыё. Да таго ж, добры цырульнік павінен умець рабіць усё, нават масаж галавы.

— Як часта патрэбна мыць галаву?

— Галаву трэба мыць па меры неабходнасці. У аднаго можа быць праз дзень, у іншага раз на тыдзень. Калі ёсць неабходнасць мыць кожны дзень, выбіраем шампунь для штодзённага выкарыстання.

— Наколькі часта патрэбна падстрыгаць кончыкі валасоў?

— Таксама ўсё індывідуальна. Аднаму раз у тры месяцы, іншаму раз на год. Калі вы хочаце захаваць даўжыню валасоў, то старайцеся падразаць як мага радзей і па меры таго, як яны пачынаюць блытацца, пашкоджвацца, становяцца больш тонкія. Але падразаць варта своечасова, каб валасы выглядалі здаровымі і дагледжанымі.

— Калі выпадаюць валасы, як зразумець, ці патрэбна біць трывогу?

— Норма выпадзення валасоў — да 100 у дзень. Часам складана знайсці прычыну, па якой лезуць валасы, а аказваецца, ты проста перанерваваўся. Бываюць выпадкі, калі не дапамагаюць ні народныя сродкі, ні маскі. У такім выпадку мы рэкамендуем звяртацца да трыхолага. Яны, як правіла, бяруць валасы на абследаванне, і ўжо іх глыбока вывучаюць. Часта прычына можа хавацца ва ўнутраных збоях, тады могуць прапісаць нейкі вітамінны комплекс. Нават харчаванне адбіваецца на стане валасоў. Трэба ў рацыён уключаць прадукты, якія ўтрымліваюць кальцый, цынк, жалеза.

— Чым будзе адрознівацца догляд валасоў мужчыны і жанчыны?

— Мужчыны па прыродзе больш лянівыя. Але і ім трэба добра выглядаць. Таму ў некаторых выпадках варта прыбягаць да пэўных працэдур. У мяне ёсць адзін кліент, малады, але ўжо сутыкнуўся з сівізной. Хацеў пафарбавацца, але саромеўся вельмі. Ёсць мужчынскія лінейкі фарбы, якія як таніроўка змываюцца. І вось такой фарбай мы з ім паспрабавалі затаніраваць сівыя валасы. Эфект пераўзышоў чаканне. Пры сустрэчы ён мне расказаў, што ўсе гаварылі, як добра ён выглядае, але ніхто не заўважыў, што пафарбаваўся.

— Некаторыя мужчыны сутыкаюцца з праблемай аблысення: шмат хто думае, што гэта спадчыннае і нічога з гэтым зрабіць нельга. Ці варта ў такой сітуацыі звяртацца да спецыяліста?

— Часцей гэта сапраўды генетычная праблема. Але калі вы сутыкнуліся з аблысеннем, лепш схадзіць да трыхолага. Я рэкамендую мужчынам, якія лысеюць, масаж галавы альбо шампуні з утрыманнем перцу. Хоць шампунь проста змывае бруд з валасоў, але ўсё ж любое пашчыпванне — гэта прыток крыві да валасных цыбулін. Да таго ж, хто не любіць масаж? А тут яшчэ сумяшчаем яго з карысцю.

Карына ВАКУЛІЧ

Загаловак у газеце: Галава ў парадку: галоўная тэндэнцыя — здаровыя валасы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».