Вы тут

Часовыя захапленні могуць перарасці ў нешта большае


На ўездзе ў аграгарадок Шайтарава Верхнядзвінскага раёна мінакоў сустракае дэкаратыўная скульптура: швейная машынка, ад якой цягнецца «палатно», высаджанае кветкамі. На думку старшыні Шайтараўскага сельсавета Таццяны Разумнай, для іх мясцовасці гэта вельмі сімвалічнае ўпрыгажэнне. Каляровая стужка тканіны можа сімвалізаваць і аднаўленне таго, што ўжо было, і нешта абсалютна новае, створанае майстравітымі рукамі мясцовых жыхароў.


Адценні слодычы

Вакол дома Ігара і Людмілы Касарэўскіх акуратны кветнік, сваімі рукамі сужэнцы пабудавалі альтанку, лазню. З вясны да восені радуюць вочы дагледжаныя грады і сад.

Дом на льготных умовах дапамагла купіць дзяржава, калі ў сям'і нарадзілася трэцяе дзіця — дачушка Паліна. Не так даўно ў дзяўчынкі з'явіўся яшчэ і малодшы брацік.

— Вялікую сям'ю не планавалі, але вядома ж, што дзе трое, там і чацвёра. З чатырма дзецьмі клопату хапае, так што прывучалі з маленства любую работу рабіць разам. Старэйшыя хлопцы станавіліся «нянькамі» для малодшых дзяцей, муж дапамагае па гаспадарцы. Ніхто не дзеліць абавязкі на «жаночыя» і «мужчынскія», — расказвае Людміла.

Гаспадыня сама вырасла ў шматдзетнай сям'і. Маці ўвесь час на працы, гаспадарка вялікая, так што дзеці вучыліся самі сябе даглядаць. Вось і цяпер старэйшы сын не лічыць за дзіва памыць падлогу, а маленькая Паліна «дапамагае» маме на кухні.

Акрамя звыклых кашы і супоў Людміла гатуе і дэсерты. Пачалося ўсё з таго, што захацелася пацешыць малых салодкім. Кожны ласунак маладой мамы — сапраўдная скульптура: ад «класічных» кветкавых палян на круглай аснове, да калматых крэмавых сабачак, машынак і прынцэс у пышных сукенках. Ёсць і ўнікальныя работы для асаблівых імяніннікаў, якія не знойдзеш ні ў адной кандытарскай краме, напрыклад букет кветак або «кубак з півам».

— Бывае, што сябры просяць зрабіць торт да свята. Я распытваю аб пажаданнях пра смак і выгляд. Аднойчы гатавала торт на вяселле з кветкамі і фігуркамі, а потым чула, як госці дзяліліся ўражаннямі. Гэта падбадзёрвае, прыемна ведаць, што некаму твая праца прыйшлася даспадобы.

Кулінарыць Людміла па поклічы душы і за добрае слова. Напачатку да яе захаплення муж паставіўся насцярожана: ласункі адымаюць багата часу, ды і сродкі на спецыяльныя прыстасаванні для гатавання патрэбны. Але потым зразумеў, як важны для жонкі яе занятак. Зрэшты і сам мужчына знаходзіць час, каб дадаць дому ўтульнасці — дабудоўвае, рамантуе, майструе.

Легканогая мара

У Верхнядзвінскі раён Уладзімір Азарка пераехаў з-пад Нясвіжа. Тады мужчына працаваў кіроўцам на меліярацыйных работах і займець уласную кватэру, хай і ў іншай мясцовасці, падавалася добрай ідэяй. Аднак гарадское жыццё і ўлюбёны занятак цяжка сумяшчаліся, таму Уладзімір набыў вясковую хату ў Шайтараўскім сельсавеце. Цяпер днём ён развозіць дзяцей па школах на аўтобусе, а вольны час аддае догляду за коньмі. Іх, дарэчы, у гаспадарцы шэсць.

