Лёс, верагодней за ўсё, выбраў жыхарку вёскі Цыганкі Таццяну Дзянісаву-Берашэвіч для дапамогі састарэлым аднавяскоўцам не выпадкова.
У свой час не даў пакінуць малую радзіму, як рабілі яе равеснікі і аднакласнікі, потым спрыяў у працы ў сельскай гаспадарцы — была жывёлаводам, даіла кароў, пасля на пошце — дваццаць гадоў Таццяна адпрацавала ў паштовым аддзяленні. А цяпер яна, лічы, цэнтральная фігура для свайго і суседніх населеных пунктаў, бо сацыяльны работнік у невялікай вёсцы — вельмі запатрабаваная, патрэбная і своечасовая прафесія. Шэсць гадоў Таццяна шчыруе на сваёй чалавечнай пасадзе ў Сенненскім раённым Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання.
Пад апекай Таццяны дзевяць чалавек — тры сям'і па два чалавекі і тры адзінокія жыхары. Не толькі ў Цыганках — даводзіцца ездзіць на веласіпедзе ў вёскі Бор і Гуліна.
Сям'я з вёскі Бор Сцяпан Іванавіч і Валянціна Сяргееўна Ляўко — былыя суседзі Таццяны. Цяпер дапамагае ім — носіць ваду, дровы, мые падлогу, купляе прадукты ў краме і лекі ў аптэцы. Яшчэ адзін падапечны Таццяны — Іван Гарнак. «Памятаю, як прынесла для яго першую пенсію, — успамінае жанчына. — Не думала тады, што буду яму дапамагаць». Іван Несцеравіч жыве адзінока, амаль страціў зрок. Сацыяльны работнік прыходзіць да яго два разы на тыдзень, гатуе ежу, прыбірае. Гэтак і з іншымі падапечнымі. «Але кожны дзень думаю пра іх, а на тэлефоннай сувязі — пастаянна», — прызнаецца Таццяна.
Пра тое, што Таццяна незаменны, патрэбны, і, галоўнае, свой чалавек, найлепш сведчыць тое, што землякі абралі яе старэйшынай ажно на пяць вёсак.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.