Вы тут

Апавяшчальнік для ветэрана і дровы для шматдзетнай сям'і


Рэйды супрацоўнікаў сацыяльнай службы, інспектараў МНС і прадстаўнікоў сельвыканкамаў нярэдка выяўляюць праблемы.

У Брэсцкім раёне зараз 720 чалавек пажылога ўзросту адносяцца да катэгорыі адзінокіх грамадзян, і дзве з паловай тысячы пенсіянераў пражываюць адны. Іх дамы і кватэры становяцца часцей за ўсё адрасамі наведвання для раённых камісій, у якія ўваходзяць службовыя асобы з названых вышэй структур. Загадчыца аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна Тамара Нядзельская сёлета ўжо паўдзельнічала ў рэйдах па вёсках некалькіх сельсаветаў. Тамара Іосіфаўна гаворыць, што ў гэтым годзе выяўлена менш парушэнняў пры эксплуатацыі печаў пажылымі людзьмі, чым летась. Напрыклад, у населеных пунктах Знаменскага і Лышчыцкага сельсаветаў наконт гэтага амаль не ўзнікла заўваг у спецыялістаў. Значыць, леташнія агрэхі выправілі.


Удзель­ні­кі рэй­да­вай бры­га­ды Брэсц­ка­га ра­ё­на  на­вед­ва­юць до­ма­ўла­дан­ні.

Дарэчы, двум ветэранам вайны з Матыкальскага сельсавета Васілю Бародзіку і Мікалаю Зданевічу сёлета адрамантавалі печы за кошт дзяржаўнай праграмы, а тром грамадзянам устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Гэта да пытання эфектыўнасці рэйдаў. Менавіта падчас наведванняў камісій былі выяўлены непаладкі ў печах альбо адсутнасць апавяшчальных прыбораў, і вось пытанне вырашанае. А налета павінна стаць яшчэ лепш, таму што ў дзяржаўную праграму падтрымкі ўключаны і адзінокія пажылыя людзі. Калі раней печы за кошт бюджэту рамантавалі толькі ветэранам вайны, асобным катэгорыям інвалідаў, цяпер з'явілася магчымасць дапамагаць адзінокім маламаёмным людзям, падкрэсліла Тамара Нядзельская.

Вераніка Лаўранюк, інспектар Брэсцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, расказала, што аддзел не толькі праводзіць праверкі па месцы пражывання старых людзей, але і арганізоўвае самыя розныя акцыі. Так, сёлета ў госці да ветэрана вайны Пятра Паўлавіча Мігуцкага інспектары супрацьпажарнага нагляду завіталі разам са старшакласнікамі Мухавецкай сярэдняй школы. Пётр Паўлавіч разам з жонкай Антанінай Паўлаўнай расказалі моладзі пра цяжкія гады вайны. А вучні з задавальненнем дапамаглі ветэранам навесці парадак на двары і прысядзібным участку. Работнікі РАНС у якасці падарунка ўстанавілі пажылым людзям пажарны апавяшчальнік. Такім чынам, атрымалася не толькі мерапрыемства асветніцкага характару для моладзі, бо хлопцам і дзяўчатам паказалі, як трэба клапаціцца пра пажарную бяспеку дзядуль і бабуль, але і знакам увагі для шаноўных ветэранаў.

Інспектары райаддзела МНС расказалі пра тыповыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, якія даводзіцца выяўляць. Аказваецца, і «жучкі» ў лічыльніках электраэнергіі — гэта не такая ўжо рэдкасць у ХХІ стагоддзі, як можа падацца на першы погляд. Часта бывае, што пажылыя людзі адхрышчваюцца: маўляў, не ведаю, адкуль узялося, ніколі не лазіў у лічыльнік. А давесці людзям, што гаспадар домаўладання нясе адказнасць за стан прыбораў, устаноўленых у доме, бывае вельмі няпроста. У такіх выпадках інфармацыя паведамляецца ва ўстанову электразабеспячэння.

Прадметам асаблівай увагі становяцца праблемныя сем'і альбо адзінокія людзі, якія злоўжываюць алкаголем, вядуць асацыяльны лад жыцця. У адным з такіх дамоў апавяшчальнік быў устаноўлены даўно, але аказаўся няспраўным. Там былі перарэзаныя правадкі. Відаць, прыбор рэагаваў на цыгарэтны дым і тым самым раздражняў гаспадароў дома альбо іх гасцей. Вось і прывялі яго ў непрыгоднасць, хоць гаспадар і бажыўся, што не чапаў апавяшчальніка. Паколькі заўсёднікамі яго дома бываюць усе мясцовыя выпівакі, то зусім магчыма, што ідэя забяспечыць цішыню прыйшла ў галаву некаму з іх. І што зробіш у такой сітуацыі? Пакінуць чарговае прадпісанне, давесці інфармацыю да ўчастковага. Гэта, вядома, будзе зроблена.

Старшыня Тамашоўскага сельскага Савета Алена Бурак звярнула ўвагу на яшчэ адну сацыяльную праблему апошняга часу — алкагольную залежнасць пажылых вясковых жанчын. На жаль, ва ўсіх рэгіёнах цяпер адзначаюць, што ў вёсках ёсць адзінокія бабулькі, якія прапіваюць пенсію з усімі сацыяльнымі наступствамі. Адна такая стала сапраўдным галаўным болем кіраўніцтва названага сельвыканкама. Летась яе накіравалі на сацыяльны ложак. Зіму пенсіянерка прабыла ў бальніцы сястрынскага догляду, на лета вярнулася дадому. І апошнія праверкі выявілі, што жыллё яе патэнцыйна небяспечнае. Давядзецца зноў вырашаць пытанне з сацыяльным ложкам. Яшчэ аднаго жыхара вёскі, мужчыну, накіравалі на зіму ў лячэбна-працоўны прафілакторый. І гэта гарантыя, што за зіму ён не згарыць разам з домам.

Алена Іванаўна расказала, што падчас сумесных рэйдаў выяўлена нямала праблем, большасць з якіх вырашаюцца ў рабочым парадку. Правяралі пажарную бяспеку шматдзетнай сям'і і высветлілі, што людзі не запасліся на зіму палівам. Усёй грамадой аператыўна вырашалі пытанне, нават дырэктар Прыбараўскай школы, дэпутат сельскага Савета, падключыўся. І дровы для вялікай сям'і даставілі на падворак. Будзе цёпла ў хаце, значыць, не ўзнікне спакуса ўключаць абагравальнікі, тым больш сумнеўнай якасці.

* * *

Каб яшчэ раз прыцягнуць увагу грамадскасці да пажарнай бяспекі, у краіне распачалі акцыю «За бяспеку разам!». Менавіта з пачаткам ацяпляльнага сезона ўзрастае колькасць пажараў у жылым сектары. Таму інспектары супрацьпажарнага нагляду разам з прадстаўнікамі іншых службаў зноў наведаюць сем'і так званых груп рызыкі, каб напомніць ім аб правілах паводзін. Бяспечных.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Брэсцкі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.