— Колькі сябе малым помню, заўсёды бацькі трымалі коней, — дзеліцца ўспамінамі Уладзімір. — Калі сюды пераехаў, то вырашыў, што таксама буду гадаваць коніка — для душы. А потым, як гэта бывае, пазнаёміўся з іншымі аматарамі, набыў яшчэ аднаго. Так паступова прыйшоў да думкі, што можна арганізаваць катанне, тым больш у людзей якраз з'явілася цікавасць да выездаў «пад даўніну».

Сябры падзяліліся досведам. З іх дапамогай Уладзімір змайстраваў брычку, купіў вупраж і збрую. Сельсавет дапамог афіцыйна зарэгістраваць дзейнасць як паслугі аграэкатурызму без магчымасці пражывання.

Цікава назіраць, як грацыёзныя жывёлы прыбягаюць на свіст гаспадара. Уладзімір тлумачыць, што чужых людзей гадаванцы не баяцца, бо ведаюць, што іх не пакрыўдзяць, наадварот, турысты часам прывозяць для іх пачастунак — садавіну ці агародніну. Сена на зіму даводзіцца купляць — нарыхтаваць столькі травы сваімі сіламі цяжка. Мясцовы хлебазавод у якасці корму выдзяляе рэшткі пасля выпякання хлеба, так званыя скарынкі.

Сама болей наведвальнікаў бывае летам, калі з горада вяртаецца моладзь і расійскія турысты зазіраюць на сельскую экзотыку. Як заўважае гаспадар, хлопцы да жывёл, звычайна, абыякавыя, а вось дзяўчаты часта становяцца добраахвотнымі памочнікамі і з задавальненнем клапоцяцца пра коней: дапамагаюць карміць, бінтуюць ногі.

— Калі першы раз запрагаў вазок у горад на свята, то хваляваўся нават больш, чым калі падаваў заяву на афармленне турыстычных паслуг. Было трывожна, бо з непрывычкі коні маглі спалохацца натоўпу, нечаканых гукаў. Я дома нават каляровыя шарыкі навязваў, каб хоць крыху звыклі, — усміхаецца Уладзімір.

Цяпер турыстычная конная траса праходзіць ад панадворка аматара з Шайтараўшчыны цераз лес да суседняй вёскі Барсукі. Маляўнічы маршрут дапамаглі пракласці работнікі лясгаса. Часта экіпаж заказваюць маладыя, каб праехаць на конях цераз мост.

Тры крокі насустрач

— Важна не адбіць у чалавека ахвоты займацца любімай справай, — разважае старшыня сельсавета Таццяна Разумная. — Мы гатовыя растлумачыць пэўныя юрыдычныя моманты, дапамагчы з афармленнем дакументаў, калі чалавек мяркуе стаць індывідуальным прадпрымальнікам або займацца справай проста так, без ухілу ў бізнес. Чым выдатныя людзі, якія знайшлі сябе ў пэўнай дзейнасці? Іх не трэба прасіць двойчы аб дапамозе, калі сельсавет шукае памочнікаў або праходзіць нейкае святочнае мерапрыемства. Адпаведна, і мы стараемся іх падтрымаць са свайго боку. Дапамагаем з дастаўкай будаўнічых матэрыялаў, кармоў, сочым, каб нашым актывістам прадпрыемствы не завышалі кошты на паслугі.

Цікава, што работа сельсавета з нядобранадзейнымі сем'ямі таксама грунтуецца на пошуку заняткаў. Першы пункт рэабілітацыі звязаны з індывідуальным падыходам. Праблемную сям'ю наведваюць медыцынскія работнікі, псіхолаг. Другі крок — гэта ўладкаванне на работу. Важна, каб падапечны меў пастаяннае месца працы і магчымасць зарабляць. Крок трэці — гэта агульнае вывучэнне праблемы і наладжванне спрыяльнага асяроддзя. Калі гаспадары даглядаюць гародчык, жывёлу, то ім ужо нецікава цягнуцца да чаркі.

— Заўважалі неаднаразова: калі ў чалавека ёсць блізкая сэрцу справа, то і на рабоце, і дома ён будзе прыкладам, — кажа Таццяна Разумная. І паспрачацца з ёй цяжка.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Запрэгчы» мару

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».