Вы тут

Як арыгінальна сустрэць жонку з радзільні


«Прыгожая выпіска з радзільні па-беларуску» — такая незвычайная паслуга з'явілася ў сталіцы гэтым летам. Стварыць свята каханай і немаўляці вырашыла дапамагчы татам беларусікаў і беларусачак Святлана АЎЧЫННІКАВА.


Святлана разам з камандай аднадумцаў прапаноўвае мужчынам вялікую колькасць цікавінак з нацыянальным каларытам. У прыватнасці, тата можа ўзяць у арэнду аўтэнтычныя строі для сябе і сваёй жонкі. А таксама набыць адзежу для маленькага беларусіка (у ёй, дарэчы, пасля можна і пахрысціць дзіцятка) ды канверт на выпіску з радзільні, які трансфармуецца ў коўдрачку ў ложак ці каляску. На апошнім замест пышнага ружовага ці блакітнага банта — стужка з беларускім арнаментам. Усё гэта мала таго, што якаснае і выглядае цудоўна, дык пры гэтым яшчэ нясе глыбокі сэнс.

— Нашы продкі лічылі: тое, што ты надзяваеш, моцна ўплывае на цябе, — кажа Святлана. — Вельмі важна правільна спалучаць тканіну, арнаменты-абярэгі і каляровую гаму. Спрадвеку для дзетак, асабліва ў першыя дні жыцця, выкарыстоўвалі пераважна белы колер як сімвал чысціні. Колерам жаноцкасці лічыўся блакітны, таму што мы, жанчыны, лагодныя, як вадзічка, журчым, супакойваем нашых мужчын. Чырвоны — мужчынскі колер, колер абароны, актыўнай энергіі, агню. А мы ж з самага нараджэння адзяваем нашых дзяўчынак у ружовае, а хлопчыкаў — у блакітнае... І пры гэтым хочам, каб жанчыны не былі феміністкамі, а мужчыны слабымі?..

Папулярнасцю ў маладых татаў карыстаюцца і беларускамоўныя вінілавыя налепкі на машыну. Накшталт «Каханая, дзякуй за дачку (ці сына)», «Я стаў татам! Прымаю віншаванні — «бі-бі».

— Некалькі татаў ужо замаўлялі ў нас гэтыя налепкі. Дык потым дзяліліся ўражаннямі: «Едзеш па горадзе, і незнаёмыя людзі бібікаюць. Гэта так прыемна». Таксама мы распрацавалі два наборы абярэжных магнітаў — восем для дзяўчынкі і столькі ж для хлопчыка (даём апісанне сэнсу кожнага арнаменту). Яны таксама прымацоўваюцца на машыну.

Святлана Аўчыннікава і яе каманда — першыя і пакуль адзіныя ў нашай краіне, хто арганізоўвае выпіску з радзільні з нацыянальным каларытам, улічваючы старажытныя беларускія традыцыі. Адаптуюць да сучаснасці назапашаныя ў нашым народзе за сотні гадоў веды. Свята, якое яны ладзяць, займае агулам 15—20 хвілін. Самім татам рабіць нічога не трэба. За іх усё робіць аніматар у вобразе Купалінкі, Бусла ці Шляхцянкі XVІІ стагоддзя. Пры жаданні можна замовіць жывую музыку.

— У нашай камандзе ёсць некалькі цымбалістак. З маіх назіранняў, дзеткі сябе спакойна адчуваюць, менавіта калі чуюць гукі цымбалаў. Сустрэча з радзільні запісваецца на відэакамеру. А якія каларытныя фотаздымкі атрымліваюцца ў ліцвінскай намітцы, шапцы з пер'ем паўліна ці ў беларускім венчыку ды поясе з арнаментам!

Усяго за 15—20 хвілін бацькі і сваякі атрымліваюць не толькі прыемныя эмоцыі ды памяць для сябе і сваіх дзетак на доўгія гады, але і даведваюцца шмат цікавага.

— Мы дорым маладым бацькам пры сустрэчы з радзільні солід, насенне дрэва ды абярэжную ляльку. Так яны не толькі даведваюцца пра традыцыі нашых продкаў, але і працягваюць іх у сваіх сем'ях.

Солід — гэта адзіная манета ВКЛ і Рэчы Паспалітай, якая чаканілася на тэрыторыі Беларусі, у Бярэсці. Нашы продкі, калі дзіцяці спаўнялася 7 гадоў, дарылі яму першы грош. Тым самым сімвалічна падкрэслівалі пераход на новы этап. З гэтага часу ў дзетак з'яўляліся адмысловыя абавязкі і правы. Мы цалкам рэканструявалі солід, тым самым вырашылі адрадзіць перадачу сямейнай рэліквіі з пакалення ў пакаленне. Уявіце, бацькі будуць захоўваць манету сем гадоў, а пасля падораць яе свайму дзіцяці. Гэта будзе важкі падарунак, а не проста прыстаўка, ноўтбук, планшэт... Так робяць усе. І гэта выклікае не тыя глыбока цёплыя пачуцці.

