Вы тут

Што набываюць на айчыннай таварнай біржы?


Апошнія гады сусветны інтэрнэт-гандаль перажывае бум: кожны дзень з'яўляюцца сотні новых анлайн-пляцовак, маркетплэйсаў, на якіх можна купіць або прадаць усё што заўгодна і ў любой колькасці. Кожны новы гулец на гэтым рынку ўсімі сіламі імкнецца адкусіць хоць бы невялікі кавалак ад гэтага вялізнага пірага. Нягледзячы на канкурэнцыю з боку такіх гігантаў, як Аlіbаbа, Аmаzоn і еBау, не засталася ў баку ад агульнасусветных тэндэнцый і наша краіна. Іх беларуская альтэрнатыва была створана дзякуючы Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ).


Некалькі гадоў таму на біржы з'явілася свая электронная пляцоўка прамысловых і спажывецкіх тавараў (ПСТ). Працуе яна на стыку біржавога гандлю і электроннай камерцыі і з'яўляецца свайго роду гібрыдам біржы і інтэрнэт-партала для аптовых закупак. Таргі тут праводзяцца кругласутачна ў анлайн-рэжыме, а асартымент тавараў абмяжоўваецца толькі фантазіяй і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб абароце зброі, наркатычных сродкаў, псіхатропаў і іншай падобнай «прадукцыі». Таму на таргі нярэдка выстаўляюцца абсалютна небіржавыя тавары: ліфты, дарожныя знакі, спецвопратка, электраінструменты, прадукты харчавання і многае іншае. Пры гэтым у сілу таго, што пляцоўка ПСТ арыентавана на аптовы гандаль, сумы здзелак часам аказваюцца значнымі. У БУТБ «Звяздзе» расказалі пра пяць найбуйнейшых здзелак гэтага года з незвычайнымі для біржавых таргоў таварамі.

1. Дрэнажны геакампазіт маркі «МІАДРЭН-Х 650» на суму больш за 1 млн USD.

Дрэнажны геакампазіт — дастаткова запатрабаваны матэрыял, які шырока ўжываецца ў сферы дарожнага будаўніцтва. А такая вялікая партыя закуплялася для будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Па водапрапускных уласцівасцях гэты матэрыял пераўзыходзіць традыцыйны друз, што дазваляе не толькі забяспечыць эфектыўны адвод вады, але і знізіць кошт земляных работ.


2. Лінія па перапрацоўцы піловачніку ў абразныя піламатэрыялы за 576 тыс. USD.

Лесаматэрыялы займаюць важнае месца ў структуры беларускага экспарту, таму і якасці прадукцыі, што выпускаецца айчыннымі дрэваапрацоўшчыкамі, удзяляецца асаблівая ўвага. Натуральна, для гэтага неабходна сучаснае абсталяванне. Лінію па перапрацоўцы піловачніку набыло дзяржаўнае прадпрыемства лясной гаспадаркі, якое зараз мадэрнізуецца. Гэты набытак — тыповы прыклад такога кшталту інвестыцый. Дзякуючы новай тэхналагічнай лініі лясгас зможа вырабляць высакаякасныя абразныя піламатэрыялы і прадаваць іх еўрапейскім спажыўцам.


3. Тысяча тон сланцавага алею для насычэння драўніны на 480 тыс. USD.

Як вядома, драўніна, якой бы якаснай яна ні была, рана ці позна пачынае гніць і разбурацца, перш за ўсё пад уздзеяннем неспрыяльных кліматычных умоў. Гэтая праблема асабліва актуальная для чыгунак, дзе пры будаўніцтве палатна выкарыстоўваюцца драўляныя шпалы. Каб падоўжыць тэрмін службы, іх прамакаюць адмысловымі хімічнымі рэчывамі-антысептыкамі, якія засцерагаюць драўніну ад увільгатнення і загнівання. Да такіх антысептыкаў адносіцца і сланцавы алей: ён таксічны для грыбковых арганізмаў, але абсалютна бясшкодны для жывёл і чалавека. А паколькі гэта рэчыва з'яўляецца адным з асноўных антысептыкаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці шпалапрадукцыі, яго актыўна закупляюць профільныя прадпрыемствы.


4. 350 тысяч нарыхтовак для плацежных банкаўскіх картак на агульную суму звыш 235 тыс. USD.

Усе мы карыстаемся банкаўскімі картамі, але ці задумваліся вы, дзе банкі іх бяруць? Вырабляюць самі? Часткова так: у банкаўскіх працэсінгавых цэнтрах адбываецца нанясенне малюнка на карту, а таксама эмбасіраванне (выцісканне) нумара карты і імя і прозвішча яе ўладальніка. Для гэтага выкарыс-тоўваецца адмысловае абсталяванне — эмбосер. Саму ж пластыкавую аснову карты банк закупляе ў іншых фірмаў. Часам пастаўшчыка «пластыка» шукаюць шляхам правядзення тэндару, а часам звяртаюцца на біржу, дзе кошт сыравіны з-за канкурэнцыі паміж прадаўцамі нярэдка аказваецца ніжэйшы, чым па прамых кантрактах. Акрамя нарыхтовак для пластыкавых карт, банкі таксама актыўна набываюць на біржы і іншую запатрабаваную ў банкаўскай сферы прадукцыю: картрыджы для прынтараў, канцылярскія прылады, матэрыялы для ўпакоўкі каштоўнасцяў і нават бронекамізэлькі.


5. Жаночыя блузы з кароткім рукавом коштам 74 тыс. USD.

Звычайна ўніформа супрацоўнікаў пэўных арганізацый вытрымана ў адзіным фірмовым стылі і таму закупляецца оптам і, як правіла, у аднаго пастаўшчыка. Калі перад адным з дзяржаўных банкаў паўстала пытанне закупкі 8670 жаночых блуз з кароткім рукавом, ён прыняў рашэнне звярнуцца на біржу. На заяўку адгукнуліся адразу некалькі пастаўшчыкоў, але біржавы дагавор быў заключаны толькі з адным з іх, які прапанаваў самую нізкую цану і самыя выгадныя ўмовы пастаўкі.

Увогуле паслугамі ПСТ прадстаўнікі бізнесу карыстаюцца ўсё часцей, паведамілі ў БУТБ. Усяго на пляцоўцы — больш за 10 тысяч таварных пазіцый. Пры гэтым паняцця «мінімальная партыя» не існуе. А каб стаць трэйдарам, дастаткова атрымаць ключ электроннага лічбавага подпісу.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?