Вы тут

Магілёўскія дэпутаты ацанілі патэнцыял вобласці


ІT-тэхналогіі ўсё больш актыўна ўкараняюцца ў наша жыццё. Яны прымяняюцца ў сістэмах адукацыі, ЖКГ, аховы здароўя, іншых сферах дзейнасці і дазваляюць істотна эканоміць час і грошы. У сваім сёлетнім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адным з галоўных напрамкаў назваў паўсюднае ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій. У Магілёўскай вобласці падсумавалі, што робіцца ў гэтым кірунку, і намецілі шляхі далейшага ўдасканалення. Пытанне аб мерах, якія прымаюцца выканаўчымі і распарадчымі органамі вобласці па будаванні і развіцці ў грамадстве тэлекамунікацыйнай інфраструктуры, было разгледжана на трыццатай сесіі абласнога Савета дэпутатаў.


Яшчэ да пачатку пасяджэння ў фае канферэнц-залы можна было ўбачыць прыклады прымянення інфармацыйных тэхналогій школамі, установамі аховы здароўя, прадпрыемствамі, якія ідуць у нагу з часам і актыўна ўкараняюць на сваіх тэрыторыях усё самае найноўшае і перадавое. Напрыклад, відэакамеры вучэбнай лабараторыі «Заасад» Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа імя К. Арлоўскага дазваляюць у рэальным часе дэманстраваць на ўвесь свет, як жывуць жывёлы ў Буйніцкім заасадзе.

— Нас можна ўбачыць у любым куточку зямлі — Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, — з натхненнем расказваў дырэктар установы Георгій Маліноўскі пра плюсы відэасістэмы. — Наш гонар — зубры, гэта сапраўдныя волаты, равеснікі каменнага веку. Яны жывуць у натуральных умовах, 160 гектараў у іх распараджэнні. І ў той жа час мы актыўна прапаноўваем вельмі важную для чалавецтва ідэю: шануйце жывёльны свет, як гэта робім мы, беларусы.

Прадпрыемства «Белтэлекам», добра вядомае нам па шэрагу паслуг, перш за ўсё такіх, як BуFlу і ZАLА, дэманстравала свой новы трэнд — разумны дом.

— Гэта сістэма дазваляе кантраляваць усё, што адбываецца ў вашай кватэры або офісе, — расказаў начальнік па рабоце з ключавымі кліентамі Магілёўскага філіяла «Белтэлекам» Уладзімір Цой. — Яна прадстаўляе сабой кантролер і тры датчыкі — адкрыцця дзвярэй, дыму, руху. Падключаеце яе да інтэрнэту і ўсталёўваеце на сваім тэлефоне праграму. З яе дапамогай кантралюеце ўсё, што адбываецца ў кватэры. Калі вашы дзверы адчынілі ці там нешта задымілася, сістэма адразу ж вам паведаміць на мабільны або камп'ютар. Акрамя гэтага, можна дабавіць іншыя датчыкі і атрымаць дадатковыя паслугі.

Наогул, рынак тэлекамунакацыйных паслуг у Магілёўскай вобласці развіваецца ў адпаведнасці з галоўнымі мерапрыемствамі дзяржпраграмы. Ідзе планамернае падключэнне юрыдычных асоб, дзяржаўных арганізацый і ўстаноў да адзінай інфармацыйна-телекамунікацыйнай інфраструктуры краіны. Дырэктар Магілёўскага філіяла прадпрыемства «Белтэлекам» Валерый Барысавец падкрэсліў, што будаўніцтва оптавалаконных ліній з прымяненнем тэхналогіі GRОР дазваляе аказваць шэраг якасных тэлекамунікацыйных паслуг і сэрвісаў, у тым ліку па адукацыі, ахове здароўя.

Віталь Ігнатовіч, начальнік кіраўніцтва спраў Магілёўскага аблвыканкама, падрабязна азнаёміў прысутных з тэмпамі інфарматызацыі ў розных сферах дзейнасці. Каля двух дзясяткаў устаноў адукацыі Магілёва, Шклоўскага і Клімавіцкага раёнаў ужо працуюць з сэрвісам «Электронны дзённік/электронны журнал». У стадыі далучэння знаходзяцца школы Бабруйска, Бялыніцкага, Быхаўскага, Крычаўскага, Клічаўскага, Мсціслаўскага, Асіповіцкага раёнаў.

У магілёўскай школе №45 рэалізаваны праект «Карта навучэнца», які дае магчымасць школьніку выкарыстоўваць электронны дакумент у якасці пропуска ў школу, білета чытача і можа нават замяніць праязны ў грамадскім транспарце. Трэба толькі, каб гарсавет дэпутатаў Магілёва прыняў адпаведнае рашэнне.

Актыўна далучаюцца да інфармацыйных тэхналогій установы аховы здароўя. Да пілотнай зоны функцыянавання аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы абароту электронных рэцэптаў падключаны ўсе паліклінікі Магілёва, абласны лячэбна-дыягнастычны цэнтр, Бабруйская гарадская паліклініка №3. На 9 кастрычніка ў Магілёве было выдадзена 33,5 тысячы электронных картаў і выпісана 46 тысяч электронных рэцэптаў. У Бабруйску адпаведна 10 і 18 тысяч. На адрас Міністэрства аховы здароўя накіраваны ліст з просьбай разгледзець магчымасць далучыць да пілотнай зоны яшчэ некалькі арганізацый вобласці, дзе створаны неабходныя тэхнічныя ўмовы.

Інфармацыйная прастора органаў мясцовага кіравання і самакіравання Магілёўскай вобласці прадстаўляе сабой карпарацыйную інфармацыйную сетку, дзе ўзаемадзейнічаюць 22 падраздзяленні аблвыканкама і дзяржарганізацый, два гарвыканкамы, адміністрацыі раёнаў Магілёва і Бабруйска і 21 райвыканкам, да якіх падключаны 179 мясцовых Саветаў дэпутатаў, у тым ліку 155 сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Для больш эфектыўнага выкарыстання народнымі абраннікамі інфармацыйных тэхналогій у рабоце з грамадзянамі Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў рэкамендаваў гарадскім і раённым выканаўчым камітэтам як мага часцей размяшчаць на сайтах інфармацыю аб дзейнасці дэпутатаў базавага і пярвічнага ўзроўняў, удасканаліць стылістыку сайтаў для зручнасці навігацыі карыстальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі, прадугледзець распрацоўку мабільнай версіі сайтаў. Слушныя парады былі дадзены ўсім, ад каго залежыць развіццё інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай інфраструктуры вобласці.

Усяго на сесіі было разгледжана 17 пытанняў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Поруч з інфармацыйнымі тэхналогіямі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».