У нашых продкаў была і яшчэ адна цудоўная традыцыя. Калі дзіцятка нараджалася, яны садзілі ў яго гонар дрэва — мужчынскае ці жаночае. Даглядалі яго ўсёй сям'ёй. Тым самым змалку прывівалі сыну ці дачушцы адказнасць. З сямі гадоў дзеткі самі пачыналі клапаціцца пра сваё дрэва.

Яшчэ я раблю абярэжныя лялькі. Для немаўлятак яны называюцца спавівашкі. Даўней лічылася, што праз такую немудрагелістую цацку дзіцяці перадаецца цяпло і энергія мамы. Лялечка звычайна клалася ў ложачак побач з немаўлём і ахоўвала яго. Таму я да кожнай сваёй спавівашкі прымацоўваю яшчэ і падрабязную інструкцыю, каб маці, калі пажадае, магла зрабіць такі абярэг сама.

— Паслуга, наколькі я зразумела, арыентавана больш на татаў, якія хочуць зрабіць для жонкі сюрпрыз?

— Так, важны менавіта эфект сюрпрызу. Бо жанчыны вельмі нервуюцца, і, што ім ні прапануй, яны ад усяго адмовяцца. Аднак потым, калі сюрпрыз удаўся, вельмі ўдзячныя свайму каханаму. Кажуць: «Які ж ты малайчынка, гэта было так незвычайна!» Асабліва, калі пачынаюць садзіць дрэва ў гаршчок, глядзяць, як зрабіць лялечку-спавівашку.

Сёння нікога не здзівіш тым, што сустрэў жонку з радзільні на лімузіне з ружамі ды шарыкамі. Так робяць ва ўсім свеце. Іншая справа, калі ты скажаш, што сустрэў каханую як сапраўдны беларус — на карэце, пад гукі цымбалаў...

— Света, як у тваёй галаве нарадзілася такая цудоўная ідэя?

— Я вельмі шаную ўсё беларускае. Вучылася ў беларускамоўнай школе, у штодзённым жыцці з задавальненнем размаўляю па-беларуску. Па першай адукацыі я гісторык. Апошнія некалькі гадоў пачала больш глыбока цікавіцца славянствам, старажытнымі традыцыямі нашага народа. Цешуся, што паступова ідзе адраджэнне ўсяго беларускага. Я, як жанчына і будучая маці, адчула, што важна адраджаць традыцыі беларускага бацькоўства. Паглядзела, што ў нашай краіне ёсць арганізацыі, якія сустракаюць з радзільні. Аднак яны гэта робяць, як усе па усім свеце. А хочацца захаваць сваю адметнасць, каб мы разумелі, хто мы, і выкарыстоўвалі тое, што нам пакінулі нашыя продкі. Калі бацькі зразумеюць, што яны беларусы, тады і іх дзеткі будуць з гонарам несці сваю беларускасць.

— Ты сама хацела б, каб цябе сустрэлі так з радзільні?

— Шчыра кажучы, я нават не магу ўявіць сабе ўсё гэта па-іншаму. Толькі так. Толькі сваё, роднае, беларускае. Бо я сама беларуска і хачу гэта пачуццё перадаць сваім будучым дзецям. Мне было б не надта прыемна, калі б мяне сустрэлі з радзільні са звычайным торцікам, які я нават не змагу пакаштаваць. Тортам з памперсаў таксама сёння нікога не здзівіш. А мы ж сустракаем з караваем, зробленым паводле беларускіх традыцый. Яго можа есці нават мама, якая корміць дзіця грудным малаком. Калі буду глядзець сваё відэа сустрэчы з радзільні, прыемна, што яно будзе знята на фоне беларускамоўнай расцяжкі, дзе напісана «Любая мая, я цябе кахаю!» Гэта гучыць так цёпла, вы толькі паслухайце! Нават калі тата не замаўляе жывую музыку, мы ўсё адно ўключаем гукі цымбалаў у запісе, каб стварыць каларытную атмасферу. Уяўляеце, дзіця выходзіць першы раз у свет і чуе гукі цымбалаў! Гэта не перадаць словамі! Проста цяплее ўнутры, калі ты гэта бачыш і чуеш. Я нават гавару гэта, і ў мяне слёзы наварочваюцца. Мне хацелася б, каб мяне сустракалі так. Таму хачу падзяліцца гэтым з беларускімі сем'ямі. Каб матулі ды таты адчулі вось гэтую цеплыню ў сэрцы ад свайго, ад роднага. А нашы дзеткі з нараджэння былі сапраўднымі беларусамі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.