Вы тут

Міхаіл Мясніковіч правёў шэраг двухбаковых сустрэч


Мінулы тыдзень быў багаты на міжнародныя падзеі, важныя не толькі для міжкраінавага супрацоўніцтва, але і для сусветнага. Пасяджэнні Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ, Савета Міжпарламенцкай асамблеі СНД, а таксама адкрыццё і работа 137-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза — для краін гэта нагода не толькі абмеркаваць надзённыя для арганізацый пытанні, але і сустрэцца з прадстаўнікамі іншых рэспублік. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, які ўзначаліў беларускую парламенцкую дэлегацыю падчас гэтых мерапрыемстваў, правёў шэраг двухбаковых сустрэч.


Наколькі эфектыўна працуем?

На пасяджэнні Савета МПА СНД Міхаіл Мясніковіч выступіў з дакладам, у якім закрануў вынікі Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, які прайшоў 11 кастрычніка ў Сочы. Спікер Савета Рэспублікі канстатаваў наяўнасць цэлага комплексу выклікаў і пагроз як знешняга, так і ўнутранага характару, а таксама звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення работы Міжпарламенцкай асамблеі СНД. На яго думку, партнёры СНД — іншыя органы, у тым ліку выканаўчай улады, — павінны больш адказна ставіцца да прынятых на пасяджэннях саветаў кіруючых органаў рашэнняў, асабліва ў частцы іх рэалізацыі. У сувязі з гэтым таксама павінен ажыццяўляцца выразны парламенцкі кантроль за рашэннямі, прынятымі кіраўнікамі дзяржаў, урадаў і кіраўнікамі профільных міністэрстваў і ведамстваў.

«Другое — тое, што датычыцца ўніфікацыі і гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў. Прымаюцца мадэльныя законы, яны, у прынцыпе, нядрэнныя, мы іх улічваем у сваёй практычнай дзейнасці, але што прымаюць нацыянальныя парламенты, — мы не ведаем. Няма зваротнай сувязі», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. З улікам гэтага спікер прапанаваў праводзіць у краінах, якія ўзаемадзейнічаюць у МПА СНД, маніторынг, які пакажа, наколькі эфектыўна ажыццяўляецца ўлік палажэнняў мадэльных законаў, якія прымаюцца. Ён упэўнены, што гэта будзе спрыяць фарміраванню агульных рынкаў у розных сферах, стварэнню роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання і грамадзян Садружнасці. «Калі для гэтага спатрэбіцца пашырэнне пэўных паўнамоцтваў, мною было сказана, што пры адпаведным абгрунтаванні мы будзем зацікаўлены разглядаць гэтыя прапановы і, магчыма, надзяляць інтэграцыйныя органы нейкімі паўнамоцтвамі», — заявіў спікер.

Жывыя інвестыцыі ў «Вялікі камень»

Падчас сустрэчы з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Пінам спікер верхняй палаты беларускага парламента заявіў, што плануе наведаць Кітай пасля XІX з'езда Камуністычнай партыі гэтай краіны. Да візіту Міхаіла Мясніковіча ў КНР ХІХ з'езд Камуністычнай партыі скончыць сваю работу, у сувязі з чым можна будзе весці дыялог на прынцыпова новай платформе, якую выпрацуюць удзельнікі гэтага з'езда. Акрамя таго, беларускі бок прапануе па выніках візіту беларускага парламентарыя падпісаць сумеснае камюніке, праект якога ўжо накіраваны ва Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў для ўзгаднення. Плануецца таксама падпісанне адпаведнага пагаднення на ўзроўні парламенцкіх груп дружбы.

Падчас сустрэчы Міхаіл Мясніковіч выказаў думку, што Беларусь зацікаўлена ў прамых замежных інвестыцыях.
«У нас знаходзіцца ў рабоце вялікі праект Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка пад назвай «Вялікі камень». Чаканні ад гэтага праекта вельмі вялікія, і мы разлічваем на больш актыўную інвестыцыйную дзейнасць кітайскіх кампаній», — падкрэсліў ён.

Праз Беларусь — на рынак ЕАЭС

Тэма інвестыцый была закранута і падчас перагавораў са старшынёй Народнай скупшчыны (парламента) Сербіі Маяй Гайковіч. У цэлым, на думку Міхаіла Мясніковіча, беларуска-сербскія адносіны выбудоўваюцца эфектыўна, у тым ліку дзякуючы ўплыву Сербіі ў Еўропе.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу на магчымасці, якія адкрываюцца для Сербіі як беларускага партнёра ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. «Беларусь з'яўляецца актыўным членам ЕАЭС, куды таксама ўваходзяць Расія, Казахстан, Арменія і Кыргызстан, у нас агульны рынак, практычна без выключэнняў і абмежаванняў, і, калі сербскі бізнес прысутнічае на беларускім рынку, можна лічыць, што ён прысутнічае і на рынку іншых краін інтэграцыйнага аб'яднання», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

І нафта, і газ, і сельская гаспадарка

А егіпецкі бок прапанаваў нашай краіне прыняць удзел у рэалізацыі буйных нафтагазавых праектаў у Чырвоным і Міжземным морах. Пра гэта заявіў старшыня парламента Егіпта Алі Абдэль Аль на сустрэчы з Міхаілам Мясніковічам. Беларускі бок мог бы прыняць удзел у ажыццяўленні праекта новай сталіцы Егіпта. «І мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве па рэалізацыі ўсяго цыкла праектаў, звязаных з сельскай гаспадаркай, у тым ліку будаўніцтва элеватараў і заводаў па вытворчасці, апрацоўцы і ўпакоўцы сельскагаспадарчых прадуктаў», — запэўніў Алі Абдэль Аль. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак супрацоўніцтва — інвестыцыі, якія накіроўваюць беларускія кампаніі і бізнесмены ў эканоміку Егіпта, а таксама работа ў межах супрацоўніцтва з ЕАЭС.

Міхаіл Мясніковіч запэўніў старшыню парламента, што Беларусь надае вялікае значэнне развіццю адносін з Егіптам. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на важнасці адкрыцця ў Мінску егіпецкага пасольства, бо гэта «спрыяла б стварэнню адпаведнай дыпламатычнай інфраструктуры для нарошчвання супрацоўніцтва».

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі галоўнае — узаемаразуменне

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.