Вы тут

Чаму прыватнікі не прадаюць харчовыя тавары?


Сёння галоўным гарантам сацыяльных стандартаў па харчаванні выступае Белкаапсаюз. Ён адзіны забяспечвае аддаленыя населеныя пункты таварамі першай неабходнасці ва ўсіх рэгіёнах краіны. Так, у Пінскім раёне шэсць аўтакрам абслугоўваюць 77 вёсак. Канкурэнтам яму мог бы стаць адзін з буйных рытэйлераў, які таксама запусціў праект па ахопе перасоўным гандлем вясковых населеных пунктаў. Пра плюсы і мінусы такой канкурэнцыі мы пагаварылі з галоўным спецыялістам аддзела эканомікі Пінскага райвыканкама Таццянай ПІСКУН.


— На сёння ў раёне абсалютная большасць прадуктовых крам належыць Пінскаму райпо: 129 з 198, — канстатуе суразмоўнік. — Зарэгістравана толькі 19 прыватных уладальнікаў, у некаторых з іх адкрыта некалькі гандлёвых пунктаў. Але адзіная прыватная крама, дзе прадаюцца харчовыя тавары, якая адкрылася ў апошнія два гады, — гэта крама буйной гандлёвай сеткі «Еўраопт».

Чаму? Адказы могуць быць розныя. Напрыклад, для малога бізнесу непрадуктовую краму адкрыць лягчэй: тавар не псуецца. Да таго ж, калі ў харчовай краме прадаваць алкаголь, неабходна будзе гэта ўзгадніць з РУУС і ўстанавіць камеры відэаназірання. Падчас нашай размовы з Таццянай Піскун у аддзел эканомікі заходзіў мужчына, які плануе адкрыць шынамантаж і краму з будматэрыяламі і запчасткамі. Такое здараецца не кожны дзень, але мясцовыя жыхары спрабуюць зарабляць менавіта праз продаж непрадуктовых тавараў.

З грамадскім харчаваннем сітуацыя прыкладна такая ж, як з прадуктовымі крамамі. З прыватных прадпрыемстваў — толькі кавярня ў аграгарадку Малоткавічы ды летняе кафэ ў вёсцы Пагост Загародскі. Прыдарожны сэрвіс на запраўках аўтадарогі М10 перайшоў на работу пад заказ. У выніку застаюцца толькі кавярні райпо. Даволі часта на святы яны таксама закрываюцца на спецабслугоўванне, а штодзённы запыт не такі вялікі. Магчыма, тут існуе ніша, каб прыйшоў новы прыватнік, каб зрабіць канкурэнтнае асяроддзе і павысіць якасць абслугоўвання. Але разам з якасцю падрастуць і цэны, па якіх жыхары, магчыма, не згодзяцца плаціць. Таму ніхто з прыватнікаў і не спяшаецца рызыкаваць.

Але можна пайсці ад адваротнага. Што будзе, калі гандлёвыя сеткі прыйдуць у раёны і зоймуцца аддаленымі населенымі пунктамі? Па-першае, ёсць рызыка, што райпо не вытрымае канкурэнцыі. Лагічна, што новыя прыватныя аўтакрамы ці стацыянарныя пункты будуць прапаноўваць асартымент шырэйшы, і тым самым прывабліваць пакупнікоў. Што ў іх, магчыма, атрымаецца, і ў крам райпо пачнуцца сапраўды цяжкія часы. Але пры гэтым пракантраляваць прыватнікаў будзе немагчыма. Гандлёвыя пункты райпо павінны выконваць сацыяльныя стандарты і забяспечваць насельніцтва самым
неабходным. У кожнай аўталаўцы знойдзецца малако, мяса, масла і іншыя прадукты з пераліку. І працуюць яны строга па раскладзе. Калі нават здараецца нешта надзвычайнае — захварэе прадавец ці паламаецца машына, — праблема вырашаецца даволі аператыўна. Зноў жа дзякуючы сацыяльным стандартам гандаль райпо ахоплівае нават хутар, дзе жывуць два чалавекі. У прыватнікаў жа такіх абавязкаў няма. І, як любыя бізнесмены, яны вязуць тавар, зыходзячы з прыбытку. Калі па нейкай прычыне рабіць гэта ў пэўны населены пункт стане непрыбыткова, прыватная крама туды не паедзе. Тым больш нярэдка састарэлыя нешматлікія жыхары нічога, акрамя хлеба, не купляюць.

Для райпо цягнуць за сабой непрыбытковыя крамы таксама не выгадна. У цэлым, згодна са статыстыкай па раёне, працуе спажыўкааперацыя ў плюс, ды і прагноз — на рост. Але за статыстыкай налічваецца дзевяць аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, — гэта крамы, якія зачыніліся. Некаторыя пункты працуюць толькі да 14 ці 16 гадзін. Знайсці новага прадаўца, калі стары звольніўся, — таксама праблема: моладзь з вёсак з'язджае, а бабулі і дзядулі, вядома, працаваць ужо не пойдуць. Ды і яшчэ заробак не вельмі, мякка кажучы, вялікі. У аўтакраме таксама не кожны згодзіцца ездзіць у любое надвор'е і гандляваць амаль на вуліцы.

На самай справе ў такой сітуацыі, калі ёсць пэўны запыт з боку насельніцтва датычна разнастайнасці асартыменту і крамаў, у дзяржавы ёсць вопыт, стандарты і неабходнасць іх выконваць, а ў бізнесу — ініцыятыва ва ўсё гэта ўцягнуцца, павінен нарэшце запрацаваць механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Калі на вызначаных умовах пэўныя гандлёвыя сеткі маглі б узяць на сябе абавязкі па забеспячэнні харчам нейкіх населеных пунктаў, разгрузіць райпо так, каб гэта было выгадна абодвум бакам, і працаваць сабе ў прыбытак, выконваючы пры гэтым сацыяльныя стандарты.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Булка хлеба для бабулі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».