Вы тут

Мох і лішайнікі: як абараніць пладовыя дрэвы


Садовыя дрэвы, пакрытыя мохам і лішайнікамі, запавольваюць рост, дрэнна пладаносяць, з часам іх галіны засыхаюць і адміраюць. Як жа абараніць дрэвы?


Працэдуры па ачыстцы дрэў варта праводзіць ранняй вясной, калі на іх яшчэ не набраклі пупышкі (звычайна ў сакавіку), і позняй восенню, калі сабраныя апошнія плады (у лістападзе). Пры гэтым перад восеньскай апрацоўкай трэба абавязкова сабраць і спаліць апалае лісце.

Калі пладовыя дрэвы, на якіх ужо распусціліся пупышкі, апрацаваць прэпаратамі, то гэта прывядзе да гібелі расліны.

Як і чым апрацаваць?

Прыгатуйце раствор жалезнага купарвасу ў прапорцыі 50 г на 1 л вады і апрацуйце ствалы і шкілетныя галіны дрэў. Праз тыдзень лішайнікі і імхі павінны адпасці самастойна. Таксама не забудзьцеся апрацаваць зямлю пад дрэвамі, бо жалезны купарвас — выдатны сродак прафілактыкі розных хвароб пладовых дрэў.

Калі на паверхні дрэў усё ж такі засталіся лускавінкі лішайнікаў і імхоў, выдаліце іх механічным спосабам. Рассцяліце пад раслінамі кавалкі плёнкі або тканіны і паскрабіце паверхню ствала і галінак драўлянай лапаткай, шчоткай або старой мешкавінай.

Пры ачыстцы пладовых дрэў не выкарыстоўвайце металічныя скрабкі: яны могуць траўмаваць кару. Кавалкі лішайніка і моху, якія адпалі, збярыце і знішчыце.

Выратуе прарэджвальная абрэзка

Калі ваш сад запушчаны моцна, практычна ўсе дрэвы пакрытыя лішайнікам і мохам, то перад пачаткам працэдуры ачысткі неабходна правесці санітарную высечку. Паколькі некаторыя дрэвы могуць быць настолькі моцна пашкоджаны лішайнікам, што чысціць іх будзе бессэнсоўна.

Старанна даследуйце кожнае дрэва і абрэжце зарослыя галінкі. Акрамя таго, не забывайце рабіць пастаяннае прарэджвальнае абразанне садовых дрэў, каб іх кроны не загушчаліся. Гэта добра паўплывае на дадатковы прыток паветра і святла. У такім садзе не будзе падвышанай вільготнасці і, адпаведна, празмерных параснікаў імхоў і лішайнікаў.

Пасля прарэджвання механічным спосабам (саскрабаннем) здыміце буйныя часткі лішайнікаў і імхоў. Затым прыгатуйце раствор меднага купарвасу: 350—500 г парашка растварыце ў 10 л вады.

Спачатку парашок купарвасу старанна размяшайце ў невялікай колькасці гарачай вады, а затым, пакрысе падліваючы халодную ваду, давядзіце да патрэбнага аб'ёму.

Гэтым саставам апрацоўваюць дрэвы гэтак жа, як і жалезным купарвасам. Апрацоўка растворам менавіта ў такой канцэнтрацыі праводзіцца адзін раз у 5 гадоў. А часам дастаткова аднаго разу — і ваш сад назаўжды пазбавіцца ад імхоў і лішайнікаў.

Лёгкі метад ачысткі

Калі вашы садовыя дрэвы не моцна пакрытыя нарастамі, то можна скарыстацца больш простым метадам чысткі: змяшайце 1 кг солі, 2 кг драўнянага попелу, натрыце ў гэтую сумесь 2 кавалкі гаспадарчага мыла, заліце 10 л гарачай вады, давядзіце да кіпення, астудзіце і абмажце атрыманым саставам ствалы дрэў.

Калі лішайнікі ў вашым садзе з'яўляюцца перыядычна, то скарыстайцеся прафілактычным антыгрыбковым прэпаратам. Яго разводзяць у адпаведнасці з інструкцыяй і наносяць на дрэвы ранняй вясной.

Пасля ачысткі неабходна правесці вапнавую пабелку ствалоў дрэў. Раствор можна прыгатаваць самастойна (1,5—2 кг гашанай вапны развесці ў 10 л вады) або выкарыстоўваць гатовыя сумесі.

Улічыце: акрылавую пабелку не рэкамендуецца наносіць на маладыя дрэвы.

Пабелку праводзяць пры сухім надвор'і (восенню або ранняй вясной) пры тэмпературы паветра не ніжэй за 2 °С. Папярэдне варта замазаць усе раны і зрэзы на дрэвах садовым варам.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.