Вы тут

Не выхоўвай дзяцей — выхоўвай сябе


Усё адно яны будуць падобныя да цябе.

«У аўтобус зайшоў тата з сынам на руках. Я падхапілася, каб саступіць ім месца. Але мужчына здзівіў сваёй рэакцыяй: «Што вы?! Сядзіце, я ж сына гадую». Гэтую гісторыю падчас круглага стала, які прайшоў перад узнагароджваннем пераможцаў конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава», расказала Валянціна РАЖАНЕЦ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. І дадала, што гэта на сёння хутчэй выключэнне. Часцей даводзіцца назіраць іншае. Заходзіць маці з дзіцем, абвешаная цяжкімі сумкамі. Сына ўсадзіла, а сама стаіць, мучыцца...


Як вы ўжо зразумелі, тэма выхавання дзетак і іх бацькоў была ў цэнтры ўвагі падчас дыскусіі. Таксама шмат гаварылі пра ролю таты ў сям'і.

Вера МАРТЫНАВА, дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка: «Мы правялі вялікае сацыялагічнае даследаванне сярод старшакласнікаў. Адно з пытанняў, якое ім задалі, — «На чым павінна быць заснавана шчаслівая сям'я?» Амаль 30% адказалі, што на ўзаемаразуменні, 25% — на каханні. Гэтыя лічбы радуюць. Але трывожыць тое, што адказнасць як аснову паспяховай сям'і адзначылі ўсяго толькі 4,6% старшакласнікаў, узаемную падтрымку — 1,8%. Хоць, на мой погляд, узаемная падтрымка і адказнасць — самыя галоўныя складнікі шчаслівай сям'і. Амаль палова старшакласнікаў, якіх мы апыталі, станоўча ставіцца да сужыцця, якое яшчэ называюць грамадзянскім шлюбам. Прыблізна такое ж стаўленне да гэтай з'явы і ў іх бацькоў (40%)».

Сергій ЛЕПІН, протаіерэй, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы: «Мова ёсць дом быцця», казаў Хайдэгер. Калі мы дазваляем сужыццё называць шлюбам, аўтаматычна ўжо здзяйсняем дыверсію, дапускаем ідэю альтэрнатыўнасці законным адносінам. На мой погляд, гэта небяспечна. Сужыццё — гэта не што іншае, як нежаданне браць на сябе адказнасць».

Юрый САНЬКО, ксёндз-канонік, сакратар Канфедэрацыі рымска-каталіцкіх епіскапаў Беларусі: «Моладзь не адчувае адказнасці. Відаць, таму, што іх тата не адчувае сваёй адказнасці за маму, мама — за тату. Нас хвалюе, што ў краіне расце колькасць разводаў. Таксама сёння мы занепакоены такой з'явай, як чайлдфры. Калі маладыя людзі кажуць: «Навошта нам дзеці? Мы кахаем адно аднаго і будзем жыць для сябе». Гэта новы выклік сучаснасці».

Вера МАРТЫНАВА: «За тое, што школа павінна рыхтаваць дзяцей да сямейнага жыцця, выказалася 80% апытаных бацькоў. Мы ўнеслі прапанову ў Міністэрства адукацыі, што трэба ў сціснутым школьным графіку знайсці месца псіхалогіі. Вельмі важна, на мой погляд, у школах увесці і практыку бацькоўскіх універсітэтаў. Мы сёння павінны дапамагчы бацькам у выхаванні дзяцей».

Сергій ЛЕПІН: «Праваслаўная царква падтрымлівае ўвядзенне прадмета «Псіхалогія сямейнага жыцця». З іншага боку, мы заклапочаны, каб гэты адзін з самых важных прадметаў выкладалі сапраўды падрыхтаваныя педагогі. Бо вельмі часта падобныя дысцыпліны дастаюцца настаўнікам, якім не хапіла гадзін. Чалавек, які вучыць жыццю, сам павінен быць жывым».

Ганна ЯШЧУК, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта: «Самае лепшае выхаванне — гэта асабісты прыклад. Нездарма кажуць, не выхоўвай дзяцей — выхоўвай сябе. Усё адно яны будуць падобныя да цябе. Гэта датычыцца не толькі настаўнікаў, але ў першую чаргу бацькоў».

Святлана СІТНІКАВА, першы намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі: «У нашай дзяржаве быў такі досвед, быў такі прадмет, як «Псіхалогія сямейнага жыцця». Але настаўнікі аказаліся негатовыя. А высокакваліфікаваных сямейных і крызісных псіхолагаў у нас катастрафічна мала. Неабходна гэта пытанне прапрацоўваць. У канцы лістапада адбудзецца нацыянальны форум «Сям'я XXІ стагоддзя». Абавязкова вынесем гэтае пытанне на абмеркаванне».

Кацярына МАЛЬЦАВА, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей: «У нашым цэнтры працуюць і сямейныя, і крызісныя псіхолагі. Але 12 чалавек не ў сілах фізічна ахапіць увесь Мінск, не кажучы пра краіну. Усяго два такія цэнтры ў Беларусі. Таму важна, каб бацькоўскія ўніверсітэты працавалі паўсюдна, ва ўстановах адукацыі, у цэрквах, пры грамадскіх аб'яднаннях».

Юрый САНЬКО: «У нас пры касцёле ёсць школа сямейнага жыцця. Больш за 80% наведвальнікаў прыходзяць не для таго, каб пасля працаваць у сацыяльных цэнтрах ды праводзіць кансультацыі, а каб самім ствараць здаровыя сем'і».

Кацярына МАЛЬЦАВА: «Ужо каторы год мы дапамагаем сем'ям, якія выхоўваюць анкахворае дзіця. Як правіла, пасля працяглага лячэння яны распадаюцца. Муж сыходзіць з сям'і. Адна з прычын: жанчыны ўзвальваюць усе клопаты пра дзіця на свае кволыя плечы, не даючы магчымасць мужчыну ўдзельнічаць. У нас у цэнтры адкрываецца аддзяленне дзённага знаходжання для работы з такімі сем'ямі, каб псіхолагі маглі максімальна падключаць да зносін з малечай тату».

Людміла АНДРЭЕВА, галоўны ўрач Мінскага абласнога наркалагічнага дыспансера: «Чаму ў нас так шмат інфантыльных мужчын? Думаю, у тым ліку і таму, што жанчыны не гатовыя раздзяліць адказнасць, паверыць у свайго мужа, што ён можа яе панесці. Жаночая ж вера мае вялікую сілу».

Юрый САНЬКО: «Часта пасля нараджэння дзіцяці жанчына цалкам акунаецца ў мацярынства. Мы заўсёды раім маладым мамам павесіць над ложкам плакат: «На першым месцы — я і муж, дзіця — вынік нашага кахання».

Святлана СІТНІКАВА: «Раней на ўручэнне ордэна Маці губернатары чамусьці забываліся запрашаць мужчын. Нарэшце сітуацыя змянілася. Сёлета ў Мінску была поўная зала татаў. Яны ж сыгралі не апошнюю ролю ў нараджэнні пяці і больш дзяцей».

Таццяна КРАЎЧАНКА, старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў: «Хлопчыкаў змалку трэба выхоўваць так, каб яны адчувалі сваю адказнасць за стварэнне сям'і. Магу правесці майстар-клас (смяецца). Маім нявесткам, лічу, пашанцавала. На маіх сыноў яны спакойна могуць пакінуць маленькіх дзетак. Хлопцы змогуць і памперсы памяняць, і пакарміць. Лічу, што тым сем'ям, дзе таты актыўна ўдзельнічаюць у выхаванні дзяцей, развод не пагражае».

